Убачыць «Парыж»... і доўга жыць

Гамяльчане ацанілі творчасць мастакоў Парыжскай школы

Гамяльчане і госці горада, прыхільнікі мастацтва, дзякуючы ўнікальнаму арт-праекту, што стартаваў у палацы Румянцавых — Паскевічаў, адкрываюць для сябе творчасць землякоў-беларусаў, мастакоў Парыжскай школы

Выдатны гісторык Леў Гумілёў, згадваючы пра ўклад нашых суайчыннікаў у скарбонку сусветнай культуры, неяк сказаў: «Беларусы, вы так многа і шчодра раздалі чалавецтву. Калі ж, нарэшце, пачняце збіраць?» Вучоны меў рацыю: паводле некаторых звестак, толькі каля трох працэнтаў айчыннай спадчыны сёння захоўваецца на тэрыторыі рэспублікі. І ў гэтым рэчышчы арт-праект «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі», які адкрыўся ў горадзе над Сожам у палацава-паркавым ансамблі Румянцавых—Паскевічаў, можна лічыць знакавым у справе вяртання духоўных і культурных каштоўнасцей на гістарычную радзіму.

У гэты раз адбылося такое клопатам калектываў і кіраўнікоў ААТ «Белгазпрамбанк», Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, Міністэрства культуры рэспублікі і Нацыянальнага мастацкага музея. Дзякуючы плённаму партнёрству работы сусветна вядомых жывапісцаў-беларусаў пачатку ХХ стагоддзя, іх афорты і літаграфіі апынуліся ў карпаратыўнай калекцыі банкаўскай установы і зараз выстаўлены для шырокага паказу ў першым з абласных цэнтраў — Гомелі. Адправіць эксклюзіўны праект у шчаслівае «плаванне» сабралася нямала вядомых людзей, сярод якіх — пасол па асаблівых даручэннях МЗС, старшыня камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Счасны, першы саветнік Амбасады Францыі ў Беларусі спадарыня Ліз Тальба-Барэ, прадстаўнікі Нацыянальнага мастацкага музея, гарадскіх улад Гомеля, ААТ «Белгазпрамбанк»... Дзеля таго, каб перадаць наведвальнікам выставы мастацкіх шэдэўраў дух эпохі і асаблівасці парыжскай атмасферы таго часу, нямала папрацавалі супрацоўнікі цэнтра «Арт-карпарэйшн», дызайн-група на чале з Надзеяй Кухарэнка, кампанія «Ірына-Сэрвіс», гомельскія музейшчыкі. Нават дырэктар музея гісторыка-культурнай установы, дзе выстаўлена экспазіцыя, Аксана Торапава таксама звярнула на сябе ўвагу прысутных, апрануўшы ў гэты дзень касцюм парыжскай модніцы пачатку ХХ стагоддзя.

Увогуле ж мастакоў, якія нарадзіліся ў Беларусі і пазней эмігрыравалі ў Францыю, аб’ядноўвае прыналежнасць да так званай Парыжскай школы жывапісу. Сам тэрмін, як сведчаць дакументы, увайшоў ва ўжытак «з лёгкай рукі» французскага мастацтвазнаўца Андрэ Варно. Ён вызначае не столькі мастацкі рух, колькі групу жывапісцаў, якія працавалі ў французскай сталіцы ў стылі постімпрэсіянізму, кубізму і фавізму. Сярод іх былі Пабла Пікаса, П’ер Бонар, Амедэа Мадзільяні, беларусы Марк Шагал, Хаім Суцін, Міхаіл Кікоін, Восіп Цадкін, Пінхус Крэмень, Восіп Любіч, Якаў Балглей і іншыя. Прытулкам для многіх жывапісцаў сталі майстэрні Альфрэда Бушэ, больш вядомыя як «Вулей». Назву такую яны атрымалі з-за круглай формы трохпавярховай ратонды, што зладзіў вядомы французскі скульптар на купленым паўгектарным участку ў тупіку Данцыга. Менавіта тут былі абсталяваны вучэбны клас, выставачная зала і тэатр на 300 месцаў. У перыяд паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі тут упэўнена заявілі аб сабе творчасцю эмігранты з Расійскай імперыі, сярод якіх было нямала выхадцаў з Беларусі. Не ўсім ім, праўда, суджана было стаць вядомымі... Як артыстычны комплекс «Вулей» дзейнічае і сёння. На будынку размешчаны памятны знак з удзячнасцю ад французаў мастакам за іх значны ўклад у сусветную культурную спадчыну. З чатырох названых на знаку прозвішчаў трое — нашы суайчыннікі: Марк Шагал, Хаім Суцін, Восіп Цадкін. Дарэчы, і чацвёрты мастак — Фернан Лежэ — таксама меў дачыненне да сінявокай: быў жанаты на беларусцы. Але калі імёны Шагала і Суціна на слыху ў нашых суайчыннікаў, неабыякавых да культуры, то аб астатніх таленавітых майстрах пэндзля да гэтага часу ведалі, бадай, толькі спецыялісты. А між тым сярод прадстаўнікоў Парыжскай школы значылася нямала каларытных асоб. Адзін з «парыжан», да гонару гамяльчан, ураджэнец горада над Сожам, блізкі сябар Хаіма Суціна Міхаіл Кікоін, чатыры арыгінальныя работы якога — «Ваза з кветкамі», «Ля берага», «Букет кветак», «Пейзаж», напісаныя з 1920-га па 1935 год у стылі сюррэалізму, — знаходзяцца ў гомельскай экспазіцыі. Нарадзіўся Міхаіл у Гомелі, неўзабаве з сям’ёй пераязджае ў Мінск, а ў 1924 годзе ўвогуле атрымлівае французскае грамадзянства. Хаця ў душы ён заўсёды лічыў сябе беларусам, што адбівалася на матывах і стылістыцы яго карцін. Работы Кікоіна сёння захоўваюцца ў музеях Францыі, ЗША, Японіі, у шматлікіх прыватных калекцыях. Упершыню больш як за сто гадоў яны вярнуліся на родную зямлю.

Калумбам, які адкрыў мастакоў Парыжскай школы ў нашай краіне, справядліва лічаць беларускага дыпламата, чалавека захопленага Уладзіміра Счаснага. З чаго ж пачыналася адраджэнне слаўных імён жывапісцаў, на імпрэзе адкрыцця арт-праекта расказаў сам Уладзімір Рыгоравіч.

— Мой калега, пасол у Англіі, неяк паказаў мне рарытэтнае выданне аб выставе французскіх жывапісцаў у Маскве ў 1928 годзе, — адзначыў ён. — Пазнаёміўшыся з кнігай, я ўстанавіў, што больш за палову з гэтай кагорты складаюць ураджэнцы Расійскай імперыі, у немалой ступені прадстаўленыя беларусамі. Гэта падштурхнула мяне да збору звестак аб беларускіх мастаках, якія тварылі ў Парыжскай школе і практычна паклалі пачатак смелым эксперыментам у жывапісным мастацтве. У выніку з’явілася невялікая бібліятэка, а затым — і ўласная кніга (прэзентацыя яе, дарэчы, адбылася ў Гомельскім палацы Румянцавых—Паскевічаў чатыры гады таму. — Аўт.). Аб ідэі набыцця карцін паведамілі прадстаўнікі Белгазпрамбанка. Пабываўшы ля парыжскага будынка «Вулей», старшыня праўлення гэтай установы Віктар Бабарыка зацікавіўся творчасцю нашых суайчыннікаў. А пасля прадстаўлення яму 25 карцін нашых мастакоў прыйшоў да высновы: трэба стварыць карпаратыўную калекцыю такіх шэдэўраў на радзіме. Мы абмеркавалі гэту прапанову на пасяджэнні камісіі і падтрымалі. У мінулым годзе на аўкцыёне «Крысціс» Белгазпрамбанкам былі набыты яшчэ два палотны: «Закаханыя» Шагала і «Вялікія лугі ў Шартры» Суціна. Такім чынам калекцыя банка стала самым буйным зборам работ экспрэсіяністаў Парыжскай школы...

Больш шырока прадставіць у Гомелі ў рамках арт-праекта работы беларускіх творцаў дапамаглі Нацыянальны мастацкі музей краіны, у фондах якога захоўваюцца шэдэўры беларускіх «парыжан», а таксама прыватныя калекцыянеры. Атрымалася, паводле ацэнак першых наведвальнікаў выставы, грандыёзна, змястоўна і каларытна. Але непасрэдна 43 прадстаўленыя на прэзентацыі карціны, афорты, літаграфіі, а таксама фотаздымкі, як аказалася, яшчэ не ўвесь праект. Паглыбіцца ў багемную атмасферу колішняга жыцця творцаў з «Вулею» дапамагае наведвальнікам выставы «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі»... паход у кафэ. Атмасфера стылізаванай у «дэкоры» пачатку мінулага стагоддзя ўстановы дапамагае не толькі глыбока прасякнуцца ўражаннямі ад убачанага на выставе, але і ўвогуле паразважаць аб цікавых перыпетыях нашага такога шматграннага жыцця.

На здымку: дырэктар музея ДГКУ «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль» Аксана ТОРАПАВА пераўвасобілася, апрануўшыся ў касцюм парыжскіх модніц пачатку ХХ стагоддзя.

Фота: Мікалай ЖДАНОВІЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter