У логаве Гітлера

адразу пасля бою за Берлін пабываў наш зямляк

адразу пасля бою за Берлін пабываў наш зямляк

У пачатку 1985 года, гасцюючы ў пляменніцы маёй жонкі Наташы Мальгіной у Бабруйску, я даведаўся, што ў горадзе жыве ўдзельнік узяцця Берліна і штурму Рэйхстага. Здымак, дзе ён (другі злева) сфатаграфаваны разам з баявымі таварышамі каля гітлераўскага глобуса, змешчаны ў кнізе Маршала Савецкага Саюза Георгія Канстанцінавіча Жукава “Успаміны і роздум”.

Я зацікавіўся такой навіной, звярнуўся да мясцовага начальства па адрас франтавіка, і мяне падвезлі да яго дома.

Дзверы адчыніў сам гаспадар. Міхаіл Ільіч тут жа прапанаваў чаю і з ахвотай распавёў, як усё было.

...Да вайны на ўроках геаграфіі малады настаўнік пачатковых класаў Міхаіл Ільіч Цыбаненка расказваў сваім вучням пра новабудоўлі нашай краіны, гістарычныя падарожжы і адкрыцці. Паказваў на глобусе акіяны і моры, мацерыкі і астравы, тыя мясціны роднай зямлі, дзе савецкія людзі здзіўлялі свет сваёй натхнёнай стваральнай працай. І не падазраваў, што, магчыма, у гэты ж самы час Гітлер таксама стаіць каля свайго вялізнага глобуса побач з самазадаволеным Герынгам, пазіруе, быццам ён — будучы валадар планеты.

Такі здымак быў змешчаны на ўсю вокладку фашысцкага часопіса. У 1943 годзе каля горада Арла франтавы карэспандэнт “Комсомольской правды” Рыгор Капусцянскі ўбачыў яго затаптаным у гразь адступаючымі салдатамі шалёнага фюрэра.

Гэта было знакам канчатковага правалу фашысцкай авантуры.

І карэспандэнт даў цвёрдае салдацкае слова абавязкова дайсці да Берліна, знайсці фашысцкую бярлогу і зрабіць там свой здымак знакамітага глобуса з савецкімі волатамі-пераможцамі побач...

А ў гэты час былы настаўнік пачатковых класаў Міхаіл Ільіч Цыбаненка вызваляў Украіну і Малдавію разам з таварышамі-танкістамі.

Нарэшце настаў доўгачаканы дзень вясны 1945 года.

...Задымлены, пашчэрблены кулямі і снарадамі, прывідам-зданню ўзвышаецца над руінамі Рэйхстаг. Над ім горда лунае чырвоны Сцяг Перамогі. А вось і ён, кабінет нацысцкага верхаводы. Майскае сонца праз прабоіны ў сценах, як штыкамі, промнямі працінае яго наскрозь, свежы вецер выдзімае з яго смярдзючы фашысцкі дух, і вось ён, той глобус, да якога цягнуўся драпежны кіпцюр Гітлера.

Цяпер каля глобуса шалёнага фюрэра тоўпяцца савецкія воіны.

Сярод іх настаўнік лейтэнант Міхаіл Ільіч Цыбаненка і яго баявы таварыш Ліверый Іванавіч Шыльнікаў.

— Ну і гад, — смяюцца байцы з Гітлера. — Дзяліў-дзяліў зямлю, а для сваіх касцей нават чытырох метраў не выкарыстаў...

Якраз у гэты момант пачулася пстрычка “лейкі” карэспандэнта Рыгора Капусцянскага. У выніку з’явіўся на свет унікальны гістарычны здымак, зроблены ў Рэйхстагу. На ім — Ліверый Іванавіч Шыльнікаў і Міхаіл Ільіч Цыбаненка.

На той час карэспандэнт не запісаў у блакнот іх прозвішчаў. І толькі калі гістарычны здымак трапіў у кнігу Маршала Савецкага Саюза Георгія Жукава, пачаліся пошукі байцоў, якія на здымку.

— Бачыў гэты здымак у кнізе і я, — усміхаючыся той самай усмешкай, што і на гістарычным здымку, казаў работнік аднаго з домакіраўніцтваў Бабруйска падпалкоўнік у адстаўцы Міхаіл Ільіч Цыбаненка. — Але не верылася, што вось так, адразу пасля апошняга бою, можна было зрабіць крок у гісторыю.

Іван СТАДОЛЬНІК, пісьменнік

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter