У гасцях у Песняра

У Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Вязынка” прайшоў конкурс аўтарскай песні “Купалаўскія вакацыі” У Вязынцы ўсё нагадвае пра Янку Купалу — і хата, дзе ён нарадзіўся, і старыя ліпы, і сажалкі… Невыпадкова, што менавіта там у трэці раз праходзіць конкурс аўтарскай песні “Купалаўскія вакацыі”. Сёлета ў Купалаўскі запаведнік зноў з’ехаліся аматары музыкі і паэзіі з усёй краіны. Усяго ў фінал конкурсу прайшлі шаснаццаць выканаўцаў бардаўскай песні, сярод іх былі і пачаткоўцы, і ўжо вядомыя музыкі. Незвычайная імпрэза ладзілася на свежым паветры, пад кронамі вялізных ясеняў, што натхняла на творчы лад.
Ансамбль “Берагіня” на свяце ў Вязынцы выконваў песні на словы Янкі КупалыУ Купалаўскім мемарыяльным запаведніку “Вязынка” прайшоў конкурс аўтарскай песні “Купалаўскія вакацыі”
У Вязынцы ўсё нагадвае пра Янку Купалу — і хата, дзе ён нарадзіўся, і старыя ліпы, і сажалкі… Невыпадкова, што менавіта там у трэці раз праходзіць конкурс аўтарскай песні “Купалаўскія вакацыі”. Сёлета ў Купалаўскі запаведнік зноў з’ехаліся аматары музыкі і паэзіі з усёй краіны.
Усяго ў фінал конкурсу прайшлі шаснаццаць выканаўцаў бардаўскай песні, сярод іх былі і пачаткоўцы, і ўжо вядомыя музыкі. Незвычайная імпрэза ладзілася на свежым паветры, пад кронамі вялізных ясеняў, што натхняла на творчы лад.
Сімвалічна, што ў год юбілею Янкі Купалы для песень на вершы класіка была заснавана асобная намінацыя. Лепшым у ёй прызнаны Сяргей Антонаў з Мінска. Прыз за лепшую аўтарскую песню атрымала Вольга Ганакова з Магілёва — усіх пакарыла яе артыстычная манера выканання. Запомнілася і самая юная ўдзельніца конкурсу — школьніца з Івянца Анастасія Шыманка. Яна так пранікнёна выконвала песні, што сумненняў не ўзнікала: творчасць Купалы ёй знаёмая і вельмі блізкая.
Незвычайнымі фальклорнымі матывамі здзіўляў і знакаміты ансамбль “Берагiня” са Стоўбцаў. Вельмі дарэчы прыйшлася іх песня “Пад ліпамі” на верш паэта Міколы Маляўкі. Чыстыя прыгожыя галасы салістак квартэта Ірыны Пазняк, Тамары Барэхавай, Алены Бохан, Ірыны Карніцкай краналі сэрцы слухачоў. Гурт “Берагіня” вядомы за межамі Беларусі, пабываў з гастролямі ў Расіі, Украіне, Польшчы, Францыі, Чэхіі. “Берагіня” — чаканы госць на “Славянскім базары”, “Дажынках” і, мусіць, ніводнае фальклорнае свята не абыходзіцца без гэтага самабытнага ансамбля.
А на “Купалаўскіх вакацыях” прыз у намінацыі “Лепшае спалучэнне слоў і музыкі” атрымаў зусім малады гурт “Арба”. Калектыў створаны год таму, а назва яго азначае вечны рух і любоў да вандраванняў. Каманда вельмі творчая, і кожнаму выканаўцу ў ёй адводзіцца свая роля. Так, Наталля Кавалёва грае на домры і мандаліне, Аляксандр Васькоў — на бас-гітары, Алесь Емяльянаў спявае і піша тэксты, Элеанора Дмуха, — вакалістка і клавішніца.
Выбіралі лепшага выканаўцу і гледачы. Ім стаў бард са Стаўбцоўшчыны Міхаіл Мінцэль.
Да фінальнага канцэрту ўдзельнікаў конкурсу ў філіяле Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы “Вязынка” была адкрыта новая літаратурна-дакументальная экспазіцыя. У яе ўвайшлі матэрыялы з жыцця і творчасці песняра: аўтабіяграфія, радавод Луцэвічаў да XVII стагоддзя, фотаздымкі. А ў пакоі, дзе жыла сям’я паэта, быў адноўлены тагачасны інтэр’ер.

Лявон Целеш
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter