Што рабiць, калi вочы дзіцяці на фотаздымку свецяцца не звычайным чырвоным, а белым ці жоўтым колерам?

Убачыць на ўласныя вочы

Што гэта, калі вочы дзіцяці на фотаздымку свецяцца не звычайным чырвоным колерам, а белым або жоўтым? Неасцярожныя бацькі ўсё спісваюць на дэфект камеры. Насамрэч гэта прыкмета злаякаснай пухліны сятчаткі. Раней 70 працэнтаў дзяцей з рэцінабластомай гублялі зрок. Сёння новая методыка лячэння дазваляе захаваць не толькі цэласнасць вока, але і ў некаторых выпадках астаткавы зрок. Карэспандэнт «Р» бліжэй пазнаёмілася з унікальнай працэдурай.


Дачцэ Алены Бабук споўнілася шэсць месяцаў, як урачы паставілі страшэнны дыягназ: пухліна сятчаткі вока. У маленькай Соф’і ёсць дзве здаровыя старэйшыя сястрычкі. Хутчэй за ўсё, нешчаслівыя гены перадаліся малой ад бацькі, які пакутаваў ад гэтай жа хваробы. 

Спрабавалі розныя метады лячэння — безвынікова. Чатыры месяцы таму медыкі зрабілі дзяўчынцы суперселектыўную інтраартэрыяльную хіміятэрапію па міжнародных стандартах. Эфект выключны: пухліна зменшылася з 9 да 2 міліметраў.

— У малой калі-нікалі пад пэўным вуглом вочка свяцілася ружовым. На фотаздымках зрэнкі наогул атрымліваліся белымі. Потым заўважылі касавокасць, — маці Соф’і імкнецца падсумаваць усе першасныя сімптомы захворвання. — На абследаванні спачатку сказалі, што шанцаў захаваць вока няма: пухліна заняла больш яго паловы. Але пасля двух блокаў агульнай хіміятэрапіі сітуацыя змянілася ў лепшы бок. 

Да лячэння зрэнкі Соф’і на фотаздымках выглядаюць рознакаляровымі: адна — чырвоная, другая — белая. Белы колер — прыкмета пухліны сятчаткі вока.
Фота з асабістага архіва сям’і

Раней асноўным метадам лячэння пухліны сятчаткі вока ў нашай краіне была агульная сістэмная хіміятэрапія. У такім выпадку прэпараты ўводзяцца ўнутрывенна, трапляюць у сасудзістае рэчышча і распаўсюджваюцца па ўсім арганізме. Таксічнае ўздзеянне паўплывае не толькі на пухліну, але і на ўсе іншыя органы, а таксама на косны мозг. 

— Новы метад дазваляе падвесці прэпарат непасрэдна да вочнага яблыка. Таксіны не трапляюць ні ў сэрца, ні ў галаўны мозг, ні ў ныркі, ні ў іншыя органы, — тлумачыць перавагі ўнікальнай методыкі ўрач-анкаафтальмолаг РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава кандыдат медыцынскіх навук Ларыса Навуменка. — Калі пухліна робіцца зусім малой, спрабуем лазерную тэрапію і брахітэрапію. Нашых пацыентаў ужо немэтазгодна везці за мяжу, бо на практыцы выкарыстоўваем усе сусветныя методыкі. 

Толькі ў чатырох клініках Еўропы займаюцца дадзеным відам лячэння: дзве ў Германіі і па адной у Францыі і Швейцарыі. Маладыя беларускія спецыялісты прайшлі навучанне ў нямецкай клініцы. У нашай краіне рэцінабластому выяўляюць у сярэднім у 10 чалавек за год. У трэці з іх пашкоджаныя абодва вокі. 

У 30 працэнтах выпадкаў пухліна сятчаткі вока — хвароба спадчынная. Астатнія 70 працэнтаў захворванняў тлумачацца паломкай генаў у 13-й пары храмасом. Рэцінабластома звычайна выяўляецца на першых гадах жыцця. 

Урач-афтальмолаг Кацярына ЖЫЛЯЕВА аглядае пацыентку з дапамогай бінакуляра.
 Менавіта гэты прыбор дазваляе выявіць пухліну сятчаткі вока

— Раней часта пры пухліне сятчаткі выдалялі вочны яблык. 70 працэнтаў дзяцей гублялі вока, — прыгадвае не самыя прыемныя наступствы рэцінабластомы Ларыса Навуменка. — Новая методыка ў некаторых выпадках дазваляе захаваць зрок. Канешне, не стопрацэнтны, але чалавек будзе бачыць. Нават калі зрок выратаваць не атрымоўваецца, вока робіцца біяпратэзам і нічым знешне не адрозніваецца ад звычайнага. Гэта важна для фарміравання каркаса твару.

Лячэнне па новай методыцы адбываецца хірургічным шляхам. Гэта дастаткова працяглая працэдура, якая праводзіцца пад наркозам. А для ўрача — яшчэ і ювелірная праца з маленькімі дзіцячымі сасудамі. Малыя трапляюць на такую аперацыю найчасцей у пяць-шэсць месяцаў.

— Наша задача — знайсці вялікую сцегнавую артэрыю і зрабіць у яе ін’екцыю. Потым заводзім спецыяльную трубку, праз якую ідзём па аорце — самаму вялікаму сасуду ў арганізме, мінаем сэрца і набліжаемся да сасудаў галаўнога мозга, — эндаваскулярны хірург РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Вячаслаў Млечка малюе выяву чалавека, каб растлумачыць прынцып дзеяння працэдуры. — Потым шукаем спецыяльны маленькі сасуд, які адыходзіць у вока, і праз яго ўводзім прэпарат. Могуць узнікнуць ускладненні. Напрыклад, тромб у галаву адарвецца ці пузырок паветра трапіць з уколам. Тады чалавек можа памерці. 

Першае дзіця, якому праводзілася новая методыка, медыкі запомнілі надоўга. Хлопчыку было на той момант 2,5 года. Дыягназ — двухбаковая рэцінабластома. Спачатку адно вока хацелі выдаляць. 

— Мы ведалі, што вось-вось паедзем пераймаць вопыт заходніх калег, таму пратрымалі малога на агульнай хіміятэрапіі. Першая наша працэдура цягнулася каля пяці гадзін, — прыгадвае дзень ікс урач-анкаафтальмолаг РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Кацярына Жыляева. — Важна было не памыліцца ў дазаванні, усё разлічвалася на кілаграм вагі. У выніку ўсё атрымалася. Сёння пухліна невялічкая, і захаваны зрок на гэтым воку. На другім воку маленькі агменьчык мы вылечылі лазерам. 

Пасля хірургічнай часткі лячэння анкаафтальмолагі ацэньваюць праведзеную працэдуру, назіраюць пазітыўныя моманты або змагаюцца з ускладненнямі. Часам прыходзіцца праводзіць некалькі працэдур запар. Калі справы ідуць на лад, спецыялісты назіраюць за пацыентамі з меншымі часовымі інтэрваламі, але не спыняюцца.

Медыкі ўжо пралячылі па новай методыцы траіх дзяцей. На чарзе — яшчэ шэсць. Але апошнім часам чарга не рухаецца: спецыялісты чатыры месяцы чакаюць катэтараў. Двое пацыентаў адносяцца да экстранай катэгорыі, а катэтары будуць у лепшым выпадку толькі праз два тыдні.

Насамрэч бацькі хворых дзяцей доўга чакалі, калі новая методыка «прыедзе» да нас. За мяжой яна каштуе ад 16 да 50 тысяч еўра. Уявіце, наколькі непад’ёмныя гэта грошы. У хуткім часе жыхары бліжняга замежжа, асабліва з Украіны, Казахстана, будуць ехаць да нас па гэтую медыцынскую паслугу. 

Ад рэцінабластомы дзеці не паміраюць, калі пачаць лячэнне. Максімум — губляюць вочы. За апошніх 20 гадоў вядома толькі тры смяротныя выпадкі ад метастатычнага развіцця пухліны сятчаткі вока. Прычына адна — адмова бацькоў ад лячэння. Так-так, ёсць яшчэ людзі, якія жывуць па прынцыпе «Бог даў — Бог узяў» і спадзяюцца немаведама на што. Але гэта ўжо акалічнасці часу…

Простая мова


Таццяна ІМШАНЕЦКАЯ, галоўны пазаштатны афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры афтальмалогіі БелМАПА доктар медыцынскіх навук прафесар:


— Сёння фактычна няма ніводнага мікрахірургічнага ўмяшання на органе зроку, якое б не выконвалася ў нашай краіне. У 2016 годзе правялі 823 высокатэхналагічныя трансплантацыйныя ўмяшанні на органе зроку (у 2015-м — 613). У стацыянарах выканана больш за 44 тысячы лазерных і больш за 43 тысячы мікрахірургічных аперацый. У Рэспубліканскім афтальмалагічным цэнтры (УАЗ «10-я ГКБ») праводзяцца ўнікальныя высокатэхналагічныя камбінаваныя ўмяшанні на рагавіцы і крышталіку (у тым ліку з імплантацыяй штучнай радужкі), шклопадобным целе і сятчатцы, антыглаўкомныя аперацыі з імплантацыяй дрэнажных прылад. Укаранёныя ў клінічную практыку рэканструкцыйныя аперацыі на арбіце і экзапратэзаванне арбіты пацыентам пасля лячэння новаўтварэнняў і траўм арбіты (упершыню на тэрыторыі краін СНД). На 50 працэнтаў зменшылася колькасць энуклеацый на 2—3-й стадыі пухлінавых захворванняў у сувязі з развіццём методык лячэння пацыентаў з меланомай харыяідэі, якія захоўваюць орган зроку.

veronika.ulasevich@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter