Нацыянальныя суполкі, якія дзейнічаюць у нашай краіне, — гэта самы талерантны складнік грамадзянскай супольнасці Беларусі

Умеем жыць у згодзе

Нацыянальныя суполкі, якія дзейнічаюць у нашай краіне, — гэта самы талерантны складнік грамадзянскай супольнасці Беларусі


Помнік ахвярам Халакосту

Выступаючы на пасяджэнні круглага стала “Роля і месца нацыянальных аб’яднанняў у зберажэнні ды ўмацаванні міру і згоды ў Рэспубліцы Беларусь”, які праходзіў у Мінску, я падкрэсліла: сама беларуская дзяржава пастаянна задае высокі, даверлівы ўзровень дыялогу ў выбудоўванні цывілізаваных стасункаў паміж тытульным і нятытульным этнасамі. Не памылюся, калі скажу: любы замежны эксперт, палітык, дзяржаўны дзеяч, які думае, жыве па законах сумлення, пагодзіцца з такім тэзісам. Кіруючая палітычная эліта нашай Бацькаўшчыны лічыць, што ёсць беларусы ў шырокім сэнсе слова і беларусы ў вузкім сэнсе слова. Першае значэнне — гэта сукупнасць усіх грамадзян нашай краіны, другое — гэта людзі, у якіх у савецкі час пяты пункт у пашпарце быў сфармуляваны як “беларус”, “беларуска”. Як вядома, акрамя этнічных беларусаў на гэтай зямлі здаўна, стагоддзямі жывуць прадстаўнікі іншых народаў. Гэта гістарычная рэальнасць. Наша Бацькаўшчына называецца Беларуссю — па назве тытульнага этнасу. А мы, прадстаўнікі этнасаў нятытульных, і ёсць беларусы ў шырокім сэнсе слова. І гэта проста выдатна! У такім паважлівым стаўленні да грамадзян іншай нацыянальнасці на дзяржаўным узроўні я бачу і адну з галоўных прычын захавання міру і згоды паміж усімі народамі Беларусі. Я б нават сказала: мы маем справу з такім феноменам, як Аб’яднаныя Нацыі Беларусі.

Ведаю многіх актывістаў з розных этнасуполак. Заўважала, што звычайна сябар нацыянальнага аб’яднання разважае так: спачатку я беларус у шырокім сэнсе слова, а затым — яўрэй, украінец, татарын... І гэта норма для сучаснай Беларусі. Такі вобраз мыслення ставіць трывалы заслон для крайняга нацыяналізму, грэблівага стаўлення да прадстаўнікоў іншых народаў. Тэзіс пра беларусаў у шырокім сэнсе слова арганічна суадносіцца з акцэнтам на агульначалавечыя каштоўнасці ў ідэалогіі беларускай дзяржавы. І тое, і другое мае важнае значэнне для прадстаўнікоў ўсіх этнасупольнасцяў Беларусі, яе шматнацыянальнага народа.


Пры адкрыцці помніка ахвярам нацызму выступае ветэран вайны Віктар Цесавец

Я ўзначальваю Салігорскае яўрэйскае грамадскае аб’яднанне. Наша суполка пастаянна атрымлівае дзейсную падтрымку з боку ўладных структур, іншых этнасуполак. І найбольш яскрава тое праявілася, калі вырашалася пытанне аб увекавечанні памяці ахвяр Халакосту ў нашых мясцінах.

Сёлета былі адкрыты два помнікі ў вёсцы Пагост нашага раёна. Спагадлівасць сярод неяўрэяў была такою, што я згадвала словы Віктора Гюго: “Тое, што памерла як рэальнасць, жывое як навучанне”. Мяне кранула і ўсхвалявала, што на адкрыцці помнікаў здзяйснялі культавыя дзеі прадстаўнікі розных рэлігій. Да і не сакрэт, што іудаізм, хрысціянства, іслам выраслі з аднаго кораня.


Помнік у вёсцы Пагост
Для нас, актывістаў этнасуполак, нацыянальнасць і вера — гэта тое, што робіць чалавека адметным. Непаўторным. Мы часта гасцюем на святах, якія арганізуюцца іншымі суполкамі, а яны прыходзяць на нашыя святы. Калі сябры з іншых этнасуполак ядуць з намі мацу, далучаюцца да тых, хто танцуе “Сем сорак”, спявае “Хава нагіла” — я, паверце, адчуваю душэўны камфорт. Бачыла: у славянскіх жанчын слёзы накатваліся, калі яны слухалі песню “Аідэшэ мамэ”. Мацуе міжнацыянальную згоду і тое, што неяўрэі цікавяцца праўдзівай гісторыяй пра яўрэйскі народ. Наша суполка, напрыклад, спрычынілася да выхаду кнігі прафесара, доктара навук Міхаіла Стральца “Евреи Германии: история и современность”.

Пра тое, што ў Беларусі высокакультурнае, талерантнае грамадства, сведчаць і многія змешаныя шлюбы, калі муж і жонка не адной нацыянальнасці. Падобныя сем’і пераважаюць і ў нашай суполцы. Я ніколі не чула, каб паміж мужам і жонкай быў канфлікт з-за ўдзелу ў справах грамады. А сакрэт, падаецца мне, просты: ён у тым грамадскім клімаце, у той міжнацыянальнай сітуацыі пад назвай “Аб’яднаныя Нацыі Беларусі”, якая стагоддзямі стваралася на беларускіх землях — і цяпер умела падтрымліваецца ўладамі беларускай дзяржавы.

Этнааб’яднанні ў Беларусі цяпер узначальваюць прадказальныя лідэры без экстрэмісцкіх настрояў. Яны адэкватна ацэньваюць і межы, і магчымасці грамадзянскай супольнасці ў выбудоўванні цывілізаваных этнаканфесійных адносін. Выяўляючы разважлівасць і мудрасць, яны ніколі не апускаюцца да таго, каб разыгрываць нейкія фобіі. Я ўвесь час пераконваюся ў тым, маючы з імі сяброўскія зносіны.

Яўгенія Яфімава, старшыня праўлення Салігорскага яўрэйскага грамадскага аб’яднання

Ад рэдакцыі


Нататкі падрыхтаваны паводле выступлення Яўгеніі Яфімавай на нядаўнім круглым стале. Мерапрыемства тое, нагадаем, прайшло ў Мінску, ладзілі яго Міністэрства юстыцыі з удзелам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, у зале былі актывісты, прадстаўнікі больш чым 30-ці нацыянальных грамадскіх суполак, зарэгістраваных у Беларусі. Наша газета пісала пра падзею ў тэксце “Дыялог вядзе да згоды” (ГР, 11.11.2016).

Яўгенія Васільеўна патлумачыла: два новыя помнікі ў вёсцы Пагост устаноўлены замест ранейшых, старых, пастаўленых з цэглы яшчэ ў 1944 годзе. Надпісы на іх сведчаць пра колькасць яўрэяў, расстраляных гітлераўцамі: 440 і 180 чалавек. Новыя помнікі ўзведзены пры ўдзеле Фонду імя Саймана Майкла Лазаруса (Вялікабрытанія). “Нікога не пакінулі абыякавымі ўспаміны сведкаў трагедыі: заслужанай настаўніцы Беларусі Людмілы Дубоўскай і настаўніка Віктара Цесаўца, — так пісала пра падзею газета “АВИВ”. — Аддаць даніну памяці расстраляным прыйшлі таксама мясцовыя жыхары і школьнікі”. Як расказала Яўгенія Яфімава, адна з ініцыятарак аднаўлення помнікаў — мясцовая жыхарка Людміла Іванаўна Дубоўская. Гэта яна, сведка трагедыі, прасіла актывістаў Салігорскага яўрэйскага грамадскага аб’яднання прыкласці ўсе намаганні, каб яшчэ пры яе жыцці ў Пагосце з’явіліся новыя помнікі, бо сярод расстраляных былі і яе школьныя сябры. Дома Людміла Іванаўна зберагае здымкі тых аднакласнікаў, з якімі разам у 1941-м закончыла восьмы клас. Сведкам трагедыі быў і Віктар Цімафеевіч Цесавец, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з вёскі Чыжэвічы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter