Тэлеканал Euronews параўнаў «Славянскі базар» з «Еўрабачаннем»

У Віцебск хочацца вяртацца

Тэлеканал Euronews паказаў сюжэт пра асноўныя падзеі знакавага культурнага мерапрыемства Беларусі — юбілейнага XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Яго аўтар Себасцьян Саам параўнаў яго з іншым прэстыжным еўрапейскім конкурсам:



— Гэта падобна на «Еўрабачанне», толькі інтэрнацыянальнай мовай тут стала не англійская, а руская. І тут не толькі для Аўстраліі ёсць месца ў конкурсе, а для любой краіны, незалежна ад яе кантынентальнай прыналежнасці. Гэта «Славянскі базар», дзе рады ўсім і заўсёды. Віцебск таксама плавільны кацёл, на які мае сэнс зірнуць на свае вочы.

Сёлета паглядзець на яго прыехала амаль сто пяцьдзясят тысяч чалавек. Толькі акрэдытаваных гасцей было больш за пяць тысяч з сарака пяці краін свету. І гэта не мяжа, упэўнены дырэктар форуму мастацтваў, прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі фестываляў Аляксандр Сідарэнка. У гэтым годзе ў асноўнай праграме было больш за 130 праектаў, гэта не лічачы тыя падзеі, што праходзілі ў дні фестывалю на вуліцах горада. З гэтай нагоды карэспандэнт Euronews Себасцьян Саам трапна заўважыў, што «Славянскі базар» таму так называецца, бо ў гэтыя дні ў Віцебску можна знайсці ўсё што заўгодна: ад канцэртаў да кінасеансаў.

Але ж асноўным мерапрыемствам усе гэтыя гады застаецца конкурс маладых выканаўцаў. Сёлета яго Гран-пры дастаўся нашаму Аляксею Гросу. Але іншыя ўдзельнікі ўсё роўна засталіся ў захапленні ад прыезду ў нашу краіну.

«Тут дзівосная атмасфера, усе вельмі прыязныя, усе адзін аднаму ўсміхаюцца. Вельмі прыемна сюды прыязджаць», — гаворыць Ганна Цімафей з Ізраіля. Падтрымлівае яе і мексіканец Хорхе Рамана: «Мне тут вельмі падабаецца, беларуская публіка проста цудоўная. Віцебск — дзівосны, вельмі прыгожы горад».

Але чыё меркаванне наконт фестывалю і Беларусі можна лічыць самым аб’ектыўным — гэта Аляксандра Рыбака, які сем гадоў таму выйграў «Еўрабачанне». Набыўшы сусветную папулярнасць, ён амаль штогод наведвае Віцебск і заўважае, як прыгажэе горад і набывае размах «Славянскі базар». Ён гаворыць, што сёння беларускія выканаўцы ўпэўнена адчуваюць сябе на любых канцэртных пляцоўках, яны паступова становяцца запатрабаванымі ў розных краінах Еўропы. А пуцёўку ў вялікае музычнае плаванне, прычым не толькі беларусам, дае ў тым ліку і наш фестываль. Таму вось ужо дваццаць пяць гадоў людзі і едуць у Віцебск не толькі каб на іншых паглядзець, але і сябе паказаць.

Адсюль і цікавасць розных сродкаў масавай інфармацыі. Сёлета падзеі «Славянскага базару» асвятлялі каля пяцісот журналістаў з дзесяці краін свету. Себасцьян Саам, які зрабіў свой міні-фільм пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі нашай краіны, не супраць яшчэ раз вярнуцца ў Беларусь.

stepuro@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter