У медыцыне сёння часам цяжка абысціся без радыенукліднай дыягностыкі

У вынаходніцтве важна не спазніцца

Пагадзіцеся, мы прывыклі ўспрымаць сэнс слова “радыяцыя” негатыўна. Звязваем гэта, перш за ўсё, з наступствамі якой-небудзь тэхнагеннай катастрофы ці з аварыяй на атамнай станцыі. Нам, жыхарам Беларусі, якія спазналі сіндром Чарнобыля, цяжка неяк інакш успрымаць радыяцыю. Але ж ёсць ад яе — калі радыяцыя кіруемая і падкантрольная — вельмі эфектыўная карысць. Напрыклад, у медыцыне сёння часам цяжка абысціся без радыенукліднай дыягностыкі.

Яна ўсё больш актыўна ўваходзіць у сучасную методыку лячэння як абавязковы атрыбут. Радыенуклідная дыягностыка ў сусветнай практыцы нават называецца ядзернай ме­дыцынай. Утварылася яна яшчэ ў 1927 — выходзіць, 90 гадоў хутка адзначым. Але, нягледзячы на такі паважны  ўзрост, у  Беларусі гэта даволі новае звяно ў пастаноўцы дакладнага дыягназу для пацыентаў.

— Увогуле, яна дапаўняе многія іншыя метады. Бо  спецыяліст, які імкнецца дапамагчы пацыенту, павінен кіравацца комплексам абследаванняў, які атрымліваецца пры дыягностыцы  захворванняў, — гаворыць урач-радыёлаг мінскага гарадскога цэнтра радыенукліднай дыягностыкі Уладзімір Церахаў. — Гэта і  рэнтгенаўская камп’ютарная тамаграфія, і ядзерна-магнітны рэза­нанс, і ўльтрагукавыя метады даследавання. Але, калі браць радыенукліднае даследаванне, то яно можа адназначна  “падказаць” спецыялісту, які абавязкова хоча дакапацца да ісціны, у правільнай пастаноўцы дыягназу,  а потым і ў выбары лячэння.

Радыенуклідная дыягностыка — увогуле, неінвазіўны метад. Сёння ён вельмі шырока  выкарыстоўваецца ў практычнай ахове здароўя многіх еўрапейскіх краін. Для даследавання, у прыватнасці, такой праблемы, як ішэ­мія міякарду. Менавіта для выяўлення зон скрытай ішэміі на ранніх стадыях, што дае магчымасць чалавеку ў далейшым пазбавіцца ад тых складаных метадаў лячэння, якія не толькі дарагія, але і не заўсёды бяспечныя.

— З эканамічнага пункту гледжання мы эканомім і не прымушаем хворага падвяргацца такому інвазіўнаму метаду абследавання, як каранараангіяграфія, — удакладняе Уладзімір Церахаў. — Мы атрымліваем дакладную інфармацыю ўжо на ранніх стадыях пра тыя ж ішэмічныя працэсы, што ў далейшым можа дапамагчы чалавеку ў тэрапеўтычным і хірургічным лячэнні, не звяртаючыся  да нейкіх дадатковых экстрэмальных дыягнастычных умяшанняў. Гэта значыць, у практычнай ахове здароўя, у тэрапеў­тычнай кардыялогіі, у прыватнасці, гэта методыка вельмі  важная. Напрыклад, хворы абследуецца да пачатку першых прыкмет ішэміі. Праходзіць курс лячэння. Потым яшчэ раз праводзіцца даследаванне і ўжо ў дынаміцы вызначаецца, эфектыўнае лячэнне ці не. Такі паэтапны падыход у абследаванні і лячэнні кардыялагічных хворых можа дапамагчы пацыенту і ўрачу не звяртацца, што важна, да аператыўных умяшанняў. Таксама методыка радыенукліднай дыягностыкі дарэчная ў даследаванні перфузіі тканкі галаўнога мозгу пры  парушэнні кровазвароту, пры інсультах. У краіне мы фактычна стаім на чале гэтай методыкі. У нашым цэнтры радыенукліднай дыягностыкі, якому ўжо пяць гадоў,  мы актыўна ўкаранілі ў практыку аховы здароўя даследаванне перфузіі міякарду,  даследаванне перфузіі галаўнога мозга, якое вельмі дапамагае неўролагам у пастаноўцы дыягназу, а  супрацоўнікам Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра “Кардыялогія” пры аператыўным умяшанні на сасудах брахіяцэфальных артэрый. Мадыфікаваная і актыўна прымяняецца методыка па дыферэнцыяльнай дыягностыцы вазарэнальных і эсенцыйных форм гіпертэнзіі, або, як у народзе кажуць, пры нырачным ці нянырачным ціску. За гэта калектыў ужо двойчы ўдастойваўся ўзнагароды ад Прэзідэнта Беларусі. Калектывам цэнтра выпушчана дзве манаграфіі па радыенукліднай дыягностыцы. Мы актыўна ўдзельнічаем у выкладчыцкай рабоце.  У СССР спецыялістаў у гэтай галіне рыхтавала Масква, Санкт-Пецярбург і Кіеў. Пасля таго, як Саюз распаўся, нашы спецыялісты засталіся ўбаку. І падрыхтоўка кадраў сёння адна  з наспелых праблем.

— Якія бачацца перспектывы?

— Будучыня — гэта ўкараненне гібрыдных тэхналогій. Гібрыдных апаратаў, якія сумяшчаюць у сабе аднафатонны эмісійны камп’ютарны тамограф, што звязана з радыенукліднай дыягностыкай, і рэнтгенаўскі камп’ютарны тамограф, што звязана ўжо з рэнтгеналогіяй, — гаворыць Уладзімір Церахаў. — І вось гэты сімбіёз радыенукліднага і рэнтгенаўскага метадаў даследавання — два ў адным — дазваляе пацыентам паскараць працэс абследавання. Задачу радыенукліднай дыягностыкі я сфармуляваў бы так: маючы дадзеныя рэнтгенаўскай тамаграфіі, якая дазваляе візуалізаваць структуру органаў з адначасовым вывучэннем функцыянальнага стану і асаблівасцяў работы органаў і сістэм, якую нам дае аднафатонны эмісійны тамограф, атрымліваць дакладную і вычарпальную  інфармацыю пра паталагічны працэс у галаўным мозгу, на сэрцы і многае іншае, што адбываецца на клетачным або субклетачным узроўні ў арганізме чалавека. Адным словам, перспектыва развіцця вялікая. Сусветная практыка медыцыны адыходзіць ад адзінкавых апаратаў. У асноўным укараняюцца апараты, якія сумяшчаюць некалькі дыягнастычных напрамкаў у адным. Напрыклад, у многіх краінах  цяпер  ідзе распрацоўка аднафатоннай камп’ютарнай тамаграфіі з ядзерна-магнітным рэзанансам. Гэта таксама гібрыдны апарат. У Еўропе гэтым займаюцца такія вядучыя фірмы, як Siemens,  General Electric, Philips. У іх ёсць ідэя сумясціць тры ў адным: ­ядзерны магнітны рэзананс, рэнтгенаўскі камп’ютарны тамограф і аднафатонны эмісійны камп’ютарны тамограф. Гэта будзе машына, якая дасць магчымасць абследаваць чалавека нават на малекулярным  субклетачным узроўні. І ў нашай краіне таксама павінны ісці гэтым шляхам. Мы пакуль у гэтай справе — у авангардзе.


Абследаванне ў Цэнтры радыенукліднай дыягностыкі

Уладзімір Церахаў раіць пагутарыць са спецыялістамі Цэнтра, каб сфарміравалася больш цэльнае меркаванне пра важнасць практычнай работы. Звяртаюся да ўрача-радыёлага Анатоля Харчанкі, які ўжо сорак гадоў як у прафесіі.

— Які ваш погляд на  радыенуклідную дыягностыку? Наколькі вы перакананыя, што гэта актуальна і што медыцына не можа без гэтага развівацца?

— Я выкажу не толькі сваё меркаванне. Гэта хутчэй меркаванне спецыялістаў, якія выкарыстоўваюць дадзеныя нашых даследаванняў. Яны прызнаюць, што нашы методыкі на сённяшні дзень незаменныя. Ёсць рэнтгенаўскае даследаванне, ультрагукавое, якія вызначаюць структуру, будову органа. У нас — функцыянальная накіраванасць. Калі мы бачым орган, то атрымліваем выяву функцыянуючай тканкі. Нядаўна была пацыентка ў якой ні УГД, ні ЭКГ не пацвярджалі, што яна перанесла інфаркт міякарду. І толькі наш метад паказаў, што ў яе ўчастак сэрца, недаступны для тых метадаў, дрэнна кровазабяспечваецца. Я не хачу сказаць, што наш метад асноўны. Але наш метад важны. А даследчыкі  аб’ядноўваюць усе метады, якія ім даступныя, закладваюць у ЭВМ і даюць клінічнае заключэнне. У нас пакуль справа будучыні, калі збіраюцца на кансіліум урач-кліцыніст, спецыяліст  ультрагукавой дыягностыкі і ўрач радыенукліднай дыягностыкі. Садзяцца і выпрацоўваюць агульны дыягназ. У нас пакуль гэтага няма. Але мы ўжо працуем у самым цесным кантакце з урачамі з клінік.

— Вы можаце сцвярджаць, што дасягненні ў гэтай галіне ўжо даволі істотныя?

— Досвед і практыка ў нас за­лежаць ад работы, ад методык. А методыкі залежаць ад апаратуры — ад магчымасцяў апаратуры. Калі распазнавальная здольнасць першых гама-камер была ўсяго толькі тры сантыметры, то цяпер распазнавальная здольнасць з камп’ютарнай тамаграфіяй — да сантыметра, а то і да  міліметраў. Удасканаленне апаратуры дае нам больш дакладны метад даследавання: ЭВМ, матэматычная апрацоўка, праграмнае забеспячэнне… Спецыялісты ў нас ёсць. Але недастаткова  базы для іх падрыхтоўкі. Трэба пачынаць з курса радыенукліднай дыягностыкі, потым  кафедра… Аптымальна, калі выклікаюцца на курсы ўрач, інжынер, медсястра  і ўсе разам яны навучаюцца найскладанейшым методыкам. Вяршыня ўсяго — спецыяліст, які будзе ацэньваць атрыманую інфармацыю і даваць заключэнне лечачым урачам.  

Уладзімір Церахаў  бачыць вельмі актуальнай трансфармацыю Мінскага гарадскога цэнтра радыенукліднай дыягностыкі ў структуру рэспубліканскага ўзроўню. І справа не ў простым павышэнні статуса. Гаворка ідзе пра хутчэйшае распаўсюджванне ўнікальнага досведу, які яны, у Цэнтры, ужо напрацавалі і актыўна акумулююць у клінічнай практыцы ў сталіцы. Але важна, каб досвед гэты прыйшоў у рэгіёны, каб яго выкарыстоўвалі паўсюдна ў краіне практыкуючыя ўрачы. Карысць ад гэтага, у першую чаргу, адчуюць пацыенты. Уладзімір Церахаў упэўнены, што гэты час прыйдзе. Але яму як спецыялісту, які хварэе за сваю справу, усё ж такі хацелася, каб ён  надышоў хутчэй. Бо важна не спазніцца.

Уладзімір Міхайлаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter