Прапаную сімвалам конкурсу “Гаспадыня-беларусачка” надалей зрабіць прыгожы партрэт сапраўднай беларусачкі — карціну “Папрадуха” мастака Міхася Сеўрука

Твар руплівай гаспадыні


Міхась Сеўрук. Папрадуха
Добры дзень, шаноўная рэдакцыя! Я чуў пра конкурс “Гаспадыня-беларусачка”. Ведаю, газета пісала: гэтае ганаровае найменне ўжо маюць некаторыя з актывістак беларускай дыяспары. Мне ж як мастаку помніцца: калі прэзентаваўся той праект, адначасова быў прапанаваны і візуальны сімвал гаспадарлівай беларускі. То быў партрэт дзяўчыны з карціны Пётры Мірановіча “Беларусачка”. Наколькі мне вядома, карціна знаходзіцца цяпер у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Яго перадаў калісьці ў будучы музей “Беларусы свету” Сяргей Панізьнік, набыўшы твор у Рызе ў дачкі Сяргея Сахарава. А паколькі на партрэце не было аніякіх подпісаў, не была напісана і назва карціны, то Сяргей Панізьнік назваў яе: “Беларусачка”.

Аднак ці беларуска на самой справе на той карціне? Я цяпер даследую жыццё і творчасць беларускага мастака з Латвіі Пётры Мірановіча. І вось пад час даследчай працы выявіў: гэта не партрэт беларускай дзяўчыны. Гэта Мірановіч намаляваў копію з рэпрадукцыі карціны рускага мастака Аляксандра Аляксеевіча Бучкуры. На партрэце, калі ўважліва прыгледзецца, дзяўчына — у адзенні рускай разанскай вясковай жанчыны. Падобныя партрэты Бучкуры шмат маляваў на пачатку ХХ стагоддзя. Таму гэты партрэт як сімвал не падыходзіць для вышэй-згаданага конкурсу.

Што ж рабіць? Я прапаную сімвалам конкурсу “Гаспадыня-беларусачка” надалей зрабіць прыгожы партрэт сапраўднай беларусачкі — карціну “Папрадуха” мастака Міхася Сеўрука. Здымак я сканіраваў з кнігі Віктара Шматава “Міхась Канстанцінавіч Сеўрук”, якая пабачыла свет у 1980 годзе ў выдавецтве “Беларусь”. Магчыма, сама карціна зберагаецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Усяго Вам найлепшага.

Вячка Целеш, г. Рыга


Ад рэдакцыі. Дзякуй за каштоўнае ўдакладненне, спадар Вячка. Сапраўды, твор вядомага жывапісца і графіка Міхася Сеўрука будзе больш дарэчы ў якасці візуальнага сімвала. Інтэрнэт падказвае: Міхась Канстанцінавіч з 1939 па 1979 гады жыў і працаваў у Нясвіжы, дзе і пахаваны на мясцовых могілках. У памяць пра таленавітага майстра і для захавання яго багатай спадчыны ў горадзе ў 1994 годзе адчынена кватэра-музей Міхася Сеўрука, у якiм захоўваюцца больш за 1100 прац і асабістых рэчаў мастака. Дарэчы, гэта Міхась Сеўрук — аўтар вокладак зборнікаў вершаў Максіма Танка “На этапах” (1936) і песень Рыгора Шырмы “Наша песня” (1938), графічных прац “Віленская Alma mater” (1937) ды іншых.

Голас Радзімы № 31 (3487), чацвер, 18 ЖНІЎНЯ, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter