«У любовi, веры i надзеi трымайце сэрцы!..»

Вершы  i  песнi  гродзенскай  паэтэсы  Людмiлы  Кебiч  прайшлi  ў  Мiнску  на  бiс

Вершы  i  песнi  гродзенскай  паэтэсы  Людмiлы  Кебiч  прайшлi  ў  Мiнску  на  бiс 

У сталiчным Доме дружбы прайшоў творчы вечар паэтэсы з Гродна Людмiлы Кебiч. Удзел у iм прынялi прыхiльнiкi яе таленту, паплечнiкi па лiтаратурным цэху, студэнцкая моладзь. 

Людмiла Кебiч – выкладчык тэорыi музыкi Гродзенскага каледжа мастацтваў i аўтар чатырох паэтычных зборнiкаў. А з паўсотнi яе вершаў сталi выдатнымi лiрычнымi песнямi. Да паэзii Людмiлы Кебiч звяртаюцца нават беларускiя кампазiтары-прафесiяналы, сярод якiх Вiктар Войцiк, Ядвiга Паплаўская, Леанiд Захлеўны. Але найлепшы яе памочнiк у песеннай справе — муж Генадзь, таксама выкладчык каледжа мастацтваў, вiртуоз-музыкант, якi iграе на многiх iнструментах. Ён аўтар музыкi да большасцi яе вершаў, а побач з жонкай на сцэне яшчэ i акампанiятар, бо свае песнi Людмiла Кебiч выконвае сама, i гэта выдатна атрымлiваецца (разам з мужам яны закончылi ў свой час Маладзечанскае музычнае вучылiшча). 

З маладосцi два гэтых прыгожых, цiкавых i таленавiтых чалавекi крочаць поруч у жыццi i ў працы, у ладзе i згодзе выхавалi траiх дзяцей, дапамагаюць гадаваць унукаў i... ствараюць песнi ў розных стылях —  эстрадным, народным i нават джазавым. Многiя з iх, ранейшыя i новыя, а таксама вершы Людмiлы Кебiч прагучалi на вечарыне. I трэба сказаць, не пакiнулi раўнадушнымi нiкога з прысутных. Гасцям з Гродна шчодра апладзiравалi, з задавальненнем падпявалi, а асаблiва ўпадабаную кампазiцыю “Пераборы” (дарэчы, менавiта з яе некалi пачалася песенная творчасць сямейнага тандэма) нават папрасiлi паўтарыць на бiс. Уласна мне даўно не даводзiлася бачыць, каб нехта з пiсьменнiкаў здолеў гэтак нясумна i ня­змушана правесцi сваю паэтычную iмпрэзу, захапiць увагу аўдыторыi, прычым пераважна маладзёжнай, знайсцi з ёй кантакт i шчырае паразуменне. Невыпадкова за цудоўны вечар Людмiле i Генадзю Кебiч дзякавалi i сталiчныя калегi-пiсьменнiкi, i простыя прыхiльнiкi вершаванага радка.  

На роднай Гродзеншчыне Людмiла Кебiч — чалавек даволi вядомы, часта ўдзельнiчае ў творчых сустрэчах, узначальвае абласную арганiзацыю Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. А вось прэзентацыя сваёй творчасцi ў Мiнску, перад сталiчнай публiкай, — для яе дэбют. Разам з тым выступленне гродзенскай паэтэсы стала першай ластаўкай новага праекта, падрыхтаванага Саюзам пiсьменнiкаў Беларусi. Як расказаў сакратар праўлення гэтай грамадскай творчай арганiзацыi Георгiй Марчук, падобныя мерапрыемствы будуць ладзiцца i надалей з тым, каб папулярызаваць беларускую лiтаратуру i яе таленавiтых стваральнiкаў, нямала з якiх жывуць у правiнцыi. Мяркуецца, што ўжо вясной сталiчныя жыхары пазнаёмяцца з творчасцю пiсьменнiкаў з Вiцебшчыны, а пасля i з усiх астатнiх абласцей рэспублiкi. На думку Георгiя Марчука, такiя сустрэчы будуць цiкавымi i аматарам мастацкага слова, i самiм пiсьменнiкам, i прадстаўнiкам iншых творчых прафесiй. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter