«У крыві нашай – ніколі не пасаваць і быць ва ўсім першымі»

Шаснаццаць гадоў узначальвае СВК «Гарадзейскі» Нясвіжскага раёна Мікалай САЛАВЕЙ, вучань легендарнага Героя Беларусі Міхаіла Карчміта, былога кіраўніка вядомага агракамбіната «Сноў». За гады сумеснай працы ў Снове малады спецыяліст Мікалай Салавей многаму навучыўся ў вопытнага аграрыя і цяпер усё гэта мудра ўвасабляе ў сваёй гаспадарцы. Адным з першых на Беларусі ўвёў робатадаенне кароў, на гарадзейскіх палях працуе самая сучасная тэхніка, плённа прымяняюцца навейшыя тэхналогіі вырошчвання сельгаскультур. Няўрымслівы Мікалай Аляксандравіч пастаянна ў творчым пошуку. У чым жа яны — вытокі гэтага сучаснага аграрнага кіраўніка? Усяго на сотню двароў, нічым не адметная яго родная вёсачка Амлынцы, што за чатыры кіламетры ад дарогі з Нясвіжа на Стоўбцы. Акружаная па-гаспадарску дагледжанымі палямі, блакітным люстэркам невялікага азярца, яна прытулілася за невысокім пагоркам. Дом бацькоў Мікалая Аляксандравіча нічым асаблівым не вылучаецца. Акуратны, як усе ў гэтай вёсцы, дагледжаны. Толькі кветак многа ў агародзе. Маці Леакадзія Канстанцінаўна і бацька Аляксандр Ігнатавіч і ў свае восемдзесят гадоў не сядзяць склаўшы рукі. Усяго было на іх вяку.

СТАРШЫНЁЎСКІ корпус Беларусі багаты на слынныя імёны. Ён пастаянна расце, папаўняецца новымі прозвішчамі

Шаснаццаць гадоў узначальвае СВК «Гарадзейскі» Нясвіжскага раёна Мікалай САЛАВЕЙ, вучань легендарнага Героя Беларусі Міхаіла Карчміта, былога кіраўніка вядомага агракамбіната «Сноў». За гады сумеснай працы ў Снове малады спецыяліст Мікалай Салавей многаму навучыўся ў вопытнага аграрыя і цяпер усё гэта мудра ўвасабляе ў сваёй гаспадарцы. Адным з першых на Беларусі ўвёў робатадаенне кароў, на гарадзейскіх палях працуе самая сучасная тэхніка, плённа прымяняюцца навейшыя тэхналогіі вырошчвання сельгаскультур. Няўрымслівы Мікалай Аляксандравіч пастаянна ў творчым пошуку. У чым жа яны — вытокі гэтага сучаснага аграрнага кіраўніка? Усяго на сотню двароў, нічым не адметная яго родная вёсачка Амлынцы, што за чатыры кіламетры ад дарогі з Нясвіжа на Стоўбцы. Акружаная па-гаспадарску дагледжанымі палямі, блакітным люстэркам невялікага азярца, яна прытулілася за невысокім пагоркам. Дом бацькоў Мікалая Аляксандравіча нічым асаблівым не вылучаецца. Акуратны, як усе ў гэтай вёсцы, дагледжаны. Толькі кветак многа ў агародзе. Маці Леакадзія Канстанцінаўна і бацька Аляксандр Ігнатавіч і ў свае восемдзесят гадоў не сядзяць склаўшы рукі. Усяго было на іх вяку.

ДЗЯЦІНСТВА наша апаленае вайной, — уздыхае Леакадзія Канстанцінаўна. — Нават у школу мы пайшлі пазней звычайнага, пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нашы Амлынцы, як і ўсё наваколле каля Нясвіжа, да лета 1944 года былі пад акупацыяй. Мне ўсяго 7 гадкоў мінула, але памятаю, як бабуля Тахіля ў хаце збівала масла, а зайшоў нямецкі салдат і спытаў у яе, што гэта такое. Калі даведаўся, забраў маслабойку і панёс з хаты.

— А я ніколі не забуду, як немцы сагналі ўсю вёску, і пайшлі чуткі, што нас будуць паліць, — узгадвае Аляксандр Ігнатавіч. — Мая сястра Валя с перапуду кінулася ў хату і схавалася пад печ. Але яе заўважыў нямецкі салдат, і гэтая хованка ледзьве не каштавала ёй жыцця. Немец выстраліў па хаце, і перапужаная сястра вылецела на двор. Усіх нас, дзяцей, пагналі ў людскі натоўп. Збоку стаялі нямецкія салдаты і нешта між сабою гергеталі, а потым пад’ехаў на матацыкле нейкі іх камандзір і скамандаваў разысціся. Знямелыя вяскоўцы разышліся па хатах. Пазней у нашым доме гаварылі, што нямецкі салдат знайшоў прыхаваны ў кагосьці з нашых сялян на агародзе, загорнуты ў палатно кавалак свежазбітага масла, прызначанага, на думку акупантаў, для партызан. Цудам тады мы ўсе выжылі. Увогуле, падчас акупацыі днём па нашых вуліцах шпацыравалі немцы, а ноччу вёску наведвалі партызаны, каб падмацавацца харчамі.

Як нашу мясцовасць савецкія войскі вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, у первую восень у Амлынцах адкрылася пачатковая школа. Дзеці розных узростаў прыступілі да заняткаў. Не было падручнікаў, сшыткаў, але мы вучыліся. Пісалі на розных паперках. Хто алоўкам, хто ручкай выводзілі літары, стараліся.

— Мне ўсяго чатыры гады давялося вучыцца ў школе, — працягвае Леакадзія Канстанцінаўна. — Моцна захварэла маці, рана памерла, а потым і бацькі не стала. Замяніла іх маладзейшаму на 15 гадоў брату Генадзю. Пайшла ў калгасную паляводчую брыгаду. Уся вёска штораніцы выходзіла ў поле. Тэхнікі мала было, на нашых руках усё трымалася. Сеялі, палолі, убіралі ўраджай уручную. Заліваліся потам. Калгасную невялікую жывёлагадоўчую ферму збудавалі ў Амлынцах, пачалі набываць тэхніку. Станавілася крыху лягчэй жыць. У дамы правялі радыё, электрычнасць. Людзі сталі апранацца лепей. Адзіная на ўсе Амлынцы швачка не паспявала шыць абноўкі. Неяк мне прапанавала дапамагаць ёй. Спачатку даручала падрубіць што, падшыць. Прыглядалася да мяне, вучыла шыццю, кройцы. Так я і спасцігла гэтую справу. А калі ў суседняй вёсцы Навасёлкі адкрылі камбінат бытавога абслугоўвання, пайшла туды швачкай. Там яшчэ больш вопыту я пераняла ад апантанага краўца, у якога быў складаны жыццёвы лёс: дваццаць пяць гадоў адседзеў у турме і ўвесь час там займаўся кравецкай справай. З заплюшчанымі вачыма мог шыць. Цудоўна выкройваў фасоны любога адзення. Шыў спрытна і якасна. Я прагна вучылася ў яго. Заказаў было шмат. Людзі толькі ачунялі пасля ваеннай разрухі. Ад просценькіх сукенак ці касаваротак да касцюмаў, вянчальных строяў — заказвалі ў нас. Калі за дзень не паспявалі спраўляцца, да позняга вечара затрымліваліся, каб своечасова выканаць заказ. І жаночую, і мужчынскую вопратку шылі — без розніцы. Шмат заказаў нам давалі калгасы. Пастаўлялі спецадзенне для механізатараў, жывёлаводаў. Яшчэ як маці была жывая, то раненька ўстану, хуценька ўправімся з ёю па гаспадарцы, і на ровары лячу ў Навасёлкі — гэта чатыры кіламетры ад нас. Так атрымлівалася, што заўсёды ехаў на ровары і Аляксандр Салавей у Навасёлкі, дзе ён працаваў кладаўшчыком. Так мы неяк адзін аднаго і адчулі. З малых гадоў раслі побач у адной вёсцы, у адзін клас хадзілі.

– ТОЛЬКІ год паміж намі розніца ва ўзросце, — удакладняе Аляксандр Ігнатавіч. — Але я пасля пачатковай школы закончыў яшчэ і сямігодку. У пяцідзясятыя гады на вёсцы гэта была вартая адукацыя. Таму і кладаўшчыком стаў, потым нават загадваў складам.

— Леакадзія Канстанцінаўна, замуж ішлі за кладаўшчыка ці ўжо за загадчыка склада?

— За кавалера. Ён з працавітага, цягавітага роду. Ды і прозвішча прыгожае — Салавей. А я была з роду Латуноў. Можа, хто з маіх родзічаў некалі нешта і латаў, але зямлі мы мелі многа. Не бедныя былі. Рук на зямлі не шкадавалі, шчыравалі.

— А ведаеце, чаму маё прозвішча такое пявучае, — усміхаецца гаспадар, — мне яшчэ дзед некалі расказваў, што наш род славіўся спевакамі адмысловымі. Ні адно застолле значнае ў наваколлі без Салаўёў не праходзіла. І дзеці нашы, нават унукі — галасістыя. Так што нездарма носім гэта прозвішча Салавей.

— А на вяселлі сваім спявалі?

— А хто ж не весяліцца, калі жэніцца па каханні. Нашы Амлынцы патаналі ў квецені садоў, бэзу, калі мы да вянца збіраліся. Было гэта на Тройцу пяцьдзясят пяць гадоў таму назад. Запрэглі ладных коней, упрыгожылі іх і праз вясновыя палі ды лугі паімчалі раненька да вішнявецкай царквы вянчацца. Здалёку відаць гэты мураваны высокі храм, якому некалькі стагод- дзяў. Месца святое. Вянчанне добра запомнілася, як і словы бацюшкі, каб усё жыццё сваю абраную шанаваў, як нявесту. Так і жывём у згодзе і ўзаемапаразуменні. Стараюся нічым яе не крыўдзіць. Мамачкай заву. Праз год пасля вяселля нарадзіўся першынец. Колем назвалі, а потым яшчэ і дачка. Дзяцей не надта песцілі.

— Падрасталі дзеці. У Леакадзіі Канстанцінаўны залатыя рукі швачкі. Аляксандр Ігнатавіч засвоіў азы бухгалтарскага ўліку. Не спакушала думка пакінуць Амлынцы і падацца ў горад, дзе вы сябе маглі рэалізаваць? Многія ж вашы маладыя вяскоўцы пакідалі родныя мясціны. Так, Аляксандр Ігнатавіч?

— Нямала нашых равеснікаў змоладу выехала, — згаджаецца ён. — З нашых Амлынцаў ехалі хто куды, чапляліся ў гарадскіх інтэрнатах, на заводах, фабрыках. Але ці то мы не так выхаваны, ці што іншае нас трымала на Бацькаўшчыне, дзе ўсё роднае. З тых, хто застаўся ў вёсцы, большасць працавалі на зямлі. Хлопцы вучыліся кіраваць тэхнікай. Быць трактарыстам ці шафёрам было ганарова. Я асвоіў зернесушыльны комплекс «Петкус-гігант». Гэта была вельмі запатрабаваная машына. У жніво круглыя суткі не спыняла работу. Часта начаваў на збожжатаку, каб толькі паспець усю збажыну перасушыць. Моладзь у некалькі змен увіхалася на таку. Пералапачвалі па некалькі разоў збажыну, загружалі аўтамашыны і адпраўлялі на здачу дзяржаве. Спаборнічалі. Сапраўдная рамантыка. Уся вёска жыла клопатам пра ўраджай. Пра лепшых пісалі ў газетах, узнагароджвалі. І ўсё гэта было ў радасць, на вачах аднавяскоўцаў.

— Гады вашай маладосці супалі з перыядам масавага зносу хутароў. Як у вас гэта праходзіла?

— Таму, хто не перажыў такога, цяжка ўявіць, чаго гэта каштавала хутаранам, — узгадвае Леакадзія Канстанцінаўна. — Уявіце, людзі спакон веку спакойна вялі гаспадарку, зямлю абраблялі і яшчэ іншых кармілі. І раптам усё крышыцца, ломіцца. Хутар знішчаецца. Нашы Амлынцы былі акружаны хутарамі, як лес грыбамі ў шчодры год. Там электрычнасці не было. Кармілі хутаран зямля ды лес. Не ўсе ўступілі ў калгас. Іх драўляныя хаты, хлявы, пуні разбіралі і перавозілі ў Амлынцы ці суседнія вёскі, а сядзібы пераворвалі пад поле. Наш амлынцаўскі калгас «Запаветы Леніна» неўзабаве далучылі да суседняй гаспадаркі з цэнтрам у Навасёлках. Амлынцы сталі брыгадай.

Мяне прызначылі памочнікам брыгадзіра, — адзначае Аляксандр Ігнатавіч. — Нялёгкая гэта справа — у сваёй вёсцы кіраваць, дзе амаль усе то радня, сваякі, ці кумы. Баішся кагосьці пакрыўдзіць, але і пра справу трэба не забываць.

– ВЫ, ЛЕАКАДЗІЯ КАНСТАНЦІНАЎНА, былі навідавоку. Усё ж — жонка памочніка брыгадзіра. Ды і праца такая, што не на полі потам аблівацца ці пад дажджом мокнуць. Майстэрня круглы год пад дахам.

— Мо і чысцейшая праца швачкі, але мы з мужам упоравень з іншымі вяскоўцамі трымалі вялікую хатнюю гаспадарку. Па дзве нормы буракоў абраблялі, каб болей сенажаці атрымаць. Па дзве каровы трымалі і цялятяк ад іх, ды яшчэ некалькі цялятак прыкупім і гадавалі, каб капейчыну мець, бо задумалі будавацца. Аж па 12 мяхоў цукру за буракі зараблялі. Усю радню забяспечвалі. Паспявалі па некалькі разоў за лета прапалоць дзялку, убраць буракі ўручную. Многа сілы гэта адбірала. А за швейнай машынкай я адпачывала. Хаця і там не простая праца. Марудная і карпатлівая. Старалася як магла. Ніколі ніхто не крыўдзіўся на маё шыццё. Налаўчылася шыць любы фасон. Нават з Нясвіжа прыязджалі да мяне заказваць модныя строі, і спраўлялася.

— Я сам касіў у калгасе па тры гектары травы, — дадае Аляксандр Ігнатавіч. — За гэта трыццаць сотак сенажаці аддавалі для сябе. Сена хапала на зімоўку хатняй жывёлы. Стараліся, як маглі, зарабіць сродкі, каб давесці да ладу бацькоўскую сядзібу, што засталася нам у спадчыну. Хата стараватая, і мы яе, і ўсе хлявы, і хлеўчыкі перарабілі. На ўсё гэта патрэбны былі грошы. За кожнае бервяно плацілі, ды яшчэ і з майстрамі разлічваліся, і абедамі забяспечвалі. Не ведаю, адкуль браліся жаданне і сілы? Ночы не спалі, усё ў працы былі. Гэта ад бацькоў, дзядоў у крыві нашай — не быць апошнімі.

— І дзеці такімі прагнымі да працы выраслі. Сын Коля з чацвёртага класа з бацькам кожныя летнія канікулы на збожжатаку працаваў, — дадае Леакадзія Канстанцінаўна. — Начаваў там. Я толькі ежу насіла. І гэта было не па прымусу, сам гарэў жаданнем працаваць. Збожжа лапаціў, перасыпаў, сушыў. Любую працу выконваў з вялікай ахвотай. І так, пакуль не закончыў школу. Я разлічвала, што паедзе ў Ляхавіцкі саўгас-тэхнікум паступаць на заатэхніка. Але Коля прыняў рашэнне падаць дакументы ў Горкі, на факультэт механізацыі сельскай гаспадаркі. Думалася, да Ляхавіч блізенька і ўсяго два гады вучыцца, а ён па-свойму паступіў. Першы год не прайшоў па конкурсе. Тады цяжка было трапіць у акадэмію. Дамоў не вярнуўся. У Горках пайшоў працаваць на будоўлю і займаўся на падрыхтоўчых курсах. І паступіў вучыцца. Дамоў часта не прыязджаў, стараўся не прапускаць заняткаў. А наша справа была дапамагаць яму матэрыяльна. Колькі пасылачак адправілі, стараліся, каб не галадаў. Аднойчы глыбокай восенню я ў нясвіжскай бальніцы ляжала і ўсё пра сына думала. Халады наставалі. А ў яго паліто не было. Папрасіла доктара, каб адпусціў мяне ў горад купіць адзенне і адправіць у Горкі. Купіла кажух, боты і паслала. Толькі пасля гэтага супакоілася. І лячэнне пайшло лепей. Урачу расказвала пра Колю, што ён спартсмен і вельмі любіць вучыцца. Нам пісьмы нават прысылалі з падзякай за яго старанную вучобу, атрымаў дыплом інжынера і вярнуўся дамоў. Працаваў у вядомай на ўсю Беларусь сноўскай гаспадарцы, калі ёю кіраваў Герой Беларусі Міхаіл Карчміт. Многае пераняў у гэтага таленавітага кіраўніка. Калі сыну прапанавалі ўзначаліць гарадзейскі калгас, згадзіўся, і вось ужо 16 год кіруе. Цяпер гэта адна з лепшых гаспадарак не толькі ў Нясвіжскім раёне, але і вобласці. А летась нас вазіў і паказваў незвычайную ферму, дзе кароў дояць робаты. Прасторнае памяшканне з высокім дахам, чыстае паветра. Гладкія каровы павольна ходзяць. Корму ўдосталь. Усё навокал чыста прыбрана, і ў цэнтры памяшкання — робаты, якія дояць кароў. Малако па трубах паступае ў халадзільнікі. Штодня сюды едуць дэлегацыі паглядзець на дзіва. Усяго некалькі чалавек працуе тут. Сынок наш адным з першых у раёне зрабіў такое на ферме.

— І дачка наша Ларыса салаўёўскага характару — вярнулася пасля заканчэння Мінскага медвучылішча дамоў. У Снове працуе акушэркай, — з гонарам дадае Аляксандр Ігнатавіч. — А яе дочкі, нашы ўнучкі, пайшлі па мацярынскіх слядах. Старэйшая Кацярына пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта працуе ў Нясвіжы ўрачом, а меншая Танюша сёлета паступіла ў гэты ж універсітэт, і думаю, што вернецца на Нясвіжчыну. Нявестка Людміла Арсенцьеўна — урач гарадзейскай бальніцы, а ўнук Аляксандр — урач Мінскай абласной бальніцы. Праўнучка Аляксея нам сёлета падарыў. А другі ўнук Жэня цвёрда вырашыў працягваць сялянскую справу бацькі. Вучыцца на эканамічным факультэце Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. Кожныя школьныя летнія канікулы, і цяпер ужо студэнцкія, як некалі і яго бацька, Жэня працуе на збожжатаку. Сёлета яму ўпершыню даверылі загадваць збожжатокам у СВК «Гарадзейскі». Няспынным патокам паступала зерне з хлебных ніў. Трэба было аператыўна яго даводзіць да кандыцыі. І Жэня вытрымаў. Гаспадарка першая ў раёне завяршыла не толькі жніво, але і выкананне дзяржзаказу.

Мы рады, што паспяхова завяршылася шаснаццатае жніво ў ролі кіраўніка СВК «Гарадзейскі» Нясвіжскага раёна нашага сына Мікалая Аляксандравіча Салаўя.

— Гэта ў нашай крыві — ніколі не пасаваць, — адзначае Аляксандр Ігнатавіч. — А гэтыя цяжкасці на кожным кроку кіраўніка. Ужо завяршалася ўборка збожжавых, поўным ходам здавалі збажыну на дзяржаўны нарыхтоўчы пункт, і раптам у гаспадарку завярнулі грузавікі з зернем, у якім нечакана з’явіўся клешч. Быў позні вечар. Жэня адразу праінфармаваў Мікалая Аляксандравіча. Марудзіць нельга. Трэба тэрмінова вызначыць, адкуль з’явіўся шкоднік. Аператыўна ўсё прааналізавалі, агледзелі і вызначылі, што клешч апанаваў трубаправод, па якім загружаецца зерне. Выклікалі спецыялістаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, каб прамыць патокам вады трубу. Трэба было яшчэ і апрацаваць яе спецыяльнымі прэпаратамі. З дваццацікілаграмовым балонам палез Жэня Салавей на 25-метровую вышыню. Усё зрабіў хутка і бездакорна. А праз нейкі час узнавілася загрузка зерня для адпраўкі на дзяржаўны нарыхтоўчы пункт, адкуль рэкламацый больш не паступала. Хіба гэта не гераізм? Калі мне сын гэта расказаў, яшчэ больш гордасці стала за Жэню. Ён годна нясе прозвішча Салавей.

Да ўсяго гэтага хочацца дадаць, што ўсе чацвёра ўнукаў Леакадзіі Канстанцінаўны і Аляксандра Ігнатавіча Салаўёў закончылі школу з залатымі медалямі, часта наведваюць Амлынцы, дзе патанае ў кветках утульны дом бабулі і дзядулі. 

ВЕЛЬМІ люблю кветкі, — прызнаецца Леакадзія Канстанцінаўна. — З маладых гадоў захапляюся імі. У нас такая завядзёнка яшчэ ад польскага часу, каб пад акном палаў кветнік. Вяргіні, астры, флоксы, чарнабрыўцы ды іншыя кветкі ўсё лета цвітуць. Праполваю іх, у спякоту паліваю. З ранняй вясны і да першых замаразкаў красуюць пад вокнамі. Хоць і цяжкавата ў 80 гадоў займацца імі, але стараюся, каб дзеці і ўнукі любаваліся. Ды і перад людзьмі прыемна. Сын жа кіраўнік такой гаспадаркі. Кветкі яшчэ бабуля мая разводзіла, і маці імі захаплялася. І ў дачкі маёй таксама любоў да іх, і ў сына Колі ўвесь двор у кветніках. Хаця нявестка і ўрач, але знаходзіць час на кветкі. Гэта ж вока цешыць, радуе, дае добры настрой. Глядзіш на іх — і гады свае не заўважаеш.

Уладзiр  СУБАТ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter