Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Самы юны ўдзельнік Дня дружбы народаў Самарскай вобласці быў менавіта ад беларусаў

Цёплы дзень для Арцёмкі

Дружба і нацыянальная згода — гэта, мабыць, адзін з найважнейшых фактараў сацыяльнай стабільнасці ў шматнацыянальным грамадстве. Пэўна, таму 27 красавіка 2011 года ААН на 65-й сесіі Генеральнай асамблеі прыняла рашэнне: штогод 30 ліпеня адзначаць Міжнародны Дзень дружбы. Ды й многія вядомыя асобы прыходзяць да высновы: калі сябраваць не навучымся, то вымрам. Да прыкладу, амерыканскі пісьменнік-фантаст Айзек Азімаў у адным са зваротаў да чытачоў сцвярджаў: “Гісторыя дасягнула пункту, калі чалавецтву больш не дазваляецца варагаваць. Людзі на Зямлі павінны сябраваць...”. А між тым гэта наш суайчыннік: ён нарадзіўся 2 студзеня 1920 года ў мястэчку Пятровічы Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці. За сяброўства ды згоду і беларусы ў Самарскай вобласці, якія штогод адзначаюць Дзень дружбы народаў. 17 верасня такое свята праходзіла ўжо трэці раз на пляцоўцы ЭкаГрада “Волгарь” — гэта жылы раён паблізу гістарычнага цэнтра Самары.

Арцёмка з мамай

Якраз там, дарэчы, і ствараецца этнакультурны комплекс “Национальная деревня”, у складзе якога будзе і Беларускі падворак. З ходам работ на аб’екце знаёміліся беларусы вобласці, наведалі таксама ялінку, якую пасадзілі ў верасні 2013-га на алеі Дружбы. Падрасла: верхавіну ўжо рукой не дастаць! Жартавалі беларусы, што — працавітая, старанная. А для нашых супляменнікаў, як вядома, важная рыса яшчэ й гасціннасць, таму прыйшлі яны на свята у Беларускую хату з вялікім святочным караваем Дружбы. Змайстравала-спякла такі цуд прыхільніца нашай культуры і сапраўдны сябар беларусаў самарскай зямлі Ірана Шаміева, актывістка суполкі “Ліга азербайджанцаў Самарскай вобласці”. “А на сваім выставачным стэндзе мы зрабілі акцэнты на юбілейных датах Бацькаўшчыны: 950 гадоў гораду-герою Мінску, 135-я ўгодкі Якуба Коласа і Янкі Купалы, 500-годдзе беларускага кнігадрукавання”, — гаворыць Ірына Глуская, прэзідэнт суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”.

Ветлівай гаспадыняй Беларускай хаты была Аксана Уладзіміраўна Шындзіна, шчырая прыхільніца беларускай культуры. Дапамагалі ёй маладзейшыя Крысціна Сухачэўская і Паліна Мешчаракова. У тэатралізаваным шматнацыянальным нумары беларускую культуру прадстаўлялі чацвёра дзяўчат: Юльяна Буташава, Даша Кільдзярава, Даша Трасцянская і Лізавета Паўлава. А на галоўнай святочнай сцэне выступіў вядомы беларускі вакальны ансамбль “Каданс”: беларускія песні выконваліся з арыгінальнай нацыянальнай харэаграфіяй. Ужо традыцыйна быў і карагод Дружбы, у якім паўдзельнічалі беларускія творчыя калектывы “Вдохновение”, “Серпантин” і “Ровесник”.

Дзень Дружбы народаў — асаблівае свята для жыхароў рэгіёна. Пра тое казаў губернатар Самарскай вобласці Мікалай Мяркушкін. Ён падкрэсліў, што ў такім фармаце свята праводзіцца толькі ў Самары, а ўвогуле ў вобласці жывуць прадстаўнікі 157 нацыянальнасцяў.

Беларусы сустракаюць гасцей караваем

Кульмінацыяй свята стала ўшанаванне актывістаў нацыянальна-культурных аб’яднанняў. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі дзве беларускі. Падзяка губернатара і каштоўны падарунак былі ўручаны Юліі Аляксандраўне Цяплянскай, кіраўніцы моладзевага аддзялення САГА “Руска-Беларускае Братэрства 2000”, а таксама Іне Ігараўне Сухачэўскай, мастацкай кіраўніцы гурта “Каданс”.

Але хто ж такі Арцёмка, якому таксама вельмі спадабалася на свяце? Гэты малы беларусік — сын Юліі Цяплянскай ды Георгія Курмакова, актывістаў суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. Карані ягоных родзічаў па маме — з Магілёўшчыны ды Брэста. Усім сваім выглядам на свяце ўсмешлівы хлопчык сведчыў: як добра, калі ёсць на зямлі мір і згода, калі побач мама й тата, іншыя вясёлыя й радасныя людзі. То расці вялікім, Арцёмка-беларус!

Цяпер нашы супляменнікі з Самары рыхтуюць маштабны XIII Абласны беларускі дзіцяча-юнацкі конкурс-фестываль мастацтваў “Беларусь — мая песня!”. Чым хочуць здзівіць — пакуль сакрэт, але можна не сумнявацца: свята будзе прыгожым, гучным і таксама шматнацыянальным.

Фота: Георгі Курмакоў

Голас Радзімы № 37 (3541), чацвер, 28 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter