Уладара Палесся знойдуць на падворках

На покліч прыпяцкіх берагоў прыедуць народныя майстры з Расіі, Украіны, Польшчы і Малдовы

Маладая сям’я ГОЛІК з петрыкаўскай вёскі Брынёў у гэтыя дні ў творчым пошуку. Марына з мужам і трохгадовым сынам Аляксандрам хвалююцца. Яны збіраюцца абараняць гонар свайго раёна, аднаго з 11 раёнаў—удзельнікаў «Зова Полесья» на конкурсе маладой сям’і «Уладар Палесся». Ладзіцца гэты конкурс упершыню, як і некалькі новых «фішак», якімі парадуе сёлетні фэст у Ляскавічах.



Марына і Уладзімір ГОЛІК з сынам Аляксандрам збіраюцца заваяваць у Ляскавічах галоўны прыз


«Уладар Палесся» складваецца з чатырох конкурсных этапаў. Маладым сем’ям трэба будзе зрабіць вупраж каня і аформіць воз, хутчэй за ўсіх распілаваць палена, распаліць вогнішча і прыгатаваць узвар. Аднак больш за ўсё даспадобы Марыне Голік самае творчае заданне — прэзентацыя сям’і і вусная візітоўка:

— Мы з мужам па спецыяльнасці не работнікі культуры, але нешта прыцягнула нас у сельскі клуб. Уладзімір уладкаваўся сюды мастацкім кіраўніком. Я заўсёды дапамагаю мужу, калі робім святочныя канцэрты і вечарыны: пішу сцэнарыі, стаўлю танцы. Таму і візітоўку на «Уладара Палесся» робім разам. Што ўвойдзе ў яе аснову — пакуль сакрэт.

Гісторыя кахання Марыны і Уладзіміра — рамантычна-звычайная. Самі з адной вёскі, з адной школы, разам — за здаровы лад жыцця, кожны год удзельнічаюць у турыстычных злётах. Марына нядаўна выйшла з дэкрэту, уладкавалася на працу ў Брынёўскую школу настаўнікам біялогіі. Чаму б і не стаць сям’і Голік уладарамі Палесся? Муж і жонка не дапускаюць нават і думкі, каб змяніць сельскую прапіску на гарадскую. «Не гарадскія мы жыхары: у вёсцы ж нават і паветра чысцейшае, лепшае, — гавораць яны. — Пакуль збіраемся жыць у Брынёве, але, на жаль, з кожным годам вёска становіцца менш перспектыўнай. Можа, у будучым пераедзем у аграгарадок, напрыклад, у Ляскавічы».

Што яшчэ асаблівага будзе на «Зове Полесья-2014»? Усё пачнецца з мастацкага шматдзённага пленэру «Зямля пад белымі крыламі». На яго прыедуць 10 знакамітых жывапісцаў Гомельшчыны і Брэстчыны, удакладніла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама — начальнік упраўлення культуры Вольга Антоненка:

— Мастакі накіруюцца ў Ляскавічы, каб занатаваць на мальбертах краявіды прыпяцкай зямлі. А ўсе работы на самом фестывалі падораць ляскавіцкаму Музею прыроды. За некалькі дзён стартуе этнаграфічны праект «Летнік на Петрыкаўшчыне». Фалькларысты разам са студэнтамі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны збяруць унікальныя песні, байкі, танцы, абрады ў трох петрыкаўскіх вёсках. Матэрыялы экспедыцыі ўвойдуць у зборнік па фалькларыстыцы, які ўжо рыхтуецца да друку.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця «Зова Полесья» ўручаць памятны знак «Ганаровы паляшук». Сярэбраныя значкі і пасведчанні для тых самых знакамітасцяў, якія зрабілі многа для развіцця Палесся, ужо гатовы. Зразумела, імёны ганаровых палешукоў пакуль не выдаюцца.

На пляцоўцы перад Музеем прыроды разам з мастакамі пленэра пройдзе Свята ручніка. Беларускі заканадаўца мод у гэтай справе — вёска Неглюбка Веткаўскага раёна, але адметныя строі і ўзоры захавалі і на Палессі. Таму на Свяце ручніка да веткаўскіх ткачых-вышывальшчыц далучацца майстрыхі з Петрыкаўскага і Жыткавіцкага раёнаў. Можна будзе нават узяць у іх майстар-класс — і на векавых кроснах саткаць сабе, напрыклад, посцілку.

Арганізатары «Зова Полесья-2014» вырашылі захаваць традыцыйны элемент свята — тэматычныя падворкі. На іх палешукі збіраюцца частаваць гасцей, і галоўнае — дзякуючы народным майстрам і ўмельцам раскрыць сэнс таго ці іншага рамяства Прыпяцкага регіёна. Столінскі раён, да прыкладу, будзе ладзіць падворак «Хата ганчара», Лельчыцкі — «Вясковая кузня», Калінкавіцкі — падворак «Бульба на любы густ»…

Статусная навіна сёлетняга фэсту — ён стаў міжнародным: у ім бяруць удзел, акрамя Беларусі, Расіі і Украіны, яшчэ Польшча і Малдова. На галоўнай пляцоўцы «Зова Полесья» творчыя сілы нашых краін злучаць высілкі на тры з паловай гадзіны. Распачне эстрадны марафон на ляскавіцкім фэсце сольны канцэрт заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай.

Таццяна УСКОВА, «СГ»
Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter