У дзіравым вядры не наносіш вады. Вы мылі посуд, ён выслізнуў з рук і ўдарыўся аб нешта цвёрдае: у кубачка адвалілася ручка, у фужэра адляцеў невялікі аскабалак, трэснула талерка...

 Мы перажываем, злуемся, шкадуем і прымаем саламонава рашэнне: каша праз трэшчыну не вывальваецца, значыць, можна яшчэ пакарыстацца, у кубачак паставім малады парастак і г.д. І кожны раз будзем вачамі свідраваць “разлом”, узгадваць сваю нязграбнасць і цешыць сябе тым, што непрыгожая рэч яшчэ служыць нам.
А што на гэты конт гаворыць традыцыя? Якія эмоцыі, прыкметы, асаблівасці паводзін вызначалі стаўленне нашых продкаў да парушэння цэласнасці, гармоніі, суладдзя? Бадай, найчасцей нам даводзілася чуць успаміны людзей пра трэснуты заручальны пярсцёнак. І амаль заўсёды гэта быў знак парушэння сямейнага ладу або сур’ёзных збояў у фізічным здароўі чалавека. І наадварот, калі бабка-павітуха выконвала абрад першага рытуальнага купання немаўляці, то ў купель хлопчыку яна абавязкова клала заручальны пярсцёнак бацькі, каб тым самым засцерагчы дзіця ад дурнога вока, нячыстай сілы і звера ў дарозе, ды мала яшчэ чаго...
А цяпер давайце ўзгадаем, як мы збіраемся самі ў дарогу і збіраем-адпраўляем вясельную пару. Мы замкнулі чамадан і прыселі на хвілінку, каб пакінуць роднай хаце (табурэту, лаўцы, канапе) сваё цяпло, і пра сябе сказалі: “Дачакайся нас”, звяртаючыся да сваіх продкаў. За гэты час мы яшчэ і яшчэ раз успамінаем, ці ўсё ўзялі. Бабуля хуценька закрывае фортку і засланкай прыкрые зеў печы (нават калі ў ёй гараць дровы) — тым самым засланяе нас ад бяды.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter