У Зямлі — імяніны

У некаторых рэгіёнах Беларусі лічылася, што ў гэты дзень (23 мая) нельга араць, сеяць, ставіць плот — зямля ў гэты дзень адпачывае. Казалі, што “на Зілота ў зямлі імяніны”.

* Таксама гэты дзень быў спрыяльным для збору лекавых раслін і карэнняў. Народныя лекары лічылі, што ў гэты дзень яны валодаюць найбольшай лекавай сілай.
Зямля заўсёды надзялялася самай высокай ступенню святасці і чысціні. Зямля не магла трымаць у сабе нячыстага. Нездарма, выконваючы адно з правілаў народнай культуры — мыць рукі і маліцца перад тым, як сесці за стол, рукі выціралі аб зямлю. Лічылася, што зямля таксама, як і вада, валодае ачышчальнай функцыяй. Зямля атаясамлялася з чалавекам, звычайна з жанчынай: зямля спіць, нараджае (дае ўраджай) ці не, стогне, плача, пакутуе за людскія грахі. Зямля ўвабрала ў сябе ўсе прыкметы мацярынства: у яе сеюць насенне і чакаюць ураджаю, быццам бы назіраюць за ростам і станам нованароджанага дзіцяці.
* Перш чым распачаць сеў, сяляне звярталіся да святых з просьбай напаіць маці-сырую зямлю сцюдзёнай расой, каб адрадзіць пладаносныя палеткі. Перасохлую ці бясплодную глебу ў народзе параўноўвалі з удавой ці няздольнай нарадзіць жанчынай.
* Сімвал мацярынства, які ўвабрала ў сябе зямля, дае магчымасць зразумець тыя забароны, якія былі звязаны з правядзеннем работ на зямлі. Напрыклад, строгая забарона біць зямлю — “быццам бы б’еш па жываце сваю маці”.
* На Беларусі казалі: “Не чапай зямлю да Радаўніцы і пасля Пакроваў”. Тым самым закладаўся пэўны алгарытм пачатку і заканчэння сельскагаспадарчых работ: перш чым распачаць сельскагаспадарчы год, неабходна было атрымаць падтрымку продкаў, навесці парадак на могілках і толькі пасля гэтага распачынаць работы на зямлі.
* Тыя, каго чакаў далёкі цяжкі шлях, ці тыя, хто накіроўваўся на пастаяннае месца жыхарства ў чужыя краіны, заўсёды бралі з сабой жменю роднай зямлі. Гэтага старажытнага звычаю людзі прытрымліваюцца і сёння.
* Калі мужчыны ішлі на вайну, трэба было сабраць зямлю — след яго нагі — і захоўваць за абразамі. Лічылася, што з такім воінам нічога не здарыцца, калі яго след ахоўвае чырвоны кут.
* У народным календары маці-зямля бывае “імянінніцай” двойчы — 23 мая і ў Духаў дзень — наступны па Траецкай нядзелі.
Абярэг на зямлю
Калі вы набываеце зямлю (прысядзібны надзел, дачу і г.д.), трэба разлічвацца па магчымасці дробнымі купюрамі. Такім чынам вы захаваеце свой будучы ўраджай на гэтай зямлі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter