Паданні старажытнага Турава

Тураў: тысячагадовы паірыярх Палесся

«Пазбаві, Госпадзі,
град сей і краіну гэту
ад усялякага зла».

Кірыла ТУРАЎСКІ


Сярод старажытных гарадоў зямлі беларускай палескі Тураў уступае па ўзросце толькі Полацку і Віцебску. Упершыню пісьмова ён упамінаецца ў “Аповесці мінулых часоў” у 980 годзе. Першым вядомым тураўскім князем быў Святаполк, сын кіеўскага князя Уладзіміра. Праз Тураў праходзіў асноўны водны шлях, што звязваў Візантыю з Еўропай.



У канцы Х стагоддзя ў Тураве ўзнікла другое на беларускай зямлі пасля Полацкага праваслаўнае епіскапства. Больш за паўсотню цэркваў і манастыроў налічвалася ў сталіцы Тураўскага княства, дзе жыў і тварыў вядомы асветнік Кірыла Тураўскі.

Феадальная раздробленасць падзяліла княства на ўдзельныя ўладанні, якія ўвайшлі ў Вялікае Княства Літоўскае.

Фермер Міхаіл ШРУБ і старшыня гарсавета Сяргей СКАРАПАЦКІ

Неаднаразова Тураў дашчэнту знішчалі мангола-татары, крымскія татары і іншыя захопнікі. І кожны раз, як легендарная птушка фенікс, ён паўставаў з попелу. У розныя стагоддзі горадам валодалі князі Свідрыгайлы, Глінскія, Астрожскія і іншыя магнаты. У ХVIII стагоддзі тураўскі маёнтак зваўся графствам.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка стала цэнтрам воласці Расійскай імперыі. Паўтара стагоддзі таму тут выявіўся адзін з найстаражытнейшых рукапісных помнікаў ХI стагоддзя – Тураўскае Евангелле.

Жывёлаводы Галіна ЛЯСЬКО, Тэдзі ЭКХАРУТАЙВЕН і Наталля ЛОБАН

На пачатку мінулага стагоддзя мясцовасць некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі іншаземных захопнікаў. З першых гадоў савецкай улады Тураў стаў раённым цэнтрам і быў ім да 1962-га. Восенню 1938 года атрымаў статус гарадскога пасёлка, а з 2004-га – горада Жыткавіцкага раёна.

У гады гітлераўскай акупацыі тут актыўна дзейнічала антыфашысцкая арганізацыя. Устаноўлены помнік на магіле 146 савецкіх воінаў і адкрыты мемарыял 192 землякам, якія не вярнуліся з вайны.

Дырэктар краязнаўчага музея Дзмітрый АПАНОВІЧ

Сёння дзейнічаюць сучасны малочны камбінат, ААТ “Тураўшчына”. Пабудаваны кафедральны сабор Святых Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх. Багатыя на ўнікальныя экспанаты тураўскія музеі. Горад уключаны ў турыстычныя маршруты “Калыска народнай культуры ўсходніх славян”, “Да вытокаў старажытнага княства”, “Залатое кальцо Гомельшчыны”.
Настаяцель кафедральнага сабора Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх Васіль ПЫЦЕЛЬ

ПАЎНАВОДНАЯ Прыпяць дугой агінае старажытнае замчышча, з вышыні якога аглядае прастору адліты ў бронзе з крыжом за спіною Кірыла Тураўскі. Пазалотай купалоў ззяе новаўзведзены кафедральны сабор Святых Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх. Шырокая рачная пойма і чарназёмныя нівы акружаюць тысячагадовы Тураў. Вякамі галоўным быў водны шлях да старажытнай сталіцы. Як сцвярджаюць паданні, са стольнага Кіева рачныя воды Дняпра і Прыпяці прынеслі сюды каменныя крыжы. Раней даводзілася бачыць іх ва Усясвяцкім тураўскім храме, які быў адзіным дзеючым у раёне. Старажытны каменны крыж усталяваны перад уваходам у новы кафедральны сабор Святых Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх, куды будзённым днём мы завіталі са старшынёй гарсавета Сяргеем Скарапацкім.

Цішыня панавала на саборным дворыку. Некалькі мужчын пераносілі нейкія прыстасаванні з грузавіка ў храм. Ад настаяцеля сабора Васіля Пыталя даведаліся, што спецыялісты рыхтуюцца да роспісу ўнутраных сцен. Абяцаюць да вясны справіцца. 11 мая, у дзень ушанавання святога епіскапа Кірылы Тураўскага, плануецца правесці з удзелам Мітрапаліта Паўла святочнае богаслужэнне. Чацвёрты год запар у гэты дзень ён праводзіць богаслужэнне ў Тураве. Тысячы паломнікаў збіраюцца на Замкавай гары, дзе з пастамента ўглядаецца ў далячынь златавуст Кірыла Тураўскі. Тут жа на гары пад укрыццем захоўваецца падмурак старажытнага праваслаўнага храма ХIII стагоддзя.

Практычныя заняткі па кіраванні трактарам праводзіць майстар вытворчага навучання Леанід КВЯТКОЎСКІ

Праз прыпяцкую пратоку, якая ў былыя часы была судаходнаю, віднеюцца Барысаглебскія могілкі і цэркаўка Барыса і Глеба. Лічыцца, што менавіта тут спачывае Кірыла Тураўскі.

Вузенькая сцежка сярод магілак вядзе ў цэнтр цвінтара, дзе з зямлі растуць два каменныя крыжы. Праваслаўныя вернікі пакланяюцца ім. Некалькі гадоў таму непадалёку ад гэтай мясціны выявіўся трэці каменны крыжык. Два вялікія крыжы з Барысаглебскіх могілак раней перададзены ў Гомельскі абласны краязнаўчы музей. Кожны тураўскі закутак абвеяны таямніцамі, якія вабяць вандроўнікаў. У горадзе створана інфраструктура для прыёму турыстаў: некалькі гасцініц, аграсядзіб, турыстычны комплекс “Струмень”, кафэ.

99-я восень ветэрана вайны і працы Аляксандра БЛОЦКАГА

Яркімі вітражамі з гербамі старажытных гарадоў Тураўскага княства аздоблена кафэ “Будзьма”, дзе ўмеюць частаваць адмысловымі палескімі стравамі. Аматары палявання аблюбавалі багатую на дзікіх жывёл і птушак гаспадарку “Ласіны востраў”, якая раскінулася амаль на 130 тысячах гектараў.

АСАБЛІВА шмат гасцей у Тураве вясною, калі звініць птушыным шматгалоссем міжрэчча Прыпяці і Струмені. Аблюбавалі поплаў пералётныя вандроўнікі. З набярэжнай можна гадзінамі назіраць за кіпучым птушыным царствам. Тут гняздуюцца як прадстаўнікі тундраў – кулік марадушка, вялікі зуёк, шылахвостка, так і стэпаў – качка лапаноска, стэпавая ціркушка. Загадзя арнітолагі абсталёўваюць пляцоўкі для назірання за папуляцыямі. Па іх падліках, звыш 200 тысяч водна-балотных пярнатых асядаюць вясною на акружанай з усіх бакоў вадою лугавіне. Найбольш масавыя мігранты – птушачкі батальёны, якіх прылятае да сотні тысяч. Мірна ўжываюцца калоніі чаек-рыбачак, качак-свіцьваў, белабокіх гусей і іншых пералётных птушак. Большасць з іх занесена ў нацыянальную і міжнародную Чырвоную кнігу. А некаторыя віды, як гусь-піскулька, пад пагрозай знікнення.

Прадавец Лідзія ПУЖАНАВА

У цэнтры горада, ля ўвахода ў гасцініцу “Тураў”, усталяваны помнік куліку. Грамадскае аб’яднанне “Птушкі Беларусі” штовясны праводзіць тут свята юрклівага гаспадара палескіх балот.

Восенню, у дзень княгіні Фяўроніі, на Замкавай гары вянчаюцца маладыя. Сёлета ўрачыста бралі шлюб пары з Турава, Жыткавіч, суседніх Любанскага і Лельчыцкага раёнаў.

Тэхнолаг мяснога цэха ФСГ М. Шруба Кацярына БЯЛЯК

Традыцыяй стала правядзенне ў Доме культуры музычных імпрэз з удзелам заслужанага калектыву Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга.

БАГАТЫЯ на справы і тураўскія будні. На базе некалькіх гаспадарак Жыткавіцкага раёна створана ААТ “Тураўшчына”, якое аб’яднала звыш 15 тысяч гектараў сельгасугоддзяў, у тым ліку шэсць тысяч гектараў высокаўрадлівых ворных зямель. Пабудаваны новыя жывёлагадоўчыя комплексы, вакол Турава пасаджаны яблыневыя сады. Спецыялізуецца гаспадарка на вытворчасці малака, мяса, збожжавых кармавых і тэхнічных культур, гародніны. Прадукцыя палёў перапрацоўваецца на кансервавым заводзе, які стаў структурным падраздзяленнем таварыства. Прадпрыемства выпускае кансерваваную цукровую кукурузу, зялёны гарошак, бярозавы сок, розныя соусы, джэмы, варэнні. Італьянскія сыры малочнага камбіната неаднаразова станавіліся ўладальнікамі многіх высокіх узнагарод прэстыжных выстаў і конкурсаў. Прадпрыемства, як і ААТ “Тураўшчына”, аснашчана сучаснай магутнай тэхнікай. Вытворчыя калектывы пастаянна папаўняюцца моладдзю.

Старшакласнікі Хільчыцкай, Верасніцкай, Рычоўскай і абедзвюх Тураўскіх сярэдніх школ асвойваюць прафесію механізатара. Тэарэтычныя заняткі замацоўваюцца практычнымі, якія праводзіць майстар Леанід Квяткоўскі. Мы завіталі на школьны падворак, дзе каля трактара МТЗ сабраліся адзінаццацікласнікі Аляксей Марусіч, Кірыл Зямлянік і Ілля Міцюрыч. Падышлі і дзяўчаты Настасся Субат і Марыя Зінкевіч. Па заканчэнні вучобы яны будуць здаваць экзамен у раённым Дзяржтэхнаглядзе. Мінулай вясною з 30 выпускнікоў 22 з першай здачы экзамену атрымалі пасведчанне трактарыста. Такім вынікам майстар Леанід Квяткоўскі задаволены. Вось толькі адразу сесці за руль сучаснай сельгастэхнікі яго выхаванцам складана. Трактару МТЗ, на якім абучаюцца, ужо сорак гадоў. Школа атрымала яго, калі дырэктарам быў франтавік Аляксандр Блоцкі. Ужо даўно Аляксандр Яўстаф’евіч — самы старэйшы жыхар Турава. Дзевяноста дзявятую восень сустрэў. Юнацтва яго апаліла вайна. Удзельнічаў у фінскай ваеннай кампаніі. У Айчынную вайну пад Псковам быў цяжка паранены. Ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны І ступені, медалямі “За абарону Ленінграда” і “За перамогу над Германіяй” адзначаны баявыя заслугі Аляксандра Блоцкага. Пасля вайны закончыў мазырскі педінстытут і вярнуўся на родную Тураўшчыну настаўнічаць. Доўгае сямейнае жыццё пражыў з Антанінай Іосіфаўнай, якая выкладала ў школе рускую мову і літаратуру. Некалькі гадоў таму жонкі не стала.

Майстар цэха кансервавага завода Фаіна СУХАРЭЎСКАЯ

Засталі Аляксандра Яўстаф’евіча на агародзе з рыдлёўкай у руках. Без працы не можа. Такімі імкнуўся выхоўваць школьнікаў. Многія выпускнікі сталі хлебаробамі. На палях ААТ “Тураўшчына” працуюць Аляксей Сергіенка, Міхаіл Акуліч, Пётр Струк. На малочны кабінат вярнуўся пасля сталіцы Дзмітрый Страх. Гаспадарка забяспечвае жыллём. Малочны камбінат будуе трыццацікватэрны дом. Новыя катэджы ўпрыгожылі вуліцы Маладзёжную і Паўднёвую. Адна з новых вуліц атрымае назву асветніка Кірылы Тураўскага.

ДЗЯСЯТАК катэджаў на ўскрайку Турава, арыгінальны будынак гасцініцы, кафэ пабудаваны фермерскай гаспадаркай Міхаіла Шруба. Цудоўна абуладзіў фермер набярэжную ракі Струмень. Больш як паўтары сотні чалавек занята ў сялянскай гаспадарцы. Сучасны фермерскі аўтаматызаваны свінакомплекс пастаўляе ў год 1300 тон мяса. Па еўрапейскіх стандартах абсталяваны памяшканні для ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Сярэднегадавы ўдой ад кожнай з 1200 кароў перавышае сем тысяч кілаграмаў. Для забеспячэння жывёлы кармамі гаспадарцы дадаткова выдзелена 700 гектараў зямлі. Кіруе жывёлагадоўляй выпускнік Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі Тэдзі Экхарутайвен. Летам адведваў родных у Нігерыі, расказваў пра старажытны Тураў, дзе плануе пабудаваць дом.

КультработнікіНаталля ВОЛКАВА іЛюдміла ЧЫКЕЗАВА

Займаецца фермерскай гаспадаркай і вырошчваннем гародніны. Пабудаваны сховішчы для гародніны на 20 тысяч тон прадукцыі, якая круглы год пастаўляецца ў гандлёвую сетку рэспублікі. Кожная галіна ў фермера Міхаіла Шруба рэнтабельная. Высокую ацэнку гаспадарцы даў Кіраўнік дзяржавы ў час наведвання. Прыбытак дазваляе мадэрнізаваць вытворчасць, развіваць сацыяльную сферу. У ціхім куточку, на беразе прыпяцкага прытока Сцвігі ўзводзіцца турыстычны комплекс, які хутка прыме наведвальнікаў.

Такім уступіў у сваё другое тысячагоддзе горад, дзе нарадзіўся, вырас і знайшоў вечны спачын асветнік Кірыла Тураўскі.

Жыткавіцкі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter