У пошуках дзівосаў — на паўднёвы ўсход

Сёння “НГ” знаёміць чытачоў з цудамі ГомельшчыныДалучайцеся ўсёй сям’ёй!Наша акцыя “Сем цудаў Беларусі” знайшла нямала прыхільнікаў сярод чытачоў. (Што, зрэшты, і не дзіўна, мы ў тым і не сумняваліся, бо былі ўпэўнены, што людзі, якія чытаюць “Народную газету”, не могуць застацца раўнадушнымі да краязнаўчай акцыі.) Акрамя пісьмаў у падтрымку таго ці іншага з ужо названых на старонках газеты аб’ектаў або з прапановай уключыць у спіс дзівосаў нешта яшчэ незгаданае, мы атрымліваем і цікавыя паведамленні пра тое, як ідэя “Народнай газеты” атрымлівае развіццё ў народзе.

Так, напрыклад, нядаўна ў карэспандэнцкі пункт у Віцебску пазванілі краязнаўцы з Верхнядзвінска (летапіснай Дрысы, вядомай з 1386 года, такую назву горад і насіў да 1962-га). Яны цікавіліся “тэхналогіяй” абрання сямі цудаў, бо падобную акцыю збіраюцца правесці ў маштабах свайго раёна. А ў Волме Дзяржынскага раёна (мясцовая школа з экалагічным ухілам — добры сябар “ЭкоСреды” “НГ”) і наогул вызначылі сем цудаў адной вёскі. Думаеце, не знайшлося? Яшчэ як! Прычым некаторыя — як палацава-паркавы комплекс Ваньковічаў (там зараз месціцца філіял экалагічнага універсітэта імя Сахарава) ці сляды старажытнага ледавіка — вялізныя валуны ў наваколлі — цалкам могуць прэтэндаваць на цуды зусім не мясцовага маштабу.
Тое, што нашу ідэю падхапілі на месцах, толькі радуе. Таму што акцыя “Сем цудаў Беларусі” — гэта не толькі вызначэнне сямі самых выдатных аб’ектаў архітэктуры, прыроды, культурнай спадчыны, выбітных людзей, адкрыццяў, зробленых беларусамі. Названае — гэта заключны, канчатковы пункт нашай агульнай вандроўкі. Але галоўная яе мэта — паказаць з вашай дапамогай, пры вашым непасрэдным удзеле, шаноўныя чытачы, як мага больш гэтых самых дзівосаў (а іх у нашай краіне — наўрад ці хто дакладна здолее сказаць, колькі), каб пасля, ужо здарожыўшыся, стаміўшыся ад уражанняў і захаплення, вызначыць сем самых-самых...
Але гэта будзе пасля. А пакуль што, нягледзячы на тое, што падарожжа наша доўжыцца ўжо год, можна сцвярджаць, што мы яшчэ на самым пачатку шляху. Шмат пра што мы ўжо расказалі, але колькі яшчэ цікавага наперадзе! У бліжэйшых выпусках “Сямі цудаў” мы запросім да ўдзелу ў акцыі навукоўцаў, гісторыкаў, краязнаўцаў (аб чым вы абавязкова прачытаеце на старонках “НГ”). Зрэшты, мы робім гэта ўжо сёння: пра адно з цудаў, якімі дзеліцца з намі Гомельшчына, Тураўскае евангелле — расказвае пісьменнік і краязнавец Анатоль Бутэвіч. (Дарэчы, крыху забягаючы наперад, заўважым, што гэты аповед — не адзіны, які Анатоль Іванавіч пакінуў для “Народнай газеты”. Сачыце за наступнымі выпускамі.)
Але ўсё ж асновай пры вызначэнні самых цудоўных цудаў будуць вашы меркаванні, шаноўныя чытачы. Мы нездарма змясцілі гэту публікацыюzm1.jpg ў самай сярэдзіне любімай многімі “Сям’і”. Вызначайце цуды ўсёй сям’ёй, далучайцеся да абмеркавання! Спытайцеся, што думаюць на гэты конт вашы дзеці, якія вывучаюць гісторыю, геаграфію, літаратуру сваёй краіны ў школе ці ва універсітэце, ездзяць па Беларусі на экскурсіі. Далучыце да абмеркавання сваіх бацькоў, якія шмат чаго бачылі ў жыцці — у іх свая шкала каштоўнасцей, і гэта таксама цікава. Магчыма, у вашай вёсцы ці горадзе ёсць мясціна, чалавек, будынак, пра якіх ведае зусім няшмат людзей, але пра якіх абавязкова трэба расказаць. Пішыце пра тое, што лічыце вартым назваць цудам  іменна вы, не азірайцеся на агульнапрызнаныя аўтарытэты (хаця, калі вы згодныя з тым, што гэты самы агульнапрызнаны ў цудоўным рэйтынгу аб’ект па праву знаходзіцца на сваім месцы — галасуйце за яго). Кожны голас, кожнае ваша меркаванне, нават самыя незвычайныя, будуць улічаны. Памятаеце, як у Танка: “Можа, усе колеры ўжо адкрыты — мне засталіся яшчэ спалучэнні”. У кожнага спалучэнне колераў на стракатай карціне цудаў нашай найлепшай зямлі — сваё. Падзяліцеся імі з іншымі. Уявіце, якая поўная, прыгожая, незвычайная панарама атрымаецца, калі мы ўсё разам аб’яднаем...
Для вашай зручнасці змяшчаем анкету. Запоўніць яе, выразаць, прыслаць у рэдакцыю з пазнакай на канверце “7 цудаў” зусім нескладана. Калі ж вы колькі слоў напішаце пра тое, чаму менавіта гэтаму цуду вы аддаяце свой голас, і пару радкоў пра сябе — будзем вам вельмі ўдзячныя.
Чакаем вашых допісаў! Давайце складаць самую дзівосную карту нашай дзівоснай Радзімы разам!

1. Палацава-паркавы ансамбль у Гомелі (палац Румянцавых—Паскевічаў). Захаваўся амаль без перабудовы з канца XVIII — пачатку ХІХ стагоддзя. Аналагаў у Беларусі не мае.
2. Нацыянальны парк “Прыпяцкі”. Унікальнае спалучэнне флоры і фауны, многія прадстаўнікі якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. На тэрыторыі парку знаходзяцца вядомыя на ўсю Еўропу пойменныя дубровы. Некаторым дрэвам у іх — па 600—700 гадоў.
3. Растучы крыж на могілках у Тураве. Вядомая не толькі ў Беларусі, але і ў суседніх краінах святыня, з’явілася некалькі гадоў назад. Кожны год каменны крыж вырастае з зямлі на некалькі сантыметраў. Па адной з версій, крыж расце на месцы пахавання святога Кірылы Тураўскага, месцазнаходжанне магілы якога дагэтуль невядомае, па другой — гэта адзін з трох каменных крыжоў, якія, паводле падання, прыплылі ў Х стагоддзі з Кіева ў Тураў па Прыпяці супраць цячэння.
4. Радовішча харчовай солі ў Мазырскім раёне. Соль найвышэйшай якасці, запасаў хопіць на дзесяткі пакаленняў.
5. Стаянка старажытнага чалавека ў Юравічах Калінкавіцкага раёна. Адна з самых старажытных на тэрыторыі Еўропы — налічвае 26 з паловай тысяч гадоў.
6. Веткаўскі музей народнай творчасці. Экспанаты музея без перабольшвання унікальныя: старажытныя рукапісныя і друкаваныя кнігі, пачынаючы з ХVI стагоддзя, старыя тканіны, каля паўтысячы стараверскіх і народных абразоў.
7. “Брагінскі метэарыт”. У мясцовым музеі знаходзіцца метэарыт вагой 38 кг, а ў наваколлі Брагіна — ля вёскі Крукі была знойдзена глыба касмічнага паходжання вагой 270 кг. Гэта рэшткі метэарытнага дажджу 1807 года.

Тураўскае Евангелле

zm2.jpgКолькі б ні мінула часу ад запачаткавання кніжнай справы на свеце, а нас не перастае хваляваць тая далёкая кніга, сапраўдная, першая, з якой усё і пачалося. Бо яна і да гэтага часу захоўвае не толькі дабравесце для людзей, але і дыхае цяплом рук, што яе стварылі. Да такога неацэннага скарбу адносяцца рукапісныя кнігі. Самымі каштоўнымі і старадаўнімі рукапіснымі кнігамі на беларускай зямлі лічацца Тураўскае евангелле XI стагоддзя, Полацкае евангелле XII стагоддзя і Аршанскае евангелле канца XII — пачатку XIII стагоддзя.
Сёння цяжка нават уявіць, каб чалавек суткамі, месяцамі, гадамі сляпіў вочы толькі з адной мэтай — перапісаць кнігу. Ён ператвараў трымцівы агеньчык свечкі, спадарожніцы няўтомнай працы, у непагаснае святло ведаў і прасвятлення чалавечай душы. Ды не проста перапісваў, а карпатліва і настойліва ствараў сапраўдны мастацкі шэдэўр, з усёй шчырасцю ўпрыгожваў старонкі арнаментамі і малюнкамі.
Сярод такіх старадаўніх рукапісных рарытэтаў, сагрэтых душой і рукамі добраахвотных прыхільнікаў кніжнага прыгоства, найпершым з’яўляецца Тураўскае евангелле. Па сведчанні вучоных, гэта самая старажытная рукапісная кніга, якая была створана на беларускай зямлі.
Назва Евангелля паходзіць ад месца яго адкрыцця ў 1865 годзе — у Тураве тагачаснага Мазырскага павета. Была і яшчэ адна спадарожная акалічнасць. Да самага пачатку XVI стагоддзя Евангелле належала Тураўскай Праабражэнскай царкве. Пра прыналежнасць яго тураўчанам сведчылі і два запісы, зробленыя на старонках кнігі князем Канстанцінам Іванавічам Астрожскім.
У той час знакамітаму ў Вялікім княстве Літоўскім княскаму роду Астрожскіх належаў і Тураў. Канстанцін Астрожскі быў вядомым военачальнікам, здабыў перамогі больш як у 60 бітвах. Найвышэйшы гетман княства, віленскі кашталян, трокскі ваявода, ён па колькасці падданых і памерах зямлі, што належала яму, лічыўся другім чалавекам у дзяржаве. Акрамя таго, князь выступаў заўзятым прыхільнікам і абаронцам праваслаўя, рэлігійным мецэнатам, шчодра падтрымліваў цэрквы.
У адным са сваіх укладных (даравальных) запісаў, зробленых у Тураўскім евангеллі 2 мая 1508 года, князь Астрожскі “з женою... княгинею Татьяною и з сыном... князем Илнею надали есмо в Турове... церкви Божей к преображению Господа Бога и Спаса нашего Иясуса Христа (і святарам яе Мітрафану і Мацвею)... сад с пасекою и поле з сеножатьми”, а таксама азёры і іншыя землі “вечно и на векы непорушено”.
10 лютага 1513 года з’явіўся другі запіс аб тым, што той самай царкве і тым самым святарам Канстанцін Астрожскі перадаў “три поли на пересельи села Вересницького” з усімі іншымі ўгоддзямі на спрадвечнае карыстанне.
Старажытны рукапісны помнік знайшоў у час археаграфічнай паездкі па беларускіх землях Мікалай Сакалоў. Натрапіў на яго выпадкова. У скрыні для вугалю валялася старадаўняя рукапісная кніга. Даследчык даўніны зразумеў, якая каштоўнасць трапіла ў рукі, і прывёз яе ў Віленскую публічную бібліятэку. Тут правялі даследаванне і высветлілі, што напісана Евангелле на пергаменце — надзвычай трывалай спецыяльна апрацаванай скуры, якая са старажытных часоў выкарыстоўвалася для пісьма. Пергамент мае невялікія дзірачкі — выдаткі апрацоўкі скуры. Захавалася ўсяго 10 аркушаў, альбо 20 старонак тэксту. Яны пераплецены ў невялікі сшытачак. Евангелле перапісана на царкоўнаславянскай мове, уставам — самым старажытным відам кірыліцкага пісьма.
Абрысы літар надзвычай выразныя. Ініцыялы, як завуцца павялічаныя пачатковыя літары раздзелаў, размаляваны чырвонай і сіняй фарбамі на зялёным фоне.
Памер Евангелля 20,5 на 26,5 сантыметра. На кожнай старонцы змешчана 18 радкоў. Колер чарніла каштанавы. Як і ўсе старажытныя спісы Евангелля, Тураўскае таксама адносіцца да тыднёвага апракасу. Тэкст у іх размяшчаўся ў той паслядоўнасці, як неабходна чытаць яго падчас богаслужэння.
Тураўская знаходка да гэтага часу захоўваецца ў Вільнюсе. У пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя Евангелле было адрэстаўравана і апранута ў новы пераплёт.
Тураўскае евангелле дае ўяўленне і пра стан развіцця гэтай зямлі наогул. Як сведчаць легенды, амаль 900 гадоў таму з Кіева па Дняпры і Прыпяці ў Тураў цудадзейным чынам прыплылі больш за дзесяць вялікіх каменных крыжоў. Мо гэта сталася Божай адзнакай святасці гэтай дабрадзейнай зямлі, засцярогай яе ад непамыснасці і неспрыяння? У Тураве здаўна была шырока распаўсюджана пісьменнасць. Ёю карысталіся князі і вяльможы, яна бытавала ў манастырах.
Дзейнічала тут другая па старажытнасці праваслаўная епархія на Беларусі, існавала вучылішча. Мяркуюць, што Кірыла Тураўскі, пакуль у 1161 годзе стаў тураўскім епіскапам, жыў у манастыры, з’яўляўся настаўнікам. I невядома, не знойдзена пераканаўчых доказаў, ці займаўся ён перапісваннем кніг. Аднак добра вядома, што Кірыла Тураўскі належыць да знаных культурных і царкоўных дзеячаў, з’яўляецца майстрам аратарскай прозы, прапаведнікам і асветнікам. Ён першы на Русі “стоўпнік” — чалавек, які цалкам адасобіўся ад жыцейскай мітусні, зачыніўся ў манастырскай вежы і прысвяціў сябе малітоўнаму служэнню Богу. Там напісаў свае першыя творы — як вынік глыбокіх роздумаў над жыццём. Усяго Кірылу Тураўскаму належыць каля 70 малітваў, прытчаў, павучанняў, пропаведзей, твораў іншых жанраў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter