У гонар Купалы і Коласа

У Вільнюсе з’явяцца памятныя дошкi Якубу Коласу і Янку Купалу

Да канца бягучага года памятныя дошкі народным паэтам з’явяцца ў Вільнюсе

Памятная дошка Якубу Коласу створана народным мастаком Беларусі Іванам Міско і архітэктарам Андрэем Жылінскім, паведаміла «Р» прэс-сакратар Міністэрства культуры Юлія Віскуб. У Вільнюсе дошка зойме пачэснае месца на будынку па вуліцы Піліма, 26, дзе ў 1907 годзе жыў і працаваў народны паэт.

Над памятнай дошкай Янку Купалу працавалі маладыя беларускія скульптары Сяргей Аганаў і Вольга Нячай. Размесціцца яна на вуліцы Вільняўс, 14, дзе ў 1914—1915 гадах знаходзілася рэдакцыя газеты «Наша Ніва», кіраваў якой народны паэт Янка Купала.

Нагадаем, устаноўка памятных дошак двум класікам нацыянальнай літаратуры ў Вільнюсе была ініцыявана Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы. Падчас правядзення сёлета ў верасні Дзён культуры Беларусі ў Літве ініцыятыва была падтрымана ўладамі літоўскай сталіцы.

Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь таксама ініцыявана ўстаноўка памятнай дошкі народнаму паэту Янку Купалу ў Рызе. Дошка, створаная маладым скульптарам Паўлам Вайніцкім, да канца бягучага года размесціцца на будынку беларускай школы, якая носіць імя народнага паэта.

За апошнія гады рэалізаваны шэраг манументальных праектаў па ўшанаванні памяці славутых дзеячаў гісторыі і культуры Беларусі за мяжой. Сярод найбольш значных можна вылучыць стварэнне помніка Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве і памятнай дошкі Францішку Багушэвічу ў Вільнюсе. Ажыццяўляецца праца па стварэнні помнікаў Уладзіміру Мулявіну ў Екацярынбургу і Сімяону Полацкаму ў Маскве.

---------------------------------

Дарэчы

Скульптары Сяргей Бандарэнка і Павел Лук створаць помнік вялікаму князю Міндоўгу ў Навагрудку.

Журы конкурсу на стварэнне эскізных праектаў помніка вялікаму князю Міндоўгу ў Навагрудку, абвешчанага Міністэрствам культуры напрыканцы верасня, абвясціла сваё рашэнне. Пераможцамі сярод 16 заявак ад 14 творцаў вызначаны два эскізныя праекты, аўтары якіх скульптары Сяргей Бандарэнка і Павел Лук аб’яднаюць намаганні ў працы.

Рашэнне аб стварэнні і ўстаноўцы помніка ў Навагрудку прынята сумесна Міністэрствам культуры, Гродзенскім аблвыканкамам, Навагрудскім райвыканкамам. Як адзначае прэс-сакратар Міністэрства культуры Юлія Віскуб, за апошнія гады ў нашай краіне быў рэалізаваны шэраг манументальных праектаў па ўшанаванні памяці славутых дзеячаў гісторыі і культуры Беларусі. Сярод найбольш значных можна вылучыць стварэнне помнікаў Францішку Багушэвічу ў Смаргоні, Якубу Коласу ў Ганцавічах, Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу ў Бабруйску, Валенцію Ваньковічу ў Мінску, святой княгіні Соф’і Слуцкай у Мінску. Сёлета Міністэрствам культуры было прафінансавана стварэнне 8 бронзавых бюстаў знакамітых беларусаў Язэпа Корсака, Элізэра Бэн-Іегуды (Дэвіда Перэльмана), Язэпа Драздовіча, Ігната Буйніцкага, Алеся Дубровіча, Пятра Казлова, Паўла Сухога, Вацлава Ластоўскага. Бюсты ўстаноўлены ў Глыбокім да Дня беларускага пісьменства.

Помнік вялікаму князю Міндоўгу ў Навагрудку будзе створаны за кошт пазабюджэтных сродкаў. Унесці свой уклад у справу ўшанавання памяці славутага дзеяча беларускай гісторыі могуць усе жадаючыя, для пералічэння сродкаў адкрыты спецыяльны дабрачынны разліковы рахунак.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter