Значна ажывілася вытворчая дзейнасць у столінскім КСУП «Беражное» за два з паловай гады кіраўніцтва Віталя Яхнаўца

У рукавіцах цвіка не заб’еш

Віталь Яхнавец, кіраўнік столінскага КСУП «Беражное», пазбаўляе сялян звычкі: няма побач дырэктара — можна кепска рабіць справу

Безумоўна, буйное прадпрыемства мае большыя магчымасці шматпрофільнай дзейнасці і, значыць, заробку грошай. Адна з такіх гаспадарак на Століншчыне — КСУП «Беражное». Акрамя жывёлагадоўлі і раслінаводства, тут развіта садоўніцтва. Два з паловай гады кіруе сельгаспрадпрыемствам выпускнік Беларускага дзяржагратэхуніверсітэта Віталь ЯХНАВЕЦ. Удвая вырасла прадукцыйнасць дойнага статка, павялічыўся валавы збор збожжа. Падвоіліся сярэднямесячныя заробкі працаўнікоў. 


У гаспадарцы паслядоўна ажыццяўляецца пераход на адаптыўныя інтэнсіўныя рэсурсазберагальныя тэхналогіі. Надаецца пэўная ўвага сацыяльнаму развіццю цэнтральнай сядзібы — аграгарадка Беражное і ўсіх пяці вёсак, размешчаных на тэрыторыі сельгаспрадпрыемства.

Радавыя карані маладога дырэктара КСУП «Беражное» Віталя Яхнаўца вядуць у глухую палескую вёску Атвержычы. Сялянскія падворкі выцягнуліся ў пойме ракі Гарыні. Раней паводкі залівалі вадой агароды, зносілі драўляныя пабудовы, стагі сена, дровы. Памятае Віталь Іванавіч, як з дзядулем Мяфодзіем Барысавічам лавілі зачэпленыя за кустоўе копы сена. На баркасе вывозілі яго на ўзвышшы і сушылі. А ў бацькі, аднаго з лепшых механізатараў былога саўгаса «Манькавіцкі», кемлівы сын спасцігаў кіраванне трактарам. У шостым класе хлопчык моцна трымаў руль, што і вызначыла яго жыццёвы шлях. Дыплом інжынера па сельгасмашынах Віталь Яхнавец атрымаў у Беларускім дзяржагратэхуніверсітэце. На студэнцкіх канікулах з атвержыцкімі мужыкамі будаваў жывёлагадоўчыя памяшканні ў магілёўскіх гаспадарках. З заробкаў дамоў прывёз дзве тоны збожжа.

Працоўную дзейнасць малады спецыяліст пачаў інжынерам у ваўкавыскай гаспадарцы «Рось», але праз нейкі час пошукаў і роздуму вярнуўся ў родныя Атвержычы.

— Там мяне сустрэў дырэктар КСУП «Манькавічы» Аляксей Мікуліч і прапанаваў узначаліць брыгаду рамонтнікаў тэхнікі. З першых дзён адчуў, што гэта мая справа. Праз нейкі час прызначылі намеснікам галоўнага інжынера. Потым працаваў інспектарам рай­дзяржтэхнагляду. Два гады кіраваў гаспадаркай «Прыгарынскі». Вытворчыя паказчыкі ў жывёлагадоўлі выраслі ў два разы. Трэці год узначальваю КСУП «Беражное». Гаспадарка славілася высокімі вытворчымі паказчыкамі. Чвэрць стагоддзя ўзначальваў яе мудры старшыня Яўхім Сагановіч. Да беражноўскіх хлебаробаў і жывёлаводаў ехалі за вопытам. 

— І з чаго пачаў малады кіраўнік?

— З парадку. У нашым раёне масава развіта прыватнае агародніцтва. На першым сходзе заявіў, каб на працы клапаціліся пра даручаную справу, а не пра тое, як лепш паставіць парнік, якую расаду вырошчваць, куды гародніну збыць. Многія мне прадракалі: не спраўлюся. Скажу шчыра, пужала фінансавая запазычанасць. У вытворчых падраздзяленнях, а іх сем, выслухаў людзей пра набалелае. Нічога не абяцаў, толькі настройваў на працу. Усе ведалі, што ў суседняй гаспадарцы, якую ўзначальваў, дабіліся пэўных вынікаў. Важна было заахвоціць людзей да працы.

— Прымусам ці матывацыяй?

— Заробкі за два гады падвоіліся. Гэта найлепшая матывацыя! Сам імкнуся ва ўсе вытворчыя працэсы ўнікаць. Трэба матэрыялы закупіць для будаўнікоў — аналізую сітуацыю і вышукваю, адкуль узяць сродкі.

На першай сустрэчы з галоўнымі спецыялістамі заявіў: хто хоча працаваць — калі ласка. Кожны мае права адстойваць свой пункт погляду. А ў каго няма такога імкнення — лепш не замінаць іншым. Перад пачаткам важнай справы калегіяльна абмяркоўваем яе, абдумваем і прымаем рашэнне.

— А як абыходзіцеся з тымі, у каго думкі з вашымі не супадаюць?

— Уважліва выслухваю і імкнуся вызначыць рацыянальнае. На выплату заробкаў сродкі атрымліваем у асноўным ад рэалізацыі малака. А дзе браць фінансы на набыццё неабходнага для гаспадарчай дзейнасці? Па некалькі разоў на дзень бываю на фермах, аглядаю палеткі, сад. Не цураюся зазірнуць, ці чыстая вада ў паілках для жывёлы, ці ёсць у кармушках соль, які рацыён кармлення. З такіх дробязей складаецца поспех. Імкнуся пазбавіць сялян звычкі: калі няма побач кіраўніка, можна абы-як рабіць справу. Жывёлаводы ведаюць, што на ферму магу зазірнуць у любы момант. Прывыкаюць да патрабавальнасці і імкнуцца ўсё выконваць як належыць. Патрабую дысцыпліны, за дробязі не чапляюся і імкнуся пагутарыць, пераканаць чалавека. А калі ён наўмысна не хоча разумець патрабаванняў — гэта ўжо іншая справа.

Людзі заходзяць у кантору выпісаць сена, саломы, па іншых пытаннях. Хіба можна ім адмовіць? Праявіш увагу — і чалавек адплоціць дабром. Радуе, што сталі расці вытворчыя паказчыкі.

— Дзякуючы ўзмацненню працоўнай дысцыпліны?

— І не толькі. На малочна-таварнай ферме прыкмеціў надта ўкормленых кароў. Вядома, вялікага малака ад іх не будзе. Загадаў выбракаваць і адшукаць замену. У аддзяленні Дубянец новы малочна-таварны комплекс. Загадчыца ў справаздачы адзначыла, што там 360 нецеляў. Высветліў, што не ўсе дадуць прыплод. Гэта вынік запушчанай селекцыйнай работы. Даручыў галоўным спецыялістам правесці заняткі з жывёлаводамі. І хутка становішча выправілі. Такіх клопатаў хапае кожны дзень. 

— Віталь Іванавіч, якім, на ваш погляд, павінен быць сучасны кіраўнік?

— Усебакова развітым і ўмець працаваць з камандай. Калі хочаш дасягнуць вынікаў, не шкадуй часу на вывучэнне вытворчых дробязей. Праца на зямлі нялёгкая. Нашы галоўныя спецыялісты розныя па ўзросце, характарах, выхаванні, адукацыі і інтэлекце. Захаваўся стэрэатып, што на вёсцы многае даруецца. Мне давялося працаваць у газіфікацыі, дзе на першым плане пунктуальнасць. Так імкнуся кіраваць і патрабую гэтага ад іншых.

— У патрабавальнасці важна не перакруціць гайку.

— Гэта так. Трымаю руку на пульсе гаспадарчай дзейнасці. У мяне былі пытанні да некаторых галоўных спецыялістаў, але знайшлі з імі паразуменне. 

— Беражноўская гаспадарка заўжды славілася адмысловым садам. Ці бачыце перспектыву развіцця гэтай галіны?

— Нашы сады ў асноўным велікарослыя. Палескія фермеры садзяць пальметныя, карлікавыя яблыні і грушы. Ад нашага саду ў такім стане няма надзеі на прыбытковасць. Выкарчоўваем старыя дрэвы і садзім нізкарослыя, упарадкавалі 80 гектараў і атрымліваем там неблагі ўраджай. Нас падтрымлівае старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі. Значную частку садавіны перарабляем на сваім вінзаводзе. Вытворчая лінія яго даўно не абнаўлялася, таму шукаем інвестара, каб наладзіць выпуск высакаякаснай віннай і сокавай прадукцыі. Спадзяемся сабраць не менш за 500 тон яблыкаў і груш. Нашы абсталяваныя па-сучаснаму сховішчы разлічаны на 800 тон садавіны. У садзе растуць раянаваныя сарты яблынь і груш беларускіх селекцыянераў. Двойчы крапім іх ад шкоднікаў. Ураджай пастаўляем для выпуску дзіцячага харчавання.

— Якая прадукцыя ў гаспадарцы найбольш рэнтабельная?

— Рэнтабельнасць малака дасягае 50 працэнтаў. Выгадна таксама вырошчваць збожжавыя. Прыбытковыя раслінаводства і садоўніцтва. Атрыманыя за рэалізацыю прадукцыі сродкі накіроўваем на рэканструкцыю жывёлагадоўчых ферм. Захаваліся яшчэ кароўнікі, куды кармы завозім коньмі. Кожнае рэканструяванае памяшканне па колькасці ўтрымання жывёлы замяшчае тры старыя. Будуем аб’ёмныя сенажныя траншэі.

— Віталь Іванавіч, што вас, як кіраўніка гаспадаркі, больш за ўсё хвалюе?

— Выплата старых даўгоў. Летась пагасілі больш за мільён рублёў. Калі прымаў кіраванне, мне паведамілі, што разлічымся за дванаццаць з паловай гадоў. Пры сённяшніх тэмпах вытворчай дзейнасці тэрмін скараціўся ў чатыры разы. Гэта радуе, а непакоіць тое, што не ўсе фермы забяспечаны ветурачамі. А з механізатарамі і жывёлаводамі ў нас праблем няма. Два юнакі летам папоўнілі калектыў трактарыстаў. У ліцэях, каледжах і вышэйшых навучальных установах вучацца выпускнікі сярэдняй школы. Летам практыкаваліся больш за дзесяць навучэнцаў ліцэяў. Для маладых сем’яў рэканструюем дамы, якія выкупляем у насельніцтва. У былыя гады за свае сродкі пабудавана амаль паўсотні катэджаў. Моладзь застаецца працаваць на зямлі. Радуе, што ёсць каму працягваць багатую гісторыю гаспадаркі.

— Не хвалюе вас, што сваёй сям’і недастаткова ўдзяляеце ўвагі?

— Канешне, імкнуся выкройваць час для родных. Жонцы ўдзячны за чацвёра сыноў. Іх, як і мяне, з маленства вабіць тэхніка. Спа­дзяюся, што прадоўжаць нашу сямейную традыцыю працаваць на зямлі. З будучай жонкаю пазнаёміўся дзякуючы дажджу. Яна з сяброўкамі прыйшла на стадыён пагля­дзець футбол, а я прыехаў туды на старэнькай машыне. Як пачаўся лівень, прапанаваў дзяўчатам схавацца ад дажджу ў аўто. Адна запала ў сэрца. Праз год пажаніліся. Жонка рана асірацела. Нашы маці сябравалі. Пасля вяселля даведаўся, што, калі вучыўся ва ўніверсітэце, маці вялі размову, каб нас пажаніць. На сямейнае жыццё блаславіла бабуля, пажадала жыць сумленна: лепш лустачку хлеба пасыпаць соллю і не спакушацца на чужое. Помніцца і дзядулеў наказ. Мы збіраліся з ім плот гарадзіць. Дык я, каб рукі не пашкодзіць малатком, апрануў рукавіцы. Дзядуля ўбачыў іх і ўсміхнуўся: у рукавіцах цвіка не заб’еш. Часта ўзгадваю гэтыя словы. Ад дзеда пераняў шмат карыснага.

subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter