У першым складзе перад нацiскам...

Наша мова зусiм нават не просценькая i не нехлямяжая...

Паразважаць хачу аб роднай мове. Нядаўнi закон аб правiлах беларускай арфаграфii i пунктуацыi чапаць не буду. Не мовазнаўца, не мне меркаваць  аб яго вартасцях i хiбах – час пакажа. Адно  з гэтай нагоды заўважу: калi б мова наша была мёртвая, накшталт шумерскай цi  лацiнскай, быў бы гэты закон для яе як для нябожчыка прыпарка. Але ж моўны, так бы сказаць, наш арганiзм расце i ўзмацоўваецца, як багдановiчава дрэва, гэта ўлiчана. 

Што мяне як класiчнага «тутэйшага» радуе, дык гэта пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы без усялякага гвалту i прымусу. Спакваля цi пакрысе, што, у прынцыпе, адно i тое ж. Не тая рэч мова, каб аблогай яе браць цi на рубон iсцi. Хаця, калi быць сумленным перад самiм сабой, адзiн цалкам гвалтоўны  метад яе вывучэння я ведаю. Практыкаваў яго на журфаку прафесар Аркадзь Наркевiч, якога за яго апантанасць, рэдкую адданасць усяму беларускаму многiя пакаленнi журфакаўцаў з павагай звалi Юс Вялiкi. Дык вось, усiм тым студэнтам, якiя мову ў школе не вывучалi, Аркадзь Iосiфавiч даваў... дзесяць сшыткаў. Звычайных вучнёўскiх сшыткаў, якiя патрэбна было запоўнiць любымi мастацкiмi тэкстамi на беларускай мове. Дзiўна, але экзамены прафесару потым здавалi ўсе, а некаторыя з тых, хто колiсь наконт мовы нi ў зуб нагой, i сёння працуюць у беларускамоўных выданнях. 

Вядома, практыку унiверсiтэцкай аўдыторыi на ўсё грамадства не распаўсюдзiш. А калi i зробiш, то з вялiкай шкодай для ўсiх. Што, скажыце, добрага атрымалася ў суседняй Украiне, калi там не толькi рускамоўныя школы зачыняюць, але яшчэ i галiвудскiя блакбастэры прымушаюць перакладаць на «рiдну мову»? Вельмi, дарэчы, цiкава, што галоўным русафобам тут лiчыцца мiнiстр Вакарчук, чый сын, лiдэр найпапулярнейшага ўкраiнскамоўнага гурта Святаслаў Вакарчук, зарабляе грошы як раз на бяскрайнiх прасторах Расii. Што ж будзе, скажыце, калi прымусiць яго перакласцi ўсе свае тэксты на «расейскую» мову? 

Енкi пра тое, што наша родная мова ў вялiкiм заняпадзе, дзе-нiдзе яшчэ чутны. Ну, калi хтосьцi без гэтага не можа цi дывiдэнды якiя мае за  «ўзвышаны» ў патрэбны момант голас у абарону беларускасцi, мне што з таго? Я добра ведаю, што той, хто на мове хоча гаварыць,  той i гаворыць. Не буду тут прыводзiць у прыклад маркетолагаў транснацыянальных карпарацый, якiя запускаюць беларускамоўныя рэкламныя ролiкi – гэтыя дзеля грошай i на шумерскай загавораць. Гарадскiя выпускнiкi, большасць якiх iдуць здаваць тэсты на беларускай мове, гэта, згадзiцеся, iншае. Навучэнцы невялiкай беларускай  школкi на Палессi, якiя замест «тождеств» разбiра-юцца з тоеснасцямi i без праблем паступаюць у самыя прэстыжныя навучальныя ўстановы, таксама.  Цi мой сусед па лецiшчы, карэнны русак перад-пенсiйнага ўзросту, якi спрабуе загаварыць на мове. Iншы раз мне вельмi смешна з таго, як у яго гэта атрымлiваецца, але да iмкнення такога стаўлюся з павагай, падказваю, дапамагаю. Ды i на ўсiх астатнiх, хто збiваецца часам на трасянку, чаго глядзець з пагардай — няхай вучацца людзi. А бывае,чытаеш народжаны дзе-небудзь у канцылярыi беларускi тэкст з такiмi памылкамi,  што зло бярэ, – няўжо нельга было проста патэлефанаваць у любую школу i запытацца ў настаўнiка-моваведа, як гэта слова перакладаецца? 

Яна, наша мова, зусiм нават не просценькая i не нехлямяжая: яе выразных сродкаў хапае, каб выказаць любую думку, перадаць безлiч нюансаў i адценняў.  Сам я, да прыкладу, лiчыў, што трохi яе ведаю. Але вось памёр любiмы мой пiсьменнiк Янка Брыль, i я ўзяў у рукi яго кнiжку. I адчуў сябе невукам. Бо, каб ведаць мову так, як ведаў яе Брыль, раскiдваць па старонках жменi сонечных промняў з iх светлым сумам, цi з салёным мужыцкiм гумарам распавядаць пра  вiсусаў i свавольнiкаў з Нiжнiх Байдуноў, трэба жыць доўга i ўсё жыццё вучыцца. Па школьных падручнiках, дзе напiсана пра тое, што ў першым складзе перад нацiскам лiтары «е» i «ё» абавязкова пяройдуць у «я»,  па iншых кнiжках, якiх нам у спадчыну засталося шмат. 

Ёсць такая любiмая кнiжка i ў мяне. Тая самая, што некалi «выйшла з друкарнi пана Марцiна Кухты». 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter