У Оршы дзяўчынка трапіла на дно калодзежа чатырохметровай глыбіні.
Зараз галоўны ўрач Аршанскай цэнтральнай паліклінікі Уладзімір Плыткевіч кажа, што шасцігадоваму дзіцяці сапраўды пашанцавала — яно, як кажуць, нарадзілася ў кашулі. Дэталёвае абследаванне паказала, што ў пацыенткі, тэрмінова дастаўленай у бальніцу на «хуткай», няма ні пераломаў, ні страсення мазгоў, сёння-заўтра яна будзе выпісана дадому.
Як аказалася, у каналізацыйны незачынены калодзеж на вуліцы Магілёўскай ля дома № 95 надвячоркам звалілася дашкольніца. Выратавальнікі, якія аператыўна прыбылі па выкліку, дасталі дзяўчынку і передалі медыкам. Кола вінаватых асоб устанаўліваецца.