Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Актывісты суполкі “Батькавщина” з расійскага горада Кургана пабывалі ў вёсцы Глыбокае Шадрынскага раёна: там жывуць нашчадкі беларусаў-перасяленцаў

У Глыбокае, да глыбіняў роду

Памятаеце з біблейскіх паданняў: маленькі хлопчык Ісус нарадзіўся якраз на зямлі продкаў, у Батлеме, куды ягоныя зямныя бацькі прыйшлі на тагачасны перапіс. А між тым і ў беларусаў жыве моцная традыцыя: збірацца ў ноч перад Калядамі ўсім родам. А ў пару Святак і ў рускіх заведзена родзічаў-сваякоў адведваць. Вось і актывісты Курганскай грамадскай суполкі “Нацыянальны культурны цэнтр беларусаў Зауралля “Батькавщина”, якім кіруе Людміла Урванцава, наведалі 9 студзеня вёску Глыбокае. Паклікала ў дарогу энтузіястаў жаданне больш даведацца пра жыхароў Зауралля, якія маюць беларускія родавыя карані. Бо заснаваў Глыбокае (раней Магільнае) у 1770 годзе перасяленец-беларус па прозвішчы Дымша, пімакат (бо пімы катаў: цяпер майстэрства працы з воўнаю ў Беларусі называюць шапавальствам — пэўна, ад выразу “шапкі валяць”. — Рэд.). Пазней, амаль праз два стагоддзі, у 1953-м у Магільнае на заробкі прыехала з Брэстчыны сям’я Жыгарэвічаў: Пётр Яфімавіч, Кацярына Іванаўна, іхні сын Мікалай, дочкі Марыя і Зоя. З 1976-га ў сяле атабарыўся будаўнік-беларус Міхаіл Марціновіч. І цяпер у Глыбокім — ужо чатыры сям’і Марціновічаў.

Людміла Урванцава (справа) з Верай Марціновіч

Свае да сваіх — цягнуцца! І летам 2017-га Людміла Урванцава з бібліятэкаркай Верай Марціновіч вырашылі стварыць у Глыбокінскай бібліятэцы куток “Расія — Беларусь”. Дзеля таго й зладзілі паездку. Сустрэча праходзіла ў Глыбокінскім клубе вольнага часу і адпачынку. Там былі аформлены выставы кніг беларускіх пісьменнікаў і беларускай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Выклікалі цікавасць вырабы з саломкі, дасланыя з Беларусі, а таксама зробленыя па беларускай традыцыйнай тэхналогіі з саломкі лялькі, конікі, карціны — працы шадрынскай майстрыхі Галіны Булыгінай.

Людміла Урванцава расказала пра суполку, пра гурт народнай беларускай песні “Журавачка”, якім кіруе “рускі з беларускаю душою” Уладзімір Лушнікаў. Людміла Рыгораўна ўручыла вяскоўцам Дзяржаўны сцяг Беларусі, бібліятэцы падарыла кнігу “Фольклорно-энтографическая экспедиция по сбору материалов по семейно-бытовой обрядности белорусов Зауралья”, а клубу — кампакт-дыскі з беларускімі абрадамі ды песнямі. Загадчыца аддзела традыцыйных нацыянальных культур абласнога цэнтра народнай творчасці і кіно Вера Салаўёва казала: варта і надалей праводзіць такія сяброўскія сустрэчы. А гурт “Журавачка” парадаваў сяльчан яркім выступам. Былі сцэнкі, гучалі песні, вершы на беларускай і рускай мовах.

Старшыня Глыбокінскага савета ветэранаў Таццяна Суворава дзякавала гасцям за свята, выказала спадзяванне на далейшую супрацу. І мясцовыя пявунні Аляфціна Кузьмянкіна, Ніна Дымшакова (пэўна ж прозвішча — ад таго Дымшы! — Рэд.) прыемна ўразілі гасцей цудоўнымі галасамі, майстэрствам выканання песень. А як хораша потым спявалася і ўсім разам! Цяпер у беларускай суполкі з Кургана ёсць добрыя сябры на глыбокінскай зямлі, прычым ужо запланавана й дата новай паездкі. Бо, як казалі на сустрэчы: мы ж родныя людзі, то — часцей страчацца будзем!

Таццяна Макавеева, г. Курган

Голас Радзімы № 5 (3557), чацвер, 1 лютага, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter