
Цягну ўверх кальцо вечкі — і ў нос б’е непрыемны пах. Нешта тут не тое, думаю сабе, і раптам змесціва банкі пачынае пеніцца. Усё зразумела: не будзе сёння хлопцам салдацкай кашы. А тым часам цыбуля для салаты гатовая, не кідаць жа хоць гэту справу незавершанай. Разламала прыгожы гранат, а ён унутры ўвесь чорны. Гэта, вы мяне разумееце, стала апошняй кропляй. У прынцыпе я не люблю рабіць буру ў шклянцы вады, але такое нельга пакідаць без увагі. Бяру ў пакет свае “прадукты” і кіруюся ў краму, яна знаходзіцца недалёка ад дому. Спагадлівы адміністратар уважліва слухае мяне, але не хоча прызнаваць тушонку сваёй, маўляў, у вас няма чэка. Але хіба нармальны чалавек захоўвае квіткі аб дробных пакупках? Я ж не Плюшкін, урэшце рэшт. А што тушонка і гранат, так бы мовіць, маюць прапіску гэтай крамы, высветліць проста, у мяне ж ёсць картка на скідкі, ды і пакупка была зроблена зусім нядаўна. Але жанчына карэктна так адмахваецца ад мяне, вельмі не хочацца ёй пісаць акт, што тавар не першай свежасці. І тады я пускаю ў ход цяжкую артылерыю: “Калі мы з вамі не знойдзем паразумення, я напішу ліст у “Рэспубліку”. Яна, можаце не сумнявацца, мне дапаможа”. І тон дамы адразу зрабіўся іншы. Мне далі іншую банку тушонкі і вялікі гранат.
Дома мае хлопцы з задавальненнем “навярнулі” салдацкай кашы, моднай салаты, яны і не ведалі, на што дзеля гэтага пайшла іх карміцелька.
Той выпадак я, зразумела, палічыла б дрэнным жартам, калі б ён не меў працягу. Ужо ў іншым магазіне купіла сок, ён таксама аказаўся сапсаваны. Тут я, праўда, сама вінаватая: трэба было паглядзець, што тэрмін яго рэалізацыі заканчваецца праз лічаныя дні. Але ж не закончыўся...
З моманту майго наведвання ўніверсама прайшло пару гадзін, чэк яшчэ знаходзіўся ў сумцы, таму я не прамінула тыцнуць носам работнікаў і гэтай гандлёвай установы. Праблем з заменай, скажу адразу, не было, толькі адміністратар была вельмі здзіўлена, што такі стары сок аказаўся ў маім пакупніцкім кошыку. Нібыта я яго трымала дзесьці ў скрыні, каб пад Новы год прыйсці і ўчыніць ім скандал.
А праз пару дзён у яшчэ адным мага-зіне я ледзьве не купіла яйкі-баўтуны: таксама праблема з тэрмінам рэалізацыі.
Калі я распавяла пра свае гандлёвыя прыгоды сяброўцы, яна сказала, што ў канцы месяца, а тым больш года, работнікі гандлёвых кропак стараюцца спіхнуць пакупнікам абы-што. Не ведаю ці так гэта, нікога не хачу пакрыўдзіць. Але я цяпер вельмі ўважліва вывучаю не толькі цэны, а і іншыя лічбы на ўпакоўках і аглядаю з усіх бакоў тое што, збіраюся купіць. Хопіць з мяне тавараў з сюрпрызам.
Вера МІХЕЛЬСКАЯ, Мінск