У Гомелі прэзентавалі першую і адзіную ў Беларусі аўтазаправачную станцыю на сонечных батарэях.
Яна ўведзена ў эксплуатацыю вытворчым аб’яднаннем «Беларуснафта». Крыніца атрымання энергіі — устаноўленыя тут сонечныя батарэі. 44 фотапанэлі фотаэлектрычнай станцыі забяспечваюць атрыманне электраэнергіі, у залежнасці ад умоў надвор’я, каля 11—12 кілават у гадзіну. Пры тым, што помпы бензакалонак, прыборы асвятлення спажываюць за такі ж час у тры разы менш. Лішкі, адзначаюць спецыялісты, з АЗС будуць рэалізоўвацца энергетыкам.
Новая помпавая сістэма працуе па прынцыпе, адваротным халадзільніку: нават пры надворнай тэмпературы мінус 25 градусаў яна выкарыстоўвае цяпло навакольнага паветра, якім награваецца вада ў сістэме ацяплення памяшканняў. Скарыстана на «разумнай» аўтазапраўцы і ідэя рацыянальнага асвятлення: датчыкі руху запальваюць энергазберагаючыя светадыёдныя лямпачкі каля бензакалонак толькі са з’яўленнем тут аўтамабіля, у астатні начны час асвятленне працуе ў дзяжурным рэжыме — на мінімуме магутнасці светлавога абсталявання.
Аўтазапраўка на альтэрнатыўных крыніцах энергіі, заўважаюць у РУП ВА «Беларуснафта», будзе выступаць у якасці эксперыментальнай пляцоўкі ў справе прымянення сучасных энергаэфектыўных тэхналогій. Плануецца, што яшчэ дзве такія сучасныя АЗС недзе праз год з’явяцца ў раёне Сілічаў.