Тут б’ецца «сэрца» славянскай цывілізацыі…

БЕЛАРУСЬ гасцінна прымае больш за паўтысячы вучоных-славістаў з 35 краін свету. Цырымонія афіцыйнага адкрыцця форуму адбылася 21 жніўня ў канцэртнай зале «Мінск». Асноўная навуковая праграма распачынаецца сёння ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Яна працягнецца да 26 жніўня. У цэнтры ўвагі — славянскія народы, іх мовы, культурныя і фальклорныя здабыткі.

Учора ў Мінску адкрыўся XV міжнародны з’езд славістаў

БЕЛАРУСЬ гасцінна прымае больш за паўтысячы вучоных-славістаў з 35 краін свету. Цырымонія афіцыйнага адкрыцця форуму адбылася 21 жніўня ў канцэртнай зале «Мінск». Асноўная навуковая праграма распачынаецца сёння ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Яна працягнецца да 26 жніўня. У цэнтры ўвагі — славянскія народы, іх мовы, культурныя і фальклорныя здабыткі.

Прывітальнае слова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да ўдзельнікаў і гасцей з’езда агучыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Радзькоў. «Славянскі свет — наша агульная духоўная Айчына, якая аб’ядноўвае мільёны людзей, — сказана ў пасланні кіраўніка дзяржавы. — На вучоных-славістаў ускладзена пачэсная місія: берагчы і памнажаць скарбы мудрасці і культуры, садзейнічаць распаўсюджванню ведаў пра славянскія народы. Вы з гонарам выконваеце яе і падтрымліваеце агонь, які запалілі першаасветнікі святыя Кірыл і Мяфодзій».

У прывітанні падкрэсліваецца і сімвалічнасць таго, што менавіта наша краіна стала месцам правядзення юбілейнага — пятнаццатага — форуму. «Беларусь — сэрца славянскай цывілізацыі, якая ўносіць важкі ўклад у захаванне яе каштоўнасцей і ідэалаў. Беларусы берагуць гэту спадчыну».

— З’езд славістаў — знакавая падзея для Беларусі. Да яе ў нашай рэспубліцы дбайна рыхтаваліся, — сказаў на адкрыцці кангрэсу старшыня аргкамітэта форуму, намеснік старшыні прэзідыуму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір ГУСАКОЎ. — Правядзенне з’езда славістаў у нашай краіне  можна  расцэньваць  як прызнанне высокага ўзроўню развіцця айчыннай нацыянальнай славістыкі, ролі беларускай   мовы   і   літаратуры   ў славянскай культуры. Дэлегаты з’езда пераканаюцца ў гэтым. Яны пазнаёмяцца з нашай багатай гісторыяй, вялікай культурнай спадчынай, якую мы асцярожна захоўваем і развіваем.

Прывіталі ўдзельнікаў з’езда міністр культуры Беларусі Барыс СВЯТЛОЎ, міністр адукацыі Сяргей МАСКЕВІЧ, архіепіскап Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш КАНДРУСЕВІЧ, было зачытана слова Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта.

— Гэта невыпадкова, што дэлегатаў з’езда прывіталі галоўныя беларускія клірыкі, — лічыць дэлегат з’езда, дацэнт Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар філалагічных навук Таццяна АФАНАСЬЕВА. — Таму што менавіта царкоўнае слова — гэта і ёсць старажытнаславянскае пісьменства. Яна не так даўно стала прадметам вывучэння даследчыкаў-славістаў, але з’яўляецца, па сутнасці, першаасновай. Сфера маёй дзейнасці — царкоўнаславянскае пісьменства, пераклады з грэчаскай мовы і старажытнаславянскія культурныя цэнтры. На з’ездзе я другі раз. Да гэтага была ў 2008 годзе ў македонскім Охрыдзе. І тут ў Беларусі мы зноў усе сустрэліся. Абмяркуем, што будзем рабіць сумесна: выдаваць, даследаваць… Цікавяць нас маштабныя праекты, каб можна было падключыць экспертаў з розных гарадоў Еўропы. Тым больш што нашы, я маю на ўвазе славянскія, рукапісы раскінуты па многіх краінах, прычым не толькі славянскіх.

Таццяна Афанасьева падкрэсліла, што дзякуючы такім дамоўленасцям была распачата праца па праектах з балгарамі і немцамі. Вучоныя гэтых краін зрабілі маштабныя пераклады біблейскіх новазапаветных і ветхазапаветных тэкстаў. І ўжо выйшлі з друку Евангелле ад Іаана, Евангелле ад Мацвея. Рыхтуецца да выдання Евангелле ад Лукі і Евангелле ад Марка.

— Хацелася б працягваць супрацоўніцтва ў калектыве зацікаўленых навукоўцаў. Выдаць, напрыклад, «16 слоў Рыгора Багаслова» ці тлумачэнне на Евангелле Феафілакта Балгарскага, — зазначае санкт-пецярбургскі эксперт. — Але гэта вельмі вялікія тэксты, з якімі аднаму чалавеку проста не справіцца. І мы будзем абмяркоўваць гэта на кангрэсе, ініцыяваць супрацоўніцтва над гэтымі фундаментальнымі старажытнейшымі тэкстамі для ўсяго славянскага пісьменства.

Самая вялікая праблема, якая паўстае перад удзельнікамі з’езда, — гэта стан славянскіх моў. На першы план сёння выходзяць мовы міжнароднага значэння — англійская, французская, іншыя. Але ведаць трэба свае родныя славянскія мовы, лічыць дэлегат з Сербіі прафесар Белградскага ўніверсітэта Петр БУНЯК.

— Менавіта на роднай мове можна перадаць усе традыцыі нашых народаў, — кажа Петр, які ўзначальвае славістычнае таварыства Сербіі. — Славуты Адам Міцкевіч казаў у сваіх працах нават пра Славянскі кантынент. Сапраўды, паглядзіце, колькі нас у Еўропе — палова — і ўсе нашы. Што тычыцца сербска-беларускіх сувязяў, то яны, я лічу, на высокім узроўні. А мой лёс звязаны з беларускай літаратурай. Я пачынаў сваю славістычную працу з перакладаў для Малой сербскай энцыклапедыі пісьменнікаў і паэтаў з Беларусі. Нават памятаю, як яшчэ жывы тады акадэмік Кандрат Крапіва дасылаў нам свае дадзеныя. Так што кожнага з нас, славістаў, тут нешта асабіста аб’ядноўвае з Беларуссю.

Нагадаем, што ў працы з’езда прымаюць удзел эксперты і з неславянскіх дзяржаў — Аўстрыі, Аўстраліі, Канады, Францыі і нават Японіі. У нядзелю госці наведаюць з экскурсіямі не толькі Мінск, але і іншыя куточкі Беларусі. Напрыклад, будзе арганізавана экскурсія ў Полацк.

Таццяна УСКОВА, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter