Украінскія кветкі Ніны Мацяш

У Кіеве прайшла прэзентацыя кнігі перакладаў Ніны Мацяш “Гарнуся душою да слова”Яркая зорка беларускай паэзіі, адышоўшы ў вечнасць, застаецца ў сэрцах сваіх сяброў і чытачоў. У Выдавецкім доме “Звязда” намаганнямі руплівых ахоўнікаў спадчыны паэтэсы, навукоўцаў філфака Брэсцкага дзяржуніверсітэта і супрацоўнікаў Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага, пабачыла свет кніга перакладаў Ніны Мацяш з украінскай мовы “Гарнуся душою да слова”. Яе ўклалі М. Новік, С. Варонік, Г. Скарына. А нядаўна ў будынку Нацыянальнага Саюза пісьменнікаў Украіны прэзенталася гэтае, бадай, анталагічнае выданне, з прыгожым вянком кветак на вокладцы. Пра творчае шматаблічча Ніны Мацяш, яе вялікую любоў да ўкраінскай паэзіі гаварылі пісьменнікі абедзвюх краін. У зале былі і студэнты філфака Кіеўскага дзяржуніверсітэта, якія вывучаюць беларускую мову і літаратуру.
У Кіеве прайшла прэзентацыя кнігі перакладаў Ніны Мацяш “Гарнуся душою да слова”

Яркая зорка беларускай паэзіі, адышоўшы ў вечнасць, застаецца ў сэрцах сваіх сяброў і чытачоў. У Выдавецкім доме “Звязда” намаганнямі руплівых ахоўнікаў спадчыны паэтэсы, навукоўцаў філфака Брэсцкага дзяржуніверсітэта і супрацоўнікаў Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага, пабачыла свет кніга перакладаў Ніны Мацяш з украінскай мовы “Гарнуся душою да слова”. Яе ўклалі М. Новік, С. Варонік, Г. Скарына. А нядаўна ў будынку Нацыянальнага Саюза пісьменнікаў Украіны прэзенталася гэтае, бадай, анталагічнае выданне, з прыгожым вянком кветак на вокладцы. Пра творчае шматаблічча Ніны Мацяш, яе вялікую любоў да ўкраінскай паэзіі гаварылі пісьменнікі абедзвюх краін. У зале былі і студэнты філфака Кіеўскага дзяржуніверсітэта, якія вывучаюць беларускую мову і літаратуру.
“Ніна Мацяш добра вядомая ва Ўкраіне, — зазначыў на прэзентацыі празаік, перакладчык, публіцыст Станіслаў Бандарэнка. — У прыватнасці, мы ведаем пра яе пераклад гістарычнага рамана Ліны Кастэнкі “Маруся Чурай”. Сама Ліна Васілеўна не аднойчы ўхваляла беларускае пераўвасабленне важнага для нацыянальнай самасвядомасці ўкраінцаў твора. Ва Ўкраіне ёсць песні на словы Ніны Мацяш, яе вершы перакладаюцца на ўкраінскую мову. І мне падаецца, што спадчына выдатнай беларускай паэткі яшчэ неаднойчы будзе запатрабавана ўкраінскімі чытачамі”.
Галоўны рэдактар часопіса “Нёман” Алесь Бадак распавёў, як ішла работа над кнігай. Расказаў пра ўшанаванне памяці перакладчыцы і паэтэсы на Брэстчыне. Там, найперш у роднай Бярозе, Ніна Мацяш — сімвал высокага служэння прыгожаму пісьменству. Нагадаў літаратар, што ў Выдавецкім доме “Звязда” і раней выходзілі яе творы. Напрыклад, некалькі гадоў таму пабачыў свет зборнік вершаў і перакладаў “У прыгаршчах ветру”. І ў кастрычніцкім нумары часопіса “Маладосць” ёсць шчырае, душэўнае эсэ Анатоля Крэйдзіча пра ліставанне з паэтэсай.
У прэзентацыі ўдзельнічаў і адказны сакратар Нацыянальнага Саюза пісьменнікаў Украіны Валадымір Барна. І яго вершамі была зацікаўленая Ніна Мацяш. Перакладала іх напрыканцы 1990-х, адкрыўшы творчасць украінскага сябра найперш па зборніку “Мелодыя срэбнай ночы”. “Многія з украінцаў павінны быць удзячныя беларускім творцам, — перакананы паэт. — Бо пераклады пашыраюць прастору зносін з чытачом. Гэта цудоўна разумела і Ніна Мацяш, аднолькава ўважлівая да класікаў і сучаснікаў. І цяпер нам на дзіва ганарова прысутнічаць у адной беларускай кнізе поруч з Тарасам Шаўчэнкам, Лэсяй Украінкай ды Лінай Кастэнкай”.
Беларуска-ўкраінскія літаратурныя стасункі мацуюцца сіламі энтузіястаў. Ніна Мацяш, Вячаслаў Рагойша, Таццяна Кабржыцкая, Васіль Жуковіч… На сустрэчы ў Кіеве гаварылі і пра вартасці рэгіянальных стасункаў паміж пісьменнікамі краін-суседак. Гэты кірунак развіваецца на Брэстчыне дзякуючы старанням Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. “Выданне ўкраінскай паэзіі ў беларускіх перакладах Ніны Мацяш бачыцца мне падзеяй для развіцця літаратурнага, творчага пабрацімства, — казала на прэзентацыі ў Кіеве празаік і перакладчыца Галіна Тарасюк. — Спадзяюся, у хуткім часе будуць і новыя кнігі беларускіх пісьменнікаў па-ўкраінску, пабачаць свет зборнікі ўкраінскіх паэтаў і празаікаў па-беларуску. Прыклад Ніны Мацяш не можа не натхняць!”
А мне пад час кіеўскай імпрэзы падумалася: а добра было б перавыдаць усе пераклады Ніны Мацяш, у тым ліку і з польскай, французкай паэзіі, прозы, драматургіі. Зробленае майстрам мастацкага слова ў гэтым кірунку ўражвае, і творчы плён варты ўвагі наступнікаў.

Алесь Карлюкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter