У музей завіталі творы вялікіх майстроў

У Беларусі гасцююць каралеўскія скарбыНа працягу трох месяцаў жыхары і госці Беларусі могуць пабачыць прадметы, якія калісьці служылі прадстаўнікам вядомых еўрапейскіх манархій. Карціны, мэбля, упрыгожанні, асабістыя рэчы — усяго больш за 80 экспанатаў, унікальных прадметаў XVII—XVIII стагоддзяў.
У Беларусі гасцююць каралеўскія скарбы
Скарбы з Вялікабрытаніі ў “Залатой зале” Нясвіжскага палаца РадзівілаўНа працягу трох месяцаў жыхары і госці Беларусі могуць пабачыць прадметы, якія калісьці служылі прадстаўнікам вядомых еўрапейскіх манархій. Карціны, мэбля, упрыгожанні, асабістыя рэчы — усяго больш за 80 экспанатаў, унікальных прадметаў XVII—XVIII стагоддзяў.
З 16 жніўня па 4 лістапада ў Нацыянальным мастацкім музеі і Нясвіжскім замку праходзяць выставы “Каралеўскія скарбы: еўрапейскія шэдэўры 1600—1800”, арганізаваныя Музеем Вікторыі і Альберта пры ўдзеле Міністэрства культуры Беларусі і Пасольства Беларусі ў Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі. Згаданы лонданскі музей, нагадаем, адзін з буйнейшых у свеце па калекцыях дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дызайну. І, пэўна, адзіны, дзе практычна не бывае выхадных, акрамя трох калядных дзён. Заснаваны пад уплывам поспеху знакамітай лонданскай “Вялікай выставы прамысловых работ усіх народаў” у 1851 годзе, збор першапачаткова называўся Музеем мануфактур. Дзякуючы шчодрым ахвяраванням арыстакратыі, актыўнай падтрымцы прынца Альберта, мужа каралевы Вікторыі, музею хутка ўдалося сабраць буйную калекцыю лепшых тварэнняў вялікіх майстроў таго часу. У 1899-м ён стаў Музеем Вікторыі і Альберта — у знак павагі да каралеўскай сям’і. Цяпер у 145 залах на шасці паверхах захоўваюцца творы мастакоў і майстроў з Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Францыі, Германіі, Бельгіі, Італіі, Расіі, Іспаніі і Галандыі. Большая частка экспанатаў звязана з імёнамі манархаў і прадстаўнікоў арыстакратыі, таму цесна спалучана з гісторыяй тагачаснай Еўропы.
З багатай калекцыі для выставы ў Беларусі адабрана 83 экспанаты. 49 з іх экспануюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску — у асноўным жывапіс і скульптуры. Астатнія ж, а гэта аксэсуары і творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выстаўлены ў “Залатой зале”, якая толькі нядаўна адкрылася ў Нясвіжскім гісторыка-культурным музеі-запаведніку, галоўнай рэзідэнцыі вялікіх князёў Радзівілаў. Таксама, дарэчы, вялікіх аматараў падобных тварэнняў. Між тым аказалася, што ў Музеі Вікторыі і Альберта зберагаюцца некалькі прадметаў XVI стагоддзя з нясвіжскіх сховаў, праўда, на гэтую выставу іх не прывезлі. Як расказала намеснік дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Надзея Усава, “гэта першая выстава гістарычных каштоўнасцяў з заходнееўрапейскіх музеяў такога высокага ўзроўню. Па каштоўнасці музейных экспанатаў яе можна параўнаць з піцерскім Эрмітажам. Нам прыйшлося пераадолець шмат цяжкасцяў на шляху яе падрыхтоўкі. Мы выканалі ўсе патрабаванні брытанскіх музейшчыкаў”.
А патрабаванні сур’ёзныя. Скажам, было заменена вітрыннае шкло на больш тоўстае, у залах усталяваны сучасны клімат-кантроль. Так што сёння там па абсталяванасці — сусветны стандарт.

Іна Ганчаровіч
На здымку:
Скарбы з Вялікабрытаніі ў “Залатой зале” Нясвіжскага палаца Радзівілаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter