Магіляўчанка назбірала звыш тысячы сартоў фіялак

Тысяча і адна фіялка

Белыя і фіялетавыя, у крапінку і палоску, з кантамі і рванымі краямі, мініяцюрныя і звычайныя — палітра фарбаў, памераў і формы кветак, якія занялі некалькі паліц і падаконнікаў,  уражвае сваёй разнастайнасцю. Пад царства фіялак магіляўчанка Таццяна Агароднікава аддала ні многа ні мала — цэлы пакой. За дзесяць гадоў незвычайнага захаплення толькі сартоў хатніх кветак у яе назбіралася больш за тысячу. І кожнай фіялцы патрэбна асобнае месца, свая порцыя святла. Карацей кажучы, шчыры клопат. І, дадае гаспадыня,  крышачку душы.

У калекцыі магіляўчанкі — больш за тысячу сартоў кветак

Як атрымалася сабраць такую прыгажосць? Што падштурхнула да стварэння незвычайнай аранжарэі? Таццяна тайны з гэтага не робіць:

— Ні дачы, ні нават цікавасці да работы на зямлі раней не мела. Усё пачалося з таго, што аднойчы ўбачыла і купіла прыгожую фіялку. Потым муж падарыў яшчэ адну — махровую. Пасля гэтага захацелася знайсці іншыя — чырвоныя, сінія. Так калекцыя і пачала збірацца.

У пакоя з кветкамі некалькі статусаў. Першы, вядома, аранжарэя, якая патрабуе штодзённага догляду. Ёсць і другое — творчае прызначэнне. А яшчэ фіялкі задаюць настрой самой гаспадыні. Некалькі хвілін сам-насам з раслінамі — і хваляванні быццам адступаюць. Фіялкі, падкрэсліла, трэба любіць і разумець. Самі яны таксама вельмі адчувальныя да настрою чалавека, і Таццяна іх эмоцыі адчувае. «Калі лісты апалі, а кветкавы кошык, наадварот, зацвярдзеў, значыць, нешта не так з фіялкай, — падзялілася сваімі назіраннямі і вопытам гараджанка. — Значыць, нешта ёй баліць». Не хавае: былі выпадкі, калі бачыла, што кветка «засумавала», але сіл разабрацца ў прычыне яе хваробы ў гаспадыні на той момант не хапала. Аднак кінуць фіялку ў прыгнечаным стане ўсё роўна не атрымлівалася: думкі аб расліне не пакідалі, і гаспадыня зноў вярталася ў аранжарэю. А калі аднойчы заказаныя чаранкі на шляху да калекцыянера замерзлі, загінулыя кветкі ёй нават прысніліся. 


Чаму з усяго мноства да­машніх раслін акцэнт быў зроблены на фіялках? Таццяна тлумачыць:

— У фіялак шмат пераваг перад іншымі кветкамі. Яны не­пераборлівыя, кампактныя. Ды і сартоў шмат. Цвітуць фіялкі таксама амаль увесь год, так што і ў ма­разы ў аранжарэі — вясна. Яшчэ адзін плюс у тым, што такія кветкі не вызываюць алер­гіі. Калі ў доме ёсць дзеці, то гэта — даволі важкі аргумент. 


Таццяна АГАРОДНІКАВА: «Фіялкі — гэта цэлы свет».


Зараз новыя сарты Агароднікава заказвае ў селек­цыянераў, у боль­шасці — за­межных. У калекцыі не так даўно з’явілася фіялка нават рэдкага жоўтага колеру. У кожнай кветкі, дарэчы, ёсць імя. «Вось, напрыклад, «ПТ-кацярына», «АВ-дыназаўр», «АВ-мімімі», — пералічыла гаспадыня. І растлумачыла: першыя дзве літары — ініцыялы стваральніка сорту, а далей ужо ідзе сама назва. Сярод новых сартоў, расказала, не толькі тыя, што з’явіліся дзякуючы энтузіязму і ўпартасці чалавека. Ёсць і фіялкі-хімеры, якія з’яўляюцца пры выпадковай змене ўжо існуючых кветак, — такі вось падарунак прыроды. Вельмі рэдкі і таму дарагі.

Раней гараджанка не выключала магчымасці самой заняцца селекцыяй. Аднак потым ад гэтай думкі адмовілася. На тое, каб атрымаць новы гатунак, трэба немалы ўчастак зямлі, грошы і час. Тым не менш ад самой прыгажосці, непаўторнасці фіялак, якія адлюстроўвалі на сваіх палотнах Эдуард Манэ, Рыгор Міхайлаў, Джон Годвард, Іосіф Крачкоўскі і іншыя знакамітыя мастакі, адмаўляцца не збіраецца. 

Ці доўгі век у фіялак? У Таццяны добра адчуваюць сябе як навічкі калекцыі, так і тыя расліны, з якіх яе хобі  пачалося. А наогул, удакладніла, яны могуць жыць і радаваць сваіх гаспадароў бясконца — пры добрым, зразумела, доглядзе. Ці можна на гэтых кветках добра зарабіць? Гаспадыня лічыць:

— Калі чалавек плануе разводзіць фіялкі для бізнесу, у яго нічога не атрымаецца. Ён наўрад ці будзе карпатліва з імі займацца. 

Фіялкі вядомыя з самых даўніх часоў. Не абышлі іх сваёй увагай і астролагі, якія аднеслі кветку да знака задыяка Цялец, што ў адказе за «надвор’е» і ўтульнасць у доме. Прыхільнікі ўсходняга фэншую таксама сцвярджаюць, што фіялкі нясуць гаспадарам вернасць і спакой. Пры гэтым белыя — дапамагаюць знізіць градус празмерных эмоцый, блакітныя — раскрыць творчыя здольнасці, фіялетавыя — дасягнуць паразумення.  

Таццяна Агароднікава з такім раскладам не спрачаецца. За больш як дзясятак гадоў сяброўства з фіялкамі ў яе з’явіліся наконт іх і асабістыя думкі. «Фіялкі, — пацвердзіла, — на самай справе дораць гармонію, добры настрой і веру ў лепшае». 

svet.markova@gmail.com 

Фота аўтара і з архіва Таццяны Агароднікавай

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter