У Адвэнце ўспомнім пра сваё хрысціянства

Большасць нашых чытачоў ведае, што праваслаўныя і католікі ў некаторыя перыяды года захоўваюць пост. Для кагосьці пост — гэта абмежаванне ў ежы, для кагосьці — устрыманне ад гучных забаў. У бліжэйшую нядзелю ў хрысціян заходняй традыцыі пачынаецца Адвэнт, які некаторыя таксама называюць перыядам посту.

Першыя хрысціяне не мелі такога літургічнага календара, які мы маем зараз. У іх не было свят і посных перыядаў. Цэнтрам іх жыцця была кожная нядзеля. Хрысціяне з навакольных мясцовасцей як адна сям'я ў нядзелю збіраліся на літургію, якую ўзначальвала духавенства.

Да Царквы (Касцёла), якая тады не была падзелена на канфесіі, належала невялікая група людзей. Евангельскае вучэнне ў той час не было так распаўсюджана, а хрысціян пераследавалі, нават забівалі. Часцей за ўсё дарослы чалавек, які пачуў пра Хрыста і яго вучэнне, перад тым, як ахрысціцца, быў добра навучаны хрысціянскай дактрыне, у першую чаргу Евангеллю, і для яго гэта не была сухая інфармацыя. Можна сказаць, што такі чалавек радыкальна пачынаў жыць па Евангеллю кожны дзень.

З вучэння Хрыста вынікае, што галоўныя ўчынкі хрысціяніна — гэта пост, малітва і міласціна. Пост — дабравольнае абмежаванне, накладзенае на сябе. Малітва — размова з Богам. Міласціна — не толькі і не столькі капейкі, кінутыя жабраку, а разнастайная дапамога тым, хто нас акружае.

Бог хоча збаўлення ўсіх людзей, а чалавек — гэта грамадская істота. Таму ў Евангеллі мы чытаем, што Хрыстос вырашыў утварыць групу людзей для салідарнага збаўлення, якую мы на беларускай мове называем Царквой, або Касцёлам.

Калі ў старажытнасці хрысціянства становіцца дзяржаўнай рэлігіяй Рымскай імперыі, з'яўляецца мода на яго. Многія ахрышчаныя вернікі перастаюць пасціць, маліцца і даваць міласціну, іх хрысціянства становіцца фармальным. Таму трэба было нагадваць пра захаванне хаця б якога-небудзь мінімуму. Так, напрыклад, узнікаюць прадпісанні, мінімальныя патрабаванні, калі хадзіць на літургію і захоўваць пост.

Усходняе хрысціянства да гэтага часу трымаецца традыцыі, што пост неабходна захоўваць у канкрэтныя дні ці перыяды года. Заходняя хрысціянская традыцыя цяпер больш схіляецца да меркавання, што чалавек сам выбірае, калі накладаць на сябе нейкія абмежаванні. Мы не будзем тут прыводзіць падрабязнасці, лепш пазнаёміцца з гэтым пытаннем, чытаючы адпаведную літаратуру ці размаўляючы з кампетэнтнымі асобамі.

У бліжэйшую нядзелю рыма-католікі — хрысціяне заходняй традыцыі — распачынаюць Адвэнт. Пра гісторыю гэтага перыяду мы разважалі на старонках «Народнай газеты» ў папярэднія гады. Тэма Адвэнту — духоўная падрыхтоўка да свята Божага Нараджэння (Раства) і да другога прыйсця Хрыста на зямлю. Адвэнт больш не лічыцца посным (правільней казаць пакаянным) перыядам. Працягваецца Адвэнт да вечара 24 снежня. Аднак калі ў нейкай мясцовасці ці сям'і прынята ў гэты час не спажываць нейкую ежу ці не ўдзельнічаць у гучных забавах, то гэтую традыцыю можна было б захаваць.

«Калі посціце, не будзьце панурымі» — праз стагоддзі даносяцца да нас гэтыя словы Хрыста. У розныя часы хрысціянскія традыцыі маюць розныя акцэнты. Цяпер Адвэнт — гэта перш за ўсё радаснае чаканне сустрэчы з Хрыстом у свяце Божага Нараджэння і пасля нашай смерці. Калі мы з радасцю чакаем дарагога госця, то прыбіраем свой дом, купляем падарункі, рыхтуем смачны пачастунак…

Хрыстос — гэта ў першую чаргу госць нашай душы. Што заняло месца Хрыста ў нашым сэрцы? Магчыма, гэта няўменне абмяжоўваць сябе, сквапнасць, эгацэнтрызм, фармальнае хрысціянства… Значыць, усё ж такі ў Адвэнце добра было вучыцца ўтаймоўваць сябе (пасціць), гаварыць з Богам (больш маліцца), жыць не толькі для сябе (даваць міласціну і дапамагаць патрабуючым).

Ксёндз Кірыл Бардонаў

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter