Нацыянальны парк “Белавежская пушча” стане яшчэ больш прывабным для турыстаў

У пушчу без візы

Нацыянальны парк “Белавежская пушча” стане яшчэ больш прывабным для турыстаў


Па спрошчаным пераходзе “Белавежа — Перароў” замежныя грамадзяне з польскай пушчы змогуць без віз трапіць у беларускую. Да трох сутак ім будзе дазволена часовае знаходжанне на тэрыторыі рэліктавага лесу. Дарэчы, менавіта на гэтым пераходзе пагранічнікі выконваюць арыгінальны рытуал бесперашкоднага пропуску праз мяжу Новага года. Можа, ад гэтай прыгожай традыцыі і нарадзілася “бязвізавая” ідэя? Аднак вернемся ў пушчу.


Часу, каб палюбавацца мясцовымі краявідамі, цалкам дастаткова. Што можна прапанаваць турысту? Разам з экскурсаводам распрацоўваем індывідуальны аўтамабільны маршрут. Першая на нашым шляху — Царская паляна, дзе любяць адпачываць кампаніямі. Турысту-адзіночцы тут рабіць няма чаго. А вось такому мерапрыемству, як конкурс вабільшчыкаў, — самае месца. Дарэчы, у апошнія выхадныя мая ў пушчы спаборнічалі імітатары рову высакароднага аленя. Прыехалі паляўнічыя з 9 краін Еўропы. Спаборніцтвы такога ўзроўню праводзіліся ўпершыню не толькі ў Беларусі, але і на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы.

Другі прыпынак — Музей народнага побыту і старажытных тэхналогій. У асяроддзі грабавай дубровы — старадаўні дом пушчанскага жыхара. Паветра — неверагодна чыстае і свежае. Каб узмацніць уражанні, можна паспрабаваць чарачку самагонкі, на вытворчасць якой пушча мае ліцэнзію. На падворку — сапраўдны самагонны заводзік. Тут жа пакажуць, як ткуць дываны. Падвойнае ткацтва — у Спісе нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.


Далей па шляху руху — маёнтак Дзеда Мароза. Улетку ён нават больш прывабны, чым узімку. Менш людзей, не трэба штурхацца ў чарзе і спяшацца, калі наступная група наступае на пяткі. І Дзед Мароз зможа ўдзяліць больш увагі. А ў завяршэнне — Музей прыроды. Прыгожа, цікава, пазнавальна.

Вальеры ў пушчы ёсць, але жывёл лепш назіраць у жывой прыродзе. З кабанамі і зубрамі можна сустрэцца на веласіпедных маршрутах. Іх распрацавана чатыры. Працягласць — 10-27 кіламетраў. Яшчэ раней для груп турыстаў, якія прыбылі з Польшчы праз пункт пропуску “Белавежа — Перароў” на веласіпедах, распрацаваны маршрут працягласцю 45 кіламетраў. Падчас экскурсіі можна ўбачыць возера Лядское, помнік ахвярам расстрэлу мясцовых жыхароў падчас Вялікай Айчыннай вайны, Царскую дарогу, аленяў, зуброў і многае іншае.


Для аматараў хадзіць пешкі — экалагічная сцежка “Язвінская дуброва” ў кіламетр даўжынёй. Са шматвяковымі дрэвамі, кожнае з якіх з’яўляецца сапраўдным помнікам прыроды. Ёсць двухдзённы пешаходны маршрут. Працягласць — 21 кіламетр. Ну і, вядома, фотасафары. Любы турыст, узброіўшыся камерай, можа правесці фотапаляванне на пушчанскіх жывёл. У распараджэнні паляўнічага з камерай восем гадзін.

Плошча Белавежскай пушчы складае больш за 150 тысяч гектараў. Узрост асобных участкаў — ад 250 да 350 гадоў, ёсць 500-600-гадовыя дубы і сосны. Першы закон аб ахове пушчы быў выдадзены яшчэ ў XVI стагоддзі каралём Жыгімонтам I

У нацыянальным парку створаны нядрэнныя ўмовы для тых, хто прыязджае з начлегам. Можна ўладкавацца ў гасцінічным комплексе “Камянюкі” з трыма карпусамі, у гасцініцы побач з музеем, а таксама ў гасцявых доміках у лясніцтвах. Побач з пушчай размяшчаецца некалькі аграсядзіб, дзе таксама здаюцца нумары. І гэта будзе танней, чым у мясцовых гасцініцах.


Аксана Багалейша, начальнік турыстычнага аддзела Нацыянальнага парку “Белавежская пушча”, расказала, што ўжо распрацаваны праграмы для замежных турыстаў:

— Мы прапаноўваем аднадзённыя, двухдзённыя і трохдзённыя экскурсіі з наведваннем нашых турыстычных аб’ектаў і прыродных славутасцяў. Госці з боку Польшчы па спрошчаным пераходзе могуць прыехаць на сваіх веласіпедах. Ці ж мы самі прадаставім транспарт — веласіпеды альбо аўтамабіль, які адвязе ў гасцініцу, у музеі. У выпадку патрэбы транспарт будзе чакаць турыстаў ля перахода.

Нядаўна беларусы арганізавалі двухдзённы тур для прадстаўнікоў турыстычнага бізнесу Польшчы. Найбольшае ўражанне на кіраўнікоў польскіх турфірм зрабілі пушчанскія азёры — такіх на польскім баку няма.


Дарэчы

Замежныя турысты могуць знаходзіцца на тэрыторыі Белавежскай пушчы на падставе пашпарта або іншага дакумента, які яго замяняе, прызначанага для выезду за мяжу. Дакумент, які прадастаўляе замежніку права на наведванне нацыянальнага парку, можа быць выдадзены без пасрэдніцтва турыстычных арганізацый. Запоўніць такі дакумент можна самастойна ў рэжыме анлайн-браніравання на сайце нацпарку “Белавежская пушча” пасля аплаты адзначаных турыстычных паслуг. Перамяшчэнне замежнікаў па тэрыторыі парку магчыма па ўстаноўленых адміністрацыяй турыстычных маршрутах (веласіпедных, пешаходных ды іншых).

Валянціна Казловіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter