Дзясяткі тысяч немаўлят нарадзіліся і прайшлі лячэнне ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры “Маці і дзіця”

Тут нараджаецца жыццё

Дзясяткі тысяч немаўлят нарадзіліся і прайшлі лячэнне ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры “Маці і дзіця”


У Цэнтры “Маці і дзіця” аберагаюць кожнага з немаўлят

Быць маці — пэўна, самае вялікае жаданне любой жанчыны. Але часам бываюць абставіны, і гэта нават пры вялікім жаданні не ўдаецца. Ведаю такую жыццёвую гісторыю. Мінчанка Таццяна Ш. амаль 20 гадоў патраціла, каб стаць мамаю. І стала! Яе парада іншым: не варта адчайвацца! “Пачуць ад лекара ў 20 гадоў дыягназ бясплоддзе — вельмі страшна, — па гэты час яна ўспамінае былое з дрыжыкамі ў голасе. — Былі дэпрэсія, слёзы, вельмі доўгія гады лячэння… І нарэшце — такая доўгачаканая цяжарнасць. З першых дзён я назіралася ў РНПЦ “Маці і дзіця”, было нямала ўскладненняў. І вось 14 лютага, якраз у Дзень святога Валянціна, з’явіліся на свет тры чароўныя хлопчыкі. Дарэчы, аднаго з іх назвалі Валянцінам. А маленечкія: кожны вагой трошкі больш за кілаграм... Першыя тыдні літаральна ўвесь час ішла барацьба і лекараў, і нованароджаных за жыццё. Выкарабкаліся! Цяпер маім сынам — па чатыры гады. Здаровыя, актыўныя, абсалютна ні ў чым не саступаюць аднагодкам. У тым вялікая заслуга лекараў Цэнтра, вялікі ім дзякуй за маё мацярынскае шчасце”.

Такіх “станоўчых” гісторый у РНПЦ “Маці і дзіця” ведаюць шмат. Гэта — вядучая ўстанова краіны ў службе аховы мацярынства і дзяцінства. Тут шмат каму лекары не толькі дапамаглі з’явіцца на свет, але і, вобразна кажучы, адаптавацца ў ім для жыцця. “Многія з цяперашніх пацыентак гадоў дзесяць таму і марыць не маглі пра мацярынства, — расказвае намеснік дырэктара Цэнтра па навуковай рабоце, спецыяліст у галіне акушэрства і гінекалогіі, кандыдат медыцынскіх навук Іван Курловіч. — Дзякуючы высокаму прафесіяналізму лекараў, аснашчэнню клінікі ўнікальным абсталяваннем і ўкараненню ў практыку суперсучасных тэхналогій, мы сёння з упэўненасцю можам сказаць: дыягназ бясплоддзе сёння для жанчын — не прысуд, а лячэнне яшчэ не народжаных дзяцей для нас ужо не фантастыка”.

У Цэнтры аказваюць дапамогу жанчынам і дзецям з найбольш цяжкай паталогіяй. “Тэхналогіі ў нас такія, што дапамагаюць замацавацца ў жыцці нават глыбока неданошаным дзяцям, — прадаўжае субяседнік. — Уявіце сабе: мы працуем з нованароджанымі дзецьмі ад 500 грамаў. Ім патрэбен асаблівы тэмпературны рэжым, малога трэба абараніць ад шуму і болю... Усё гэта патрабуе суперсучасных тэхналогій, і, вядома ж, высокага прафесіяналізму лекараў. І ўсё гэта ў нас ёсць. А па ўзроўню тэхнікі, з якой працуем у цэнтры, мы не саступаем ніводнай заходнееўрапейскай краіне”.


У рэспубліканскім цэнтры “Маці і дзіця”

Часам малыя, у тым ліку і яшчэ ненародажныя, маюць патрэбу ў спецыфічных аперацыях. Па гэты час ва ўсім свеце іх робяць толькі ў высокаспецыялізаваных клініках. “Сапраўды, любое ўмяшанне, калі дзіця яшчэ ў мацярынскім улонні, вельмі складанае і вельмі рызыкоўнае, — прыадкрывае тонкасці сваёй прафесіі Іван Курловіч. — Але ў некаторых выпадках гэта, бадай, адзіны шанц, каб выратаваць жыццё дзіцяці. Нам, дарэчы, паспяхова ўдалося вырашыць праблему з жанчынамі з рэзус-адмоўнай групай крыві: у іх часам узнікае рэзус-канфлікт, гэта значыць несумяшчальнасць груп крыві маці і плоду. Раней, калі здаралася такое, былі ці то заўчасныя роды, ці то мёртванароджанае дзіця. А цяпер у Цэнтры ўкаранёна такая методыка, што ідзе своечасовая дыягностыка, а таксама лячэнне: робім унутрычэраўнае пераліванне крыві. Такая аперацыя паляпшае стан плоду, і цяжарнасць прадаўжаецца. Бывае, такое робім пад час цяжарнасці да 9-10 разоў. І нараджаецца зусім здаровае, даношанае дзіця. А калі ёсць затрымка з развіццём плоду, то мы можам падкормліваць яго: праз адмысловую сістэму. У нас добрыя паказчыкі выношвання дзяцей пры шматплоднай цяжарнасці, бо і там бываюць свае складанасці. Сёння ў Беларусі жывуць і добра развіваюцца тыя малыя, якія, бо патрэбна было, падвергліся хірургічнаму ўмяшанню лекараў яшчэ да нараджэння”.

Што яшчэ можа прапанаваць навука, з якімі хваробамі жанчын і ненароджанага яшчэ дзіцяці можа справіцца РНПЦ “Маці і дзіця”? Іван Васільевіч запэўніў мяне, што вельмі многае: “Дзякуючы сучасным тэхналогіям, эксклюзіўнаму абсталяванню, якое ёсць толькі ў нашай клініцы, мы дапамагаем нарадзіць жанчынам з паталогіяй сардэчна-сасудзістай і эндакрыннай сістэмы, з захворваннямі крыві ды злучальнай тканкі... А лячэнне малых задоўга да іх з’яўлення на свет у нас — ужо звыклая справа. Дарэчы, амаль усе ўнутрычэраўныя аперацыі, якія праводзяцца ў Цэнтры, малаінвазіўныя: праводзяцца пры мінімальным умяшанні ў арганізм і дзіцяці, і жанчыны, пад мясцовай анестэзіяй. Яны — унікальныя не толькі для Беларусі, але і пакуль у свеце. Таму да нас часта прыязджаюць абследавацца, лячыцца і нараджаць жанчыны з-за мяжы: Расіі, Украіны, краін Цэнтральнай Азіі. Для замежных пацыентак гэта платная паслуга. З пералікам паслуг, коштамі на іх можна азнаёміцца на сайце medcenter.by. А для жыхароў Беларусі ўсе аперацыі — бясплатныя.

Дарэчы, па выніках сацапытання, якое праводзілася па ўсёй Беларусі ў жніўні 2015 года, РНПЦ “Маці і дзіця” атрымаў дыплом фіналіста ў намінацыі “Спецыялізаваны меды­цынскі цэнтр”, а таксама прэмію спажывецкага прызнання “Народная марка Беларусі-2016”. А на пачатку года калектыў РНПЦ стаў лаўрэатам прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Іван Курловіч ганарыцца такім прызнаннем працы калектыву: “Гэтыя высокія ўзнагароды — знак таго, што мы запатрабаваныя, што пра нас ведаюць, нам давяраюць самае дарагое, што ёсць у бацькоў на зямлі — здароўе сваіх дзяцей”.

Даведка ГР.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, сёння Беларусь — на 25-м месцы сярод 179 краін па камфортнасці мацярынства. Па паказчыку нізкай дзіцячай смяротнасці краіна займае трэцюю пазіцыю: побач з Вялікабрытаніяй, Швейцарыяй, Францыяй, Іспаніяй і Бельгіяй.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter