Кніга-альбом пра народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанку адкрывае праект Банка развіцця “Культурная спадчына Беларусі”

У добры шлях!

Кніга-альбом пра народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанку адкрывае праект Банка развіцця “Культурная спадчына Беларусі”. Праект прадугледжвае выпуск штогадовай серыі фундаментальных выданняў пра знакамітых асобаў, гістарычныя падзеі, мастацкія каштоўнасці краіны. 



“Сёння як ніколі важна памятаць культурную гісторыю сваёй краіны, вялікіх людзей Беларусі, — падкрэсліў старшыня праўлення банка Сяргей Румас на прэзентацыі кнігі-альбома “Аляксандр Кішчанка. Летапісец XX стагоддзя” ў Нацыянальным мастацкім музеі. — Цені разнастайных эканамічных і фінансавых крызісаў будуць праходзіць, бытавыя праблемы таксама будуць вырашацца, але за гэтымі паўсядзённымі клопатамі мы не павінны забыць тое, без чаго не можа паўнавартасна існаваць чалавек — нацыянальную культуру”.

Безумоўна, Аляксандр Кішчанка — выдатны беларускі мастак. “Кніга-альбом стала годнай данінай памяці вялікаму майстру. Спадзяюся, што з дапамогай выдання кожны зможа зноў адкрыць для сябе асобу і мастацтва Аляксандра Кішчанкі”, — лічыць Сяргей Румас.

Творчая спадчына мастака складаецца з сотняў твораў. Аляксандр Кішчанка — аўтар унікальнага “Габелена стагоддзя”. Гэты твор ручной працы выкананы з шэрсці. Упершыню ён быў прадстаўлены публіцы ў 1996 годзе. За габелен мастаку прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі. Унікальнае палатно занесена ў Кнігу рэкордаў Гінэса як самы вялікі габелен у свеце, прызнана нацыянальным набыткам. На палотнішчы памерам 19 на 14 метраў аўтар адлюстраваў самых вядомых асобаў мінулага і сучаснасці — усяго больш за 80 партрэтаў. У маі 2014 года Банк развіцця арганізаваў у сваім офісе дэманстрацыю “Габелена стагоддзя”. 

Аляксандру Кішчанку прысвечаныя дакументальныя фільмы. У адным з іх якраз адлюстраваны працэс ручнога ткацтва “Габелена стагоддзя” на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Вядома, што спецыяльна для стварэння гэтага вялізнага дывана-карціны аўтар сам прыдумаў канструкцыю гіганцкага ткацкага станка ў форме куба.

“Габелен стагоддзя” — трохсоткілаграмовае палатно вышынёй у шасціпавярховы дом — як твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва не мае сабе роўных у свеце па майстэрстве выканання і маштабнасці ўвасаблення задумы ў матэрыяле.  Яго ткалі амаль шэсць гадоў. Плошча палатна роўная 266 квадратным метрам, а агульная даўжыня скарыстанай ніткі складае 806 кіламетраў! 

Гэтай работай Кішчанка нібы падводзіў вынік свайго творчага жыцця і... цэлага стагоддзя. “Можа быць, “Габелен стагоддзя” — мая лебядзіная песня”, — гэтыя прароцкія словы ён сказаў у 1995 годзе на прэзентацыі “карціны”. Пасля смерці мастака грандыёзнае палатно было ўдастоена толькі двух грамадскіх паказаў — і абодва разы ў Мінску, хоць яно, безумоўна, вартае таго, каб яго ўба­чыў свет.

Ніна Кухарэнка, удава Аляксандра Кішчанкі, сама прафесійны мастак, дапамагала мужу ствараць “Габелен стагоддзя” на “тэхнічным” этапе, пры падрыхтоўцы эскізаў на кардоне, па якіх і працавалі пасля барысаўскія майстрыхі. Так, у свой час Ніна Кухарэнка была музай мастака Кішчанкі, вобраз якой ён маляваў з карціны ў карціну. Ніна была яго вучаніцай, чаляднікам, памочніцай. Ніна была сябрам і жонкай, гэта значыць той вялікай рэзануючай прасторай, у якой лепш за ўсё гучала высокая творчая струна вялікага мастака Аляксандра  Кішчанкі. Сёння яна — захавальніца  яго багатай спадчыны.  Ніна Кухарэнка ўзяла на сябе гэтую місію добраахвотна. Уласна, інакш і быць не магло. Бо ёй не толькі дарагая памяць пра самага блізкага чалавека. Яна ганарыцца ўсім, што зрабіў Аляксандр Кішчанка, і жадае, каб яго творчая спадчына дайшла сваёй сутнасцю да нашчадкаў, якімі мастак лічыў усіх людзей планеты.

— Місія гэтая, сапраўды,  клапотная, —  гаворыць Ніна Кухарэнка. — Але вельмі важная. На мае плечы лёг вялікі груз адказнасці. Скажу, што аднаму чалавеку гэта падняць складана. І я сёння вельмі ўдзячна Банку развіцця, старшыні праўлення банка Сяргею Румасу за тую важную справу, за тую вялікую падтрымку, якія яны ажыццявілі, выдаўшы гэты цудоўны альбом, прысвечаны творчасці народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі. 

Аляксандр Кішчанка  быў мастак вельмі пладавіты, пакінуў каля чатырохсот карцін толькі ў майстэрні. Гэта не гаворачы пра габелены. 

— У мяне бывае шмат наведвальнікаў, — расказвае Ніна Кухарэнка. — Адыходзяць з добрым настроем.  Любая яго работа нясе толькі станоўчую  энергетыку. Ён быў жыццялюб і захапляўся многімі рэчамі з любоўю.  Да мяне вельмі часта звяртаюцца па матэрыял пра Аляксандра Міхайлавіча. Нядаўна  знялі фільм пра яго, яго творчасць  адлюстравана ў падручніку па гісторыі Беларусі ў раздзеле культура: яго “Габелен стагоддзя” і габелен пра Чарнобыль, які вісіць у штаб-кватэры ААН.  Яго творчасць шматгранная. 

Ніне Кухарэнцы  даўно хацелася зрабіць альбом, прысвечаны Аляксандру Кішчанку: яго  манументальным і жывапісным работам. І вось дзякуючы Банку развіцця мара ажыццявілася.  

Уладзімір Веліхаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter