У будаўнiкоў свая планета

Гаспадарка ў iх сапраўды турботная, як  выявiлася падчас гутаркi з галоўным будаўнiком Вiцебскага аблспажыўсаюза Вiктарам Жукам...

Гаспадарка ў iх сапраўды турботная, як  выявiлася падчас нашай гутаркi з галоўным будаўнiком Вiцебскага аблспажыўсаюза Вiктарам Жукам. Аб’ектаў шмат, падначаленых у кiраўнiка ПМК амаль чатыры сотнi. Вiктар Канстанцiнавiч свайго роду аксакал у прафесii. Мае адзiны запiс у працоўнай кнiжцы. Як прыйшоў у будаўнiчую ПМК 27 гадоў таму назад, так i прапiсаўся тут назаўсёды, ужо 18 гадоў у якасцi кiраўнiка. 

Зразумела, што сёння асноўная праца iдзе ў Оршы, якая рыхтуецца да рэспублi­канскага фестывалю «Дажынкi-2008». Пад кiраўнiцт­вам прараба Аляксандра Карпава тут шчыруе брыгада майстроў па аддзелцы i добраўпарадкаваннi рэстарана «Вясёлка». Будаўнiкi спажыўкааперацыi практычна без выхадных i свят завiхаюцца таксама на пляцоўках у сельскай мясцовасцi. У тым жа Аршанскiм раёне прыво­дзяць у святочны стан кафэ «Сустрэча», магазiн у пасёлку Высокае, мiнi-бар у пасёлку Юрцава. Каб не сорамна было паказаць аб’екты спажыўкааперацыi сiстэмы гандлю i грамадскага харчавання званым гасцям з усёй краiны. 

Ды не аднымi аршанскiмi рыштаваннямi заняты будаў­нiкi. Не менш важны заказ i ў Паставах, дзе на шэрагу аб’ек­таў трэба да наступлення восеньскай слоты прывесцi ў парадак iнжынерныя сеткi, абнавiць сантэхнiку. А яшчэ ў праграме гэтага года ўзвя­дзенне трох дзесяткаў жылых дамоў у сельскай мясцовасцi, у аграгарадках. 

Самае, жартам кажучы, вiдавочнае i неверагоднае, што будаўнiкi вiцебскай спажыўкааперацыi са штаб-кватэрай у Глыбокiм (у Вiцебску толькi будаўнiчы ўчастак цi структурнае падраз­дзяленне ПМК) практычна ўсе аб’екты здаюць пад ключ з уласнай сыравiны i матэрыялаў. Пару гадоў назад удалося даволi танна купiць у Фiн­ляндыi, усяго за 12 мiльёнаў рублёў, добрую пiлараму. А  прадукцыi на ёй толькi за год выпрацавалi ажно на 350 мiль­ёнаў рублёў!  Цяпер пiларама задавальняе патрэбы не толькi ў дошках, але i ў любых неабходных для будоўлi пiламатэрыялах, як для ўласных патрэб, так i з выгадай для iншых клiентаў. 

На стацыянарнай базе ПМК за горадам Глыбокае дзей­нiчае таксама дужа патрэбны цэх сталяркi. Разгортваецца i ўдасканальваецца вытворчасць уласных вокнаў i дзвярэй, iншых вырабаў. Не трэба кланяцца i пераплачваць утрая даражэй за гэта iншым вытворцам. Уласная кацельня на дровах дазваляе ў поў­най меры рыхтаваць сыравiну для сталяркi. За адну загрузку ў сушылцы пазбаўляюцца лiшняй вiльгацi ажно 20 кубаметраў пiламатэрыялаў. Вось i атрымлiваецца амаль зам­кнёны тэхналагiчны цыкл: ад распiлоўкi сырога бервяна, высушвання дошак i вырабаў з iх любых «дэталей» для будаўнiчых аб’ектаў. 

Гэтак жа творча i ўдала вырашылi глыбоцкiя будаўнiкi i праблему з бетоннымi i цэментавымi «запчасткамi». Навучылiся i гэта самi рабiць, у прыватнасцi, падмуркавыя блокi, трубы i нават тратуарную плiтку. З гэтай задачай спраўляецца новы растворабетонны вузел. Тут нават з розных адыходаў, кавалкаў сiлiкатных блокаў, будаўнiчага смецця ствараюць якасны будаўнiчы матэрыял. 

Не змог Вiктар Канстанцi­навiч устрымацца, каб не пахвалiцца яшчэ адной прыемнай навiной. На першы погляд каля чатырох соцень работнiкаў у ПМК — гэта сiла. Але ж многiя ўжо ва ўзросце. Асаблiвая патрэба ў кадрах масавых прафесiй. I як жа прадбачлiва кiраўнiцтва ПМК павярнулася да вырашэння праблемы! Сталi на месцы шукаць добраахвотнi­каў з моладзi i накiроўваць iх на вучобу ў спецыялiзаваныя прафтэхвучылiшчы Вiцебска, Полацка, Оршы i нават у Вiлейку. I вось за тры гады як «знайшлi» шэсць дзесяткаў майстроў розных рабочых спецыяльнасцей. 

— Нядаўна 30 маладых будаўнiкоў папоўнiлi нашу ПМК, — радуецца Вiктар Жук. — I будзем працягваць iх падрыхтоўку ўласнымi сiламi. 

Мудры ход. Свае глыбоцкiя хлопцы надзейныя. Да зямлi бацькоў больш прывязаныя, чым прыезджыя. Нават у родным глыбоцкiм лiцэi набралi дзве групы муляраў. Няхай вучацца. А там, калi зацiкавiць, то маладыя майстры не стануць шукаць лёгкага хлеба ў замежжы. I на роднай зямлi, на яе рыштаваннях работы непачаты край. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter