Удзельнічаць цікавей, чым назіраць!

Удзельніца Першага адкрытага фестывалю этнакультурных традыцый “Зов Полесья” ад Піншчыны Аксана Смужэвіч з радасцю ўспрыняла паведамленне аб тым, што запрошана ў састаў раённай дэлегацыі. Чым яна ўразіць гасцей фестывалю?

— Я пакажу такія віды народнага мастацтва, як выцінанка і пісанка, — сказала Аксана Васільеўна напярэдадні свята. — Калі завітаеце ў нашу хатку, абавязкова навучу, як гэта робіцца. Уражанні застануцца незабыўныя. Гэта вам абяцаю.

— Адкуль такая ўпэўненасць?

— У нашым раённым Доме рамёстваў, якім кірую, пануе якраз такая атмасфера, калі ўсіх ахвотных мы запрашаем да творчасці. Такога ж эфекту пастараемся дасягнуць і на фестывалі. Згадзіцеся, што быць удзельнікам падзеі куды цікавей, чым проста назіраць за ёй.

 — Ці даўно вы займаецеся любімай справай?

— З дзяцінства. Прафесійна — гадоў 15. Сваё майстэрства, вопыт імкнуся перадаваць іншым людзям. І ўвогуле пры любой магчымасці стараюся выклікаць у іх зацікаўленасць. На маю думку, гэтаму будзе садзейнічаць і фестываль.

— Ці даводзілася вам уздельнічаць у такіх маштабных мерапрыемствах?

— У такім прадстаўнічым фестывалі — яшче не. У раённых святах, імпрэзах прымаю ўдзел часта, стараюся адкласці ў бок усе іншыя справы, бо для мяне на першым месцы была і застаецца творчаць. Першы фестываль этнаграфічных традыцый, які пройдзе на Гомельшчыне, — гэта цудоўная магчымасць паказаць, чым адметная Піншчына, і разам з іншымі ўдзельнікамі нашай дэлегацыі мы пастараемся зрабіць гэта ад усёй душы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter