У авангардзе

Учора адкрыўся Першы Мінскі трыенале сучаснага мастацтва

Першы Мінскі трыенале прадстаўляе новае бачанне сучаснага беларускага мастацтва

Учора ў Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа» адкрыўся Першы Мінскі трыенале сучаснага мастацтва. Удзел ва ўрачыстай цырымоніі прыняў намеснік прэм’ер-мініста Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік.

Экспазіцыя, размешчаная на плошчы ў тры тысячы кавадратных метраў, дэманструе найбольш актуальныя і прагрэсіўныя з’явы мастацта Беларусі апошніх 20 гадоў. Упершыню сучаснае канцэптуальнае мастацтва прадстаўлена ў падобным маштабе і на высокім дзяржаўным узроўні. Трыенале праводзіцца па даручэнню Прэзідэнта краіны.

Мэта выстаўкі — прасачыць асноўныя тэндэнцыі развіцця, суаднесці работы айчынных аўтараў з сусветным мастацкім кантэкстам, а таксама выклікаць да твораў сучаснага мастацтва цікавасць шырокай аўдыторыі. Асаблівасць трыенале — у выкарыстанні новых форм паказу экспанатаў, у новым поглядзе на правядзенне мастацкіх выставак.

Наведвальнікам прапануюць прэзентацыі відовішчных шоу-праграм, перформансы, выступленні эксперыментальных тэатраў, паказы калекцый авангарднай моды, музычныя, піратэхнічныя, светлавыя, вогненныя імпрэзы, электронную музыку.

У пастаяннай экспазіцыі — творы больш, чым сотні мастакоў з Мінска і рэгіёнаў нашай краіны, а таксама з Расіі, Украіны і Сербіі, якія прадстаўляюць свае жывапіс, скульптуру, графіку, фатаграфію, інсталяцыі.

Сярод удзельнікаў трыенале каля 30 аўтараў з Віцебска, чые работы аб’яднаныя ў арт-праекце «Абстракт».

— У Віцебску сёння многа мастакоў фармальных напрамкаў. Так ужо склалася, што мы знаходзімся, калі можна так сказаць, у аўры вядомасці нашых славутых землякоў Малевіча, Лісіцкага і другіх геніяў-абстакцыяністаў, таму хочаш-не хочаш, а атрымліваецца, што многія сучасныя творцы ідуць па іх слядах, інтэрпрэтуючы па-свойму ідэі пачатку 20 стагоддзя, — распавёў карэспандэнту «Р» кіраўнік арт-праекта, мастак, дацэнт кафедры дызайна Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта Васіль Васільеў.

Экспазіцыя «Абстракт» адна з самых вялікіх, займае ледзь не палову плошчы выставачнай залы. Цікава, што сярод аўтараў не толькі моладзь. Самаму старэйшаму ўдзельніку арт-праекта заслужанаму дзеячу мастацтваў рэспублікі Аляксандру Салаўёву — больш за 80 гадоў. Колішні галоўны мастак Коласаўскага тэатра, вядомы сваімі працамі над многімі спектаклямі, па перакананню — абсалютны абстракцыяніст, аўтар выдатнага жывапісу, блізкага ў нечым, поводле слоў Васіля Васільева, да твораў знакамітага мастака Джэксана Полака.

— Мы вельмі рады, што ўдзельнічаем у трыенале. Усё ж Віцебск далекавата ад Мінску, дый крыху канкурыруюць, спаборнічаюць у мастацтве нашы дзве сталіцы — цэнтральная і культурная. Прыемна, што нас запрасілі, — значыць, заўважылі, ацанілі нашы работы, наша бачанне. Гэта вельмі важна для творчых людзей — быць заўважанымі менавіта на радзіме, — прызнаецца Васіль Васільеў.

Нагадаем, Першы Мінскі трыенале адкыты да 9 снежня штодня.

На здымку: удзельніца выставы Кацярына ЛІСІЦЫНА.

Фота: Аляксандр ТАЛОЧКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter