У шчаслiвай сарочцы...

Чаму  адзiн  падае  з  пятага  паверха  i  застаецца  цэлым, а  другi  на  роўным  месцы  калечыцца?

Чаму  адзiн  падае  з  пятага  паверха  i  застаецца  цэлым, а  другi  на  роўным  месцы  калечыцца?

Калi «Р» напiсала пра выпадак у бабруйскiм раддоме (з чацвёртага паверха выпала нованароджаная дзяўчынка i засталася жывой), жыхары горада пачалi тэлефанаваць ў карэспандэнцкi пункт «Р». Яны здзiўлялiся, як можна пасля такога «палёту» выжыць.

— Дык гэта што, — расказваў работнiк мясцовага фiлiялу Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Iван Станiслававiч, — на вулiцы Урыцкага, дзе жыву, хлопчык упаў з сёмага паверха – нiчога. Часта яго бачу на вулiцы з сябрукамi, крыху пакульгвае, а ў iншым нiчым не адрознiваецца ад сваiх равеснiкаў.

Служачы фiрмы «Барро» Уладзiмiр Мяфодзьевiч прыгадаў факт дваццацiгадовай даўнасцi. Тады ён працаваў на адным з ленiнградскiх прадпрыемстваў. Манцiравалi лiнiю па перапрацоўцы драўнiны. I вось адзiн з работнiкаў, будучы на падпiтку, вырашыў устанавiць ёлку на самым версе. Не ўтрымаўся i паляцеў унiз з васьмiметровай вышынi. Упаў на спiну i так грымнуўся каркам аб цэментны парапет, што каска, якая была на галаве, разляцелася на кавалкi — яна i выратавала...

Яшчэ адзiн цiкавы факт расказаў жыхар Даманскага мiкрараёна Бабруйска, ваенны пенсiянер Вiктар Уладзiмiравiч. На пятым паверсе шматкватэрнага дома жыла распутная маладзiца, якая, як сама казала, «любiла чаркай жыццё падвесялiць». Аднаго разу выйшла на балкон у «размагнiчаным» стане i ўпала ўнiз... Думалi, заб’ецца, а яна звалiлася на казырок нiжэйшага балкона, потым – на разгалiстае дрэва i прызямлiлася хоць бы што. «Дайце чарку, бачыце, я працвярэзiлася!»

Ну а цяпер узгадаю выпадак, сведкам якога быў сам. Мы тады жылi на першым паверсе шматкватэрнага дома ў Чавусах. Я сядзеў за сталом, як раптам нешта перад акном пранеслася, пачуўся дзiцячы плач... Выскачыў на вулiцу, а ў кветнiку – хлопчык гадоў двух. Аказалася, звалiўся з пятага паверха: мацi пасадзiла яго на падваконне, ды не даглядзела. Ён быў у балоневай куртачцы i прызямлiўся на кветнiковую  пасцельку. Так што нiякiх пашкоджанняў, мо, толькi напалохаўся.

Правiльна кажуць: дзецям i п’янiцам – Бог сцеле. Але цi ўсiм шанцуе? Помнiцца здарэнне ў нашым горадзе. Будаўнiкi манцiравалi дом i пад канец працоўнага дня сталi спускацца па лесвiцы. Раптам адзiн з iх успомнiў: «Забыў рукавiцы». Яго адгаворвалi: «Заўтра забярэш, нiкуды яны не падзенуцца!» А ён не паслухаўся, пайшоў i сарваўся з рыштаванняў... Калi хавалi, дык тыя рукавiцы ў дамавiну паклалi. Вось такi сумны факт.

Ды што казаць, спатыкнуцца можна на роўным месцы... Сам нядаўна сыходзiў з ганка на дачы i нага — у ямачку, галёнкаступнiвае расцяжэнне. Даўняя траўма доўга залечваецца. Мо, месяцы тры з бiнтам хадзiў. Можа, каб менш рухаўся, дык хутчэй зажыло б. Дык трэба i тое, i другое... Нам як заўсёды нешта трэба, здароўе потым! Адзiн няўдала ступiў, другi пакаўзнуўся – вывiхi, пераломы, iншыя пашкоджаннi. Каб ведаў, дзе ўпадзеш, саломкi падаслаў бы.

Так што трэба быць абачлiвым, не рызыкаваць. Тым больш, калi знаходзiшся на вышынi. Яна жартаў не любiць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter