«У Жабінцы толькі і гаворкі – пра Даніка»

Калі ў яго родным горадзе даведаліся аб тым, што менавіта ён прадставіць нашу краіну на чарговым конкурсе дзіцячага “Еўрабачання”, радасці землякоў не было межаў.

Землякі беларускага прадстаўніка на «Еўрабачанні» жадаюць яму перамогі!

Калі ў яго родным горадзе даведаліся аб тым, што менавіта ён прадставіць нашу краіну на чарговым конкурсе дзіцячага “Еўрабачання”, радасці землякоў не было межаў.

— Чамусьці адчувалася, што Данік пераможа, — дзеліцца ўражаннямі ад фінальнага адбору канкурсантаў, што праходзіў у прамым эфіры Першага нацыянальнага тэлеканала, кіраўнік музычнага калектыву “Аллегра-Нова” пры Цэнтры пазашкольнай работы  Жабінкі Нэлі Дукава. — Як бачыце, і журы, і гледачы выказалі аднолькавае меркаванне. І гэта не выпадкова.

Нэлі Сяргееўна адчула вакальны дар у хлопчыка адразу пасля таго, як ён прыйшоў да яе займацца. Што цікава: выдатнымі галасамі і слыхам валодаюць мама Даніка Раіса Іванаўна, бацька Мікалай Паўлавіч, а таксама старэйшыя браты і сёстры. Дзяцей у гэтай “музычнай” сям’і ажно шасцёра, Данік — самы малодшы. Ён, заўважае Нэлі Дукава, усіх пераспяваў.

У тым, што яе вучань стаў пераможцам конкурсу “Дзіцячая песня для "Еўрабачання”, Нэлі Сяргееўна не бачыць нічога выпадковага. Па яе словах, маючы талент, хлопчык заўсёды працаваў над сабой. Ён добра засвоіў словы выкладчыцы музычнай школы, якія яна паўтарала неаднойчы: “Калі выйшаў на сцэну і не змокла спіна, — значыць, проста прагуляўся перад гледачом”.

Нэлі Дукава заўважыла, што прырода шчодра адарыла Даніка вакальнымі дадзенымі, слыхам, пачуццём рытму, музычнай памяццю, прыгожым тэмбрам голасу. Вопытная выкладчыца старалася гэты талент развіваць. Яна ўспамінае, што пачыналі з раманса “Колокольчик”, над якім працавалі чатыры месяцы. Зараз Данік выконвае многія песні: “Беларусь”, “Мама”, “Я кахаю цябе больш за ўсіх”, “Баявыя ордэны”, "Деревенское детство”, “Скрипка Поганини” і іншыя. У вобразы кожнага музычнага твора, яго рытміку, эмацыянальнасць трэба ўмець ужыцца. Па перакананні Нэлі Сяргееўны, у яе здольнага вучня гэта выдатна атрымліваецца.

У яго ўжо былі значныя перамогі. Першая — на занальным конкурсе “Крынічка” ў Баранавічах некалькі гадоў таму, які натхніў хлопчыка далей працаваць над сабой. Потым Данік атрымаў Гран-пры міжнароднага конкурсу “Залатая пчолка”, дыпломы рэспубліканскіх конкурсаў “Залатая ліра” і “Шаную цябе, Беларусь”. Ён стаў фіналістам абласнога адборачнага тура для ўдзелу ў “Славянскім базары” ў Віцебску, аднак не трапіў на фестывальную сцэну, бо не прайшоў па ўзросце. Летась на рэспубліканскім конкурсе “Юныя таленты Беларусі”, які адбыўся ў аздараўленчым лагеры “Зубраня”, Данііл Казлоў стаў пераможцам, пакарыўшы і журы, і публіку.

— На “Еўрабачанні” я ад усёй душы жадаю яму перамогі, — гаворыць Нэлі Дукава. — У Даніка ёсць усё для гэтага, і можна не сумнявацца: яго выступленне будзе яркім і запамінальным.

Хвалююцца за земляка і жыхары Жабінкаўскага раёна, асабліва  равеснікі: вучні першай і трэцяй сярэдніх школ райцэнтра.

— Спачатку Данік вучыўся ў нашай школе, — расказвае васьмікласніца СШ № 3  Жабінкі Наталля Бакун, — потым перавёўся ў першую. Адтуль яму было бліжэй да дому. Мы разам наведвалі музычную школу, дзе займаліся ў цудоўнай выкладчыцы Нэлі Сяргееўны Дукавай. Я вучылася іграць на фартэпіяна, Данік, акрамя спеваў, асвойваў фартэпіяна і скрыпку. У авалоданні музычнымі інструментамі і асабліва ў выкананні песень ён дасягнуў сапраўднага поспеху. Таму ўсе мы, яго сябры, аднакласнікі, знаёмыя, жадаем яму стаць лепшым на “Еўрабачанні”, тым больш што выступаць ён будзе на сваёй, беларускай, сцэне. Мы ў думках і памкненнях разам з ім.

Гэтак жа цёпла наконт таленту Данііла Казлова выказалася і намеснік старшыні Жабінкаўскага райвыканкама Ала Ануфрыюк:

— Данік — наша юная зорачка. Ні адно гарадское, раённае свята не абыходзяцца без яго. Сваім звонкім, меладычным голасам, сваёй непасрэднасцю і шчырасцю ён зачароўвае гледачоў. З хваляваннем чакаем кожнага яго выхаду на сцэну і радуемся, калі заўважаем, як год ад году ён расце творча, духоўна. У Жабінцы ўсе толькі і гавораць пра гэтага цудоўнага хлопчыка. Жадаем яму новых творчых вышынь і будзем падтрымліваць на гэтым няпростым, але надзвычай цікавым шляху.

Аляксандр КУРЭЦ, “БН”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter