У гасцях у казкі

Мінскі парк імя Горкага запрашае на сустрэчы з Дзедам Марозам

На сустрэчы з Дзедам Марозам запрашае сталічны парк імя Горкага

Домік Дзеда Мароза адкрыецца ў Цэнтральным дзіцячым парку імя М. Горкага ў Мінску. Казачны дзядуля будзе прымаць дзетак ва ўзросце ад 3 да 11 гадоў штодня з 21 снежня па 7 студзеня з 10.00 да 18.00. Толькі ў першы навагодні дзень прыём пачнецца з 12.00, а 7 студзеня наведаць яго можна будзе да 16.00. Наведванне доміка Дзеда Мароза абыдзецца ў суму ад Br 75 тыс. да Br 200 тыс.

Цяперашняй зімой, як і раней, мяркуюцца рознафарматныя сустрэчы з Дзедам Марозам. Дыялог з самымі маленькімі дзецьмі звычайна доўжыцца каля сямі хвілін. «Дзед Мароз пацікавіцца ў іх, як прайшоў адыходзячы год, павіншуе з надыходзячым, прапануе гульні і загадкі. Ні адно дзіця не застанецца без падарунка з чароўнага куфэрка, — распавяла начальнік аддзела культурна-масавай і спартыўнай работы УП «Гарадскія паркі Мінскзеленбуда» Лідзія Вежнавец. — Дзед Мароз не толькі дорыць падарункі, але і сам любіць знакі ўвагі. Ён з задавальненнем выслухае верш, песню маленькага госця, прыме які-небудзь выраб або нават паспрабуе хатнюю выпечку».

Дзядуля Мароз прыязджае да дзяцей у сталічны парк Горкага ўжо дзясяты год. Сустрэчы з ім карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў маленькіх мінчан.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter