«Тыгры» надламалі кіпцюры пад Жлобінам

Уладзімір Канстанцінавіч Федасеенка нарадзіўся ў 1926 годзе ў вёсцы Мормаль Жлобінскага раёна. У 1941 годзе закончыў 8 класаў сярэдняй школы. У пачатку ліпеня сорак першага стаў разведчыкам Жлобінскага знішчальнага батальёна, затым партызанам атрада “Смерць фашызму”. З вясны 1943 года – камандзір дыверсійнай групы партызанскага атрада імя Жукава брыгады імя Панамарэнкі. Быў паранены. Вучыўся ў Гомельскім рачным тэхнікуме. Працаваў інструктарам Гомельскага абкома камсамола. Скончыў партыйную школу пры ЦК КПБ. Загадваў сектарам маладзёжнага друку ЦК ЛКСМБ. Працаваў на розных пасадах у газетах і часопісах. Аўтар раманаў “Дубовая града”, “Віхры на скрыжаваннях”, “Пасля смерчу”, “Мутныя росы”. Узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Ганаровы грамадзянін Жлобіна.
Пасля разгрому гітлераўцаў у Сталінградзе мы, дыверсанты, лічылі, што такога частага руху цягнікоў у напрамку на паўднёвы ўсход не будзе. Але неўзабаве заўважылі, што немцы яшчэ больш узмацняюць ахову чыгункi Бабруйск—Жлобін—Гомель, а дзе лес падступаў да палатна на дзвесце метраў, дрэвы спілоўваюць. Мы не ведалі, што гітлераўцы хочуць узяць рэванш пасля Сталінграда і таму канцэнтруюць войскі на Арлоўска-Курскай дузе. Адрэзак на чыгунцы Жлобін—Чырвоны Бераг, а гэта на захад ад Жлобіна, мая група вывучыла дасканала. Ведала не толькі, дзе які пераезд цераз чыгунку, а нават кожнае дрэўца або кусцік, што раслі побач яе. Надвячоркам мы з лесу прыйшлі ў вёску Казімірава, якая была кіламетры за тры ад чыгункі. Я ведаў, што адсюль на падрыў варожых эшалонаў ходзіць яшчэ адна група на чале з маім добрым сябрам Аляксеем Ткачэнкам. Гэта цудоўны хлопец, весялун, не пазбаўлены пачуцця гумару. Я спадзяваўся сустрэць Ткачэнку ў той жа вечар менавіта ў Казіміраве. Але сувязны паведаміў, што Ткачэнка загінуў. Мяне нібы токам ударыла. Даведаўшыся пра падрабязнасці трагічнай гібелі сябра, я падумаў, наколькі нам трэба быць асцярожнымі i хітрымі з акупантамі... Тым часам у газеце, якая выходзіла пры штабе Гомельскага партызанскага злучэння, паведамлялася, што нехта Валодзя Ф. (у тыле ворага прозвішча не пісалася) паспрабаваў злучыць шнур-дэтанатар з вогнеправодным шнурам, так званым бікфордавым. Многа вопытаў правёў і зразумеў, што варта злучыць хоць некалькі сантыметраў бікфордавага шнура з дэтанатарным, і гэта затрымае выбух на тое імгненне, пакуль праскочаць дзве платформы з пяском, і паравоз падарвецца. Нам было вядома, што немцы прапускаюць цераз нашу зямлю эшалоны з танкамі, самаходнымі гарматамі і іншай ваеннай тэхнікай толькі ўдзень, калі міну партызанам падкласці амаль немагчыма. Раніцай са страхі сялянскага хлява я ў бінокль разглядаў чыгунку. Бачыў двух немцаў, якія штосьці варылі на вогнішчы, бачыў кулямётчыкаў, што сядзелі каля катлавана ў засадзе... Неўзабаве заўважыў, як па пераездзе праязджаюць, хоць вельмі рэдка, сяляне на падводах. У мяне ўзнікла ідэя: зараз жа пакінуць Казімірава, пайсці бліжэй да Жлобіна, да Малевіцкага пераезда. У вялікім садзе запознена некаторыя сяляне садзілі бульбу. Я падышоў да старога, зусім сівога чалавека, які стаяў каля калёс яшчэ не распрэжанай кабылкі. Папрасіў яго даць мне запрэжаную кабылу на паўгадзіны, каб праехаць цераз пераезд і вярнуцца назад. Але мне спатрэбіліся яшчэ і жанчыны, якія набіралі бульбу ў кошыкі. Дзядуля адразу зразумеў, што гэта за просьба, бо ў мяне была на галаве вайсковая пілотка з зорачкай. Ён згадзіўся, падышлі і жанчыны. Я паклікаў Сашу Кісляка — смелага, баявога дыверсанта. У адной жанчыны ўзяў нейкі зношаны халат, папрасіў у яе і хустку, завязаў сабе на галаву. А Саша надзеў фартух і таксама павязаў хустку. Так мы, на выгляд дзве жанчыны, паклалі на калёсы мяшок бульбы, пліту толу і паехалі. Саша гнаў гнядую кабылу, за якой бегла малое жарабя. Метраў за пяцьдзесят ад пераезда стаяла будка блокпаста. Адтуль то выходзіў, то заходзіў туды гітлеравец. Цяпер жа, напэўна, за падводай ён назіраў з акна. Саша праехаў крыху па пераездзе, пацягнуў адну лейчыну і павярнуў кабылу так, каб кола саскочыла з драўлянага насцілу і ўперлася ў рэйку. Я злез з калёс, нібыта для таго, каб дапамагчы ездавому, а сам непрыкметна апусціў пліту толу з замацаваным у ёй дэтанатарным шнурам, а капсуль паклаў на рэйку. Затым упёрся плячом у драбіну, і Саша пагнаў кабылу. Ад’ехаўшы метраў дзвесце ад пераезда, мы павярнулі назад. Немец ужо выйшаў з будкі, напэўна, чакаў цягніка. Мы не выклікалі ніякай падазронасці... Я ў бінокль пачаў назіраць за пераездам. Было каля гадзіны дня. Спачатку ўбачыў, як, нібы лісіны хвост, узняліся і матнуліся на абочыну платформы з пяском, у полымі падскочыў і рынуўся на падарваны бок паравоз. Глушачы яшчэ не сціхлае рэха выбуху, з грукатам лезлі адна на адну платформы, скідаючы сталёвы груз. Пасля майго дакладвання ў асабовы аддзел атрада, дзе і ў які час быў пушчаны пад адхон маёй групай варожы эшалон, разведка ўстанавіла, што ён быў з найноўшымі нямецкімі танкамі “Тыгр”. У многіх з іх былі пашкоджаны гусеніцы, гарматы. Зразумела, я не ведаў, куды везлі гэтыя танкі, можа, і на Арлоўска-Курскую дугу. Але на сэрцы ў мяне стала лягчэй: адпомсціў ворагу за свайго баявога сябра-земляка Аляксея Гаўрылавіча Ткачэнку.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter