Щучин готовится ко дню белорусской письменности

У Шчучын, да Цеткi i яе землякоў

Хто ведае, можа, фестывальная пляцоўка стане стартапам для новых літаратурных праектаў
Шчучын, райцэнтр самабытнага і багатага сваёй  культурнай спадчынай Панямонскага краю, на вачах прыняў аблічча сталіцы Дня беларускага пісьменства. Вядомы ў краіне і за яе межамі як былы гарадок авіятараў, ён  адкрываецца па-новаму. Па-першае, памаладзеў і пахарашэў да свята. Ідзеш яго ўтульнымі вуліцамі і любуешся доўгачаканымі пераменамі — відавочна, што значная для ўсёй краіны  падзея  пакіне ў горадзе не толькі эмацыянальны, але і матэрыяльны след. Амаль на паўсотні аб’ектах, сярод якіх шмат помнікаў архітэктуры, вяліся апошнім часам рамонт і рэстаўрацыя.  


Карціна плошчай 220 квадратных метраў з выявай славутага кнігадрукара Францыска Скарыны на сцяне СШ № 2 Шчучына

ЗНАКАМІТЫ МіГ-25 зараз красуецца на пастаменце пры ўездзе ў горад, падкрэсліваючы, што традыцыі тут не губляюць. Прыняла новае аблічча і набярэжная, дзе любяць адпачываць у цішы жыхары гарадка. На здзіўленне гараджанам за тыдзень на сцяне СШ № 2 з’явілася карціна плошчай 220 квадратных метраў з выявай славутага  кнігадрукара Францыска Скарыны. Яе пакінуць шчучынцам на памяць спецыялісты сталічнай кампаніі  ArtShok. Аднавілася і гімназія, не пазнаць мясцовыя кінатэатр і Дом культуры. Па самых сціплых падліках, у аднаўленне Шчучына ўкладзена каля 80 мільярдаў рублёў. Частку сродкаў патрацілі на рамонт старога ваеннага гарадка, дзе асабліва гэтыя ўкладанні былі патрэбныя, астатнія сродкі накіравалі на сацыяльныя аб’екты. 


Вузкакалейка, пачатак ХХ стагоддзя

Старшыня райвыканкама Сяргей Ложачнік зазначае, што ў падрыхтоўцы да свята ўвесь горад дружна прымаў удзел:

— Вельмі важна апраўдаць чаканні шчучынцаў і гасцей, таму  да падрыхтоўкі свята стараліся аднесціся адказна і з душой. Асабліва хочацца адзначыць дапамогу аблвыканкама, паколькі большая частка сродкаў прыйшла з вобласці. Адклікнуліся мясцовыя прадпрыемствы і дзяржаўнай, і асабістай формы ўласнасці. Увогуле, радуе, што шчучынцы так любяць свой горад.


Базарная плошча, пачатак ХХ стагоддзя

Кожны госць абавязкова спыніцца каля адноўленага палаца князёў Друцкіх-Любецкіх XIX стагоддзя. Доўга гэтая гісторыка-культурная каштоўнасць краіны чакала свайго часу адраджэння, важнае свята пераменам паспрыяла. Велічны будынак, дзе  размесцяцца зала ганаровых прыёмаў, цэнтр творчасці, краязнаўчы музей, відаць здалёк. А старт цэламу шэрагу мерапрыемстваў, што будуць ладзіцца ў межах святкавання Дня беларускага пісьменства, дало ўрачыстае адкрыццё новай  кнігарні. Следам адчыніла дзверы адноўленая бібліятэка імя Цёткі.


Помнік паэтцы Алаізе ПАШКЕВІЧ

КАЛІ вядзём гаворку пра Шчучын і раён, то ў першую чаргу прыгадваецца імя  знакамітай зямлячкі Алаізы Пашкевіч, вядомай пад сваім творчым псеўданімам Цётка. Тут яе карані, малая радзіма. Славутая паэтка, адна з самых актыўных рупліўцаў на ніве беларускай культуры на пачатку ХХ стагоддзя, нарадзілася ў фальварку Пешчын і свой вечны спакой, пакінуўшы багатую творчую спадчыну, таксама знайшла на радзіме — яе пахавалі ў вёсцы Стары Двор. Наяўнасць такой адметнай асобы, аўтаркі першых падручнікаў для дзяцей — «Лемантара», «Гасцінца для малых дзяцей», «Першага чытання для дзетак беларусаў», літаратурнага рэдактара часопіса для беларускай моладзі «Лучынка», ужо дастатковы аргумент для таго, каб Шчучын пераняў эстафету свята. Увогуле, з даўніх часоў Шчучыншчына сла- вілася адукаванымі і таленавітымі людзь- мі, якія сваімі ведамі і творчай працай праслаўлялі Прынёманскі край па ўсім свеце. Гэта паэты, пісьменнікі, педагогі, навукоўцы.


Палац князёў Друцкіх-Любецкіх cёння


Палац князёў Друцкіх-Любецкіх, канец XIX стагоддзя

На гэтай зямлі наканавана было нарадзіцца адметным асобам. З ёй звязаны імёны  цэлага шэрагу творцаў і грамадскіх дзеячаў. На Шчучыншчыне з’явіліся на свет Валерый Урублеўскі — паплечнік Кастуся Каліноўскага, які актыўна дапамагаў выдаваць і распаўсю-
джваць газету «Мужыцкая праўда»; Вацлаў  Іваноўскі — заснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай партыі і старшыня выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», Фелікс Стацкевіч — старшыня галоўнай управы Таварыства беларускай школы, адзін з заснавальнікаў і рэдактар часопіса «Беларускі летапіс», аўтар «Эсперанта-беларускага слоўніка». 

З гэтай зямлі родам і навукоўцы: доктар філалагічных навук Мікалай Нікалаеў — аўтар фундаментальных даследаванняў «Палата кнігапісная» і «Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага», літаратуразнавец і перакладчык Віктар Дарашкевіч — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі за цыкл работ «Францыск Скарына і беларуская культура». 

А галоўнае, што традыцый гэтых багатых раён не страціў, а свята такой значнасці адкрые новую старонку яго летапісу.

ДЗЕНЬ беларускага пісь- менства выйдзе за межы самога горада. З нагоды падзеі адкрываецца новы турыстычны маршрут Шчучыншчыны, па  якім змогуць адправіцца госці. Ён уключыць адметныя месцы, якія варта наведаць. Гэта знакамітая царква-крэпасць Раства Багародзіцы ў Мураванцы, неагатычны касцёл Святых Пятра і Паўла ў Ражанцы, музей Чэслава Немана ў Старых Васілішках, Троіцкі касцёл і каменны сонечны гадзіннік у Ішчалне і г.д. Ужо на пад’ездзе да горада з’явіўся банер, на якім прадстаўлены багаты турыстычны патэнцыял гэтага самабытнага краю.Такім чынам, са свята, якое ўжо на парозе, пазнанне Шчучын- шчыны толькі пачынаецца.

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па  справах моладзі Шчучынскага райвыканкама Аляксандр АМШЭЙ: 

— Для нас сёння важна засведчыць, што размовы пра гібель кнігі заўчасныя. І ў першую чаргу гэта павінна ўсвядоміць маладое пакаленне. А пераканаць моладзь можна, толькі размаўляючы з ёй на сучаснай мове: выкарыстоўваючы інтэрактыўны, дзейсны падыход, даючы магчымасць маладым людзям самастойна рэалізаваць свае ідэі. Мы плануем зладзіць адкрыты паэтычны марафон, конкурсныя спаборніцтвы маладых пісьменнікаў і паэтаў, прэзентацыі эксперыментальных фарматаў творчасці. Хто ведае, можа, фестывальная пляцоўка стане стартапам для новых прарыўных праектаў. У нашым рэгіёне шмат творчых аб’яднанняў прыхільнікаў прозы і паэзіі. Яны створаны пры  школах, дзе юнае пакаленне робіць першыя спробы пяра, пры раённым  Доме культуры, бібліятэцы, якая сімвалічна носіць імя Цёткі. Пры раённай газеце «Дзянніца» спрабуюць сябе юныя журналісты.  Спадзяёмся, што ў хуткім часе з’явяцца новыя імёны і новыя зоркі на літаратурным небасхіле, якія таксама праславяць наш край.

Алена СЯМЁНАВА

infong@sb.by

Фота Алы БІБІКАВАЙ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter