Фларысты раяць, з якімі кветкамі лепш прыходзіць 1 верасня

Тыя яшчэ кветачкі!

Напярэдадні Дня ведаў трэба многае паспець: камусьці — набыць партфель, іншым — купіць школьную форму і, вядома, не забыцца пра букет для настаўніка. Як правіла, набыццё кветак адкладаюць на апошні дзень, інакш звянуць. Напярэдадні 1 верасня карэспандэнт «Р» пабывала на Мінскім парнікова-цяплічным камбінаце, найбуйнейшым вытворцы кветкавай прадукцыі ў горадзе, і даведалася, з якімі букетамі там прапануюць школьнікам адправіцца на лінейкі.

Наталля МІРАНОВІЧ і Вікторыя ВЕРХАВОДКА пільна сочаць за выкананнем усіх агратэхнічных мерапрыемстваў па вырошчванні кветак у цяпліцах
Фота Паўла Чуйко

Мінскі парнікова-цяплічны камбінат спецыялізуецца ў асноўным на вырошчванні руж. Яны растуць у спецыяльных цяпліцах. Іх тут шэсць. Агульная плошча — 1,6 гектара.

— Унутры кожнай цяпліцы створаны свой асаблівы клімат: вільготнасць і тэмпература рэгулююцца ў залежнасці ад гатунку ружы і аптымальных умоў для яго. Усяго ў нас вырошчваюць 25 гатункаў гэтых кветак, — сустракае нас начальнік цэха «Кветкі сталіцы» Наталля Мірановіч.

Перш за ўсё адпраўляемся ў цяпліцу, дзе расце самы запатрабаваны ў пакупніка гатунак — Jumilia. Ён мае буйны бутон і высокае сцябло, пры гэтым не капрызны ў плане тэмпературных рэжымаў і ўстойлівы да розных захворванняў.

Кветкаводы Ганна ІГНАТОВІЧ і Яўгенія КЛЮЧНІК займаюцца доглядам: выдаляюць пасынкі, каб вырасціць якасны бутон

— За дзень зразаем не менш за 5 тысяч руж, а напярэдаднi 1 верасня нарыхтуем 60 тысяч руж, — здзіўляе лічбамі Наталля Мірановіч. — Дарэчы, да новага навучальнага года пашырым асартымент за кошт новых гатункаў. Напрыклад, Blues і All star.

У цяпліцах сярод доўгіх радоў руж мітусіцца з дзясятак кветкаводаў. Каманда займаецца доглядам: выдаляе пасынкі, каб вырасціць якасны бутон. Як растлумачыла аграном па ахове раслін Вікторыя Верхаводка, на прадпрыемстве ўжываюць біяметад для абароны раслін ад шкоднікаў і пільна сочаць за выкананнем усіх агратэхнічных мерапрыемстваў па вырошчванні руж у цяпліцах.

Галіна САЛАДУХА і Анфіса ПАЦЫНКА зачышчаюць ружы ад лішняга лісця, падбіраюць бутоны па памеры і складаюць з іх букеты

Тым часам кветкаводы Ганна Ігнатовіч і Яўгенія Ключнік выбіраюць ружы з пэўнай ступенню роспуску бутонаў, зразаюць іх і на суткі ставяць у спецыяльны раствор, каб кветкі даўжэй захоўвалі таварны выгляд. На наступны дзень іх сартуюць.

— Сартуем уручную кожную кветачку, — не здымаючы пальчатак, якія абараняюць рукі ад калючак на сцёблах, расказвае кветкавод Анфіса Пацынка. — Зачышчаем кветкі ад лішняга лісця, падбіраем бутоны па памеры і складаем з іх букеты.

Таццяна УСХОПЧЫК вязе зрэзаныя ружы на сартаванне

Пасля сартавання ружы захоўваюцца ў спецыяльным халадзільным адсеку цэха. У ім падтрымліваецца тэмпература каля чатырох градусаў цяпла. Пры такой тэмпературы ружы ў зрэзаным выглядзе даўжэй за два тыдні не губляюць таварны выгляд. Затым іх развозяць па гандлёвых кропках. Кошт адной ружы вышынёй 50 сантыметраў у магазінах камбіната складае 2,6 рубля, 80-сантыметровы экзэмпляр абыдзецца ў 4 рублі.
Ірына САРОКА падрыхтавала букеты з руж, засталося толькі развезці іх па гандлёвых кропках

Пазбегнуць мітусні ля кветкавых кіёскаў можна ў анлайн-магазінах. Напрыклад, цэннік на ружы ў 60 сантыметраў стартуе ад 1,5 рубля. Аднак у такім выпадку яшчэ прыйдзецца раскашэліцца на 8 рублёў за дастаўку, калі сума заказу не перавышае 200 рублёў. Да таго ж напярэдадні 1 верасня гэтыя лічбы чакана вырастуць, у некаторых магазінах — у разы.

— Часта, спрабуючы пераплюнуць саміх сябе, бацькі ўручаюць дзіцяці раскошны важкі букет. Трымаць іх на працягу ўсёй лінейкі дзецям цяжка, таму для вучняў малодшых класаў кампазіцыя павінна быць зручнай і лёгкай, — параілі нам фларысты аднаго інтэрнэт-магазіна. — Таксама кветкі лепш аформіць упакоўкай, каб дзіця не запэцкала рукі. Абавязкова звярніце ўвагу фларыста, калі ў дзіцяці маецца алергія на якую-небудзь кветку.

У магазінах Мінска акрамя руж можна знайсці хрызантэмы, лілеі, герберы... Адным словам, выбіраць ёсць з чаго, галоўнае — пачуццё меры. Кветкі павінны быць сціплымі — гэта ж свята ведаў, а не юбілей зоркі эстрады.

gorbatenko_inna@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter