У цэнтры ўвагі — рэгіёны

Прадстаўнікі больш чым сарака рэгіёнаў Расіі пабывалі на Форуме ў Мінску
Развіццё ўзаемавыгадных кантактаў на ўзроўні рэгіёнаў — эфектыўная форма беларуска-расійскага супрацоўніцтва. На мінскім, ужо трэцім Форуме рэгіёнаў Беларусі ды Расіі працавала 9 секцый. Форумы, так павялося, — гэта і месца, дзе ўсталёўваюцца прамыя кантакты між рэгіёнамі, прадпрыемствамі, арганізацыямі Беларусі ды Расіі. На гэты раз асноўная ўвага надавалася супрацоўніцтву ў сацыяльна-эканамічнай, навукова-адукацыйнай, культурна-гуманітарнай ды іншых сферах.

Цэнтральнай падзеяй Форуму стала пленарнае пасяджэнне на тэму “Рэалізацыя ўзгодненай сацыяльна-эканамічнай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве: дасягненні, праблемы, шляхі вырашэння і перспектывы”. Яно прайшло пад старшынствам Міхаіла Мясніковіча і Валянціны Матвіенкі, з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ды Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Пад час мінскага Форуму быў падпісаны шэраг кантрактаў па пастаўках у Расію беларускай тэхнікі, нафтапрадуктаў. Падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Магілёўскай і Тульскай абласцямі ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай галінах.

Да Форуму выйшаў спецвыпуск часопіса “Беларусь. Belarus” (выданне ўваходзіць у холдынг “Редакция газеты “Советская Белоруссия”, ёсць на адпаведным партале ў інтэрнэце). Сярод іншых там — артыкул “Зямля і неба Уладзіміра Шуглі”: пра Ганаровага генеральнага консула Беларусі ў Сібіры, які быў сярод удзельнікаў Форуму. А ў тэксце “Прыгажосць народнай дыпламатыі” гаворка — пра беларусаў Прыбайкалля, іх прапанову да ўлад Іркуцка: наладзіць пабрацімскія сувязі з гарадамі Беларусі.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter