У Навагрудку з’явіцца помнік заснавальніку і першаму князю ВКЛ Міндоўгу

Міністэрства культуры толькі днямі аб’явіла конкурс на стварэнне эскізных праектаў помніка.

Праўда, калі менавіта гэта адбудзецца, пакуль гаварыць складана. Міністэрства культуры толькі днямі аб’явіла конкурс на стварэнне эскізных праектаў помніка. Хаця зрабіць гэта можна было б даўно. Пра Вялікае Княства Літоўскае вядома ўжо сем стагоддзяў, а яго заснавальнік да сёння ніяк не быў увекавечаны ў Беларусі, у прыватнасці, у першай сталіцы ВКЛ Навагрудку, дзе ў асноўным і праходзіла палітычная дзейнасць Міндоўга. Ідэя праекта атрымала падтрымку не толькі ў прадстаўнікоў улады і творчай інтэлігенцыі, але і простых беларусаў, якія спяшаліся пракаментаваць навіну: “Правільна! А то куды ні глянь — усюды Ленін... Як быццам гэта ўся наша гісторыя”. Зрэшты, тут можна паспрачацца, бо не толькі помнікі Ільічу можна сустрэць на вуліцах і плошчах беларускіх гарадоў. Карэспандэнт “НГ” даведалася, манументы якім знакавым гістарычным асобам часоў таго ж ВКЛ, звязаным з Беларуссю, ужо ёсць у нашай краіне.

— У вёсцы Пялеса Воранаўскага раёна два гады таму адкрыты помнік князю Вялікага Княства Літоўскага Вітаўту. Аўтар помніка — літоўскі скульптар Альгімантас Сакалаўскас. Скульптура вышынёй больш за шэсць метраў выраблена з асаблівай пароды дуба ў тэхніцы традыцыйнай літоўскай нацыянальнай разьбы па дрэве. Скульптар адлюстраваў князя ў вобразе рыцара ў кароне, які ў левай руцэ трымае скіпетр — знак улады, а правай абапіраецца на меч.

— У Лепелі два гады таму з’явіўся помнік гетману і вялікаму канцлеру ВКЛ Льву Сапегу, які пэўны час валодаў гэтым горадам. Агульная вышыня помніка з пастаментам — каля трох з паловай метраў. Леў Сапега ў  правай руцэ трымае булаву — адзнаку гетманскай улады, а левай абапіраецца на эфес шляхецкай шаблі. Аўтар помніка — мінчанін Леў Аганаў.

 Удзельнічаць у конкурсе на стварэнне эскізных праектаў помніка Міндоўгу ў Навагрудку могуць прафесійныя скульптары і архітэктары. Заяўку падаць варта да 26 кастрычніка па адрасе: г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 316. Конкурсныя матэрыялы будуць разгледжаны журы на закрытым пасяджэнні не пазней за 2 лістапада 2012 года.

— У Брэсце чатыры гады таму адкрыты памятны крыж гетману Вялікага Княства Літоўскага Канстанціну Астрожскаму. Манументальная выява крыжа ўсталявана недалёка ад Свята-Мікалаеўскага гарнізоннага храма на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці — на месцы, дзе ў 1596 годзе па ініцыятыве і пры ўдзеле князя Канстанціна Астрожскага адбыўся Праваслаўны Сабор.

— У Давыд-Гарадку Столінскага раёна ўсталяваны помнік ваеннаму і дзяржаўнаму дзеячу ВКЛ, заснавальніку горада Давыду Гарадзенскаму, які быў у шлюбе з дачкой вялікага князя літоўскага Гедыміна. Помнік з’явіўся ў горадзе ў канцы ХХ стагоддзя. Князь Давыд Гарадзенскі стаіць на стылізаваным зване на цэнтральнай плошчы Давыд-Гарадка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter