Цяпло душы на палатне

У творчасці народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча шмат матываў, да якіх звярталіся Якуб Колас і Янка КупалаПесні і мова, кажуць філосафы, вызначаюць глыбінны строй душы ўсяго народа. А творы песняроў, бывае, істотна ўплываюць на лёсы тых, хто ідзе за імі. Пра тое думаецца, калі разглядваеш плён працы народнага мастака, лаўрэата Дзяржпрэміі Беларусі, прафесара Васіля Шаранговіча — ці то ў кнігах, ці то на выставе. Цяпер у вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва можна ўсім пабачыць яго самабытныя творы, экспазіцыя прысвячаецца 130-м угодкам Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Вялікдзень. Малюнак Васіля ШаранговічаУ творчасці народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча шмат матываў, да якіх звярталіся Якуб Колас і Янка Купала
Песні і мова, кажуць філосафы, вызначаюць глыбінны строй душы ўсяго народа. А творы песняроў, бывае, істотна ўплываюць на лёсы тых, хто ідзе за імі. Пра тое думаецца, калі разглядваеш плён працы народнага мастака, лаўрэата Дзяржпрэміі Беларусі, прафесара Васіля Шаранговіча — ці то ў кнігах, ці то на выставе. Цяпер у вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва можна ўсім пабачыць яго самабытныя творы, экспазіцыя прысвячаецца 130-м угодкам Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Карціны, кніжныя ілюстрацыі, а таксама іх варыянты, эскізы, зробленыя па матывах твораў песняроў. Многія ведаюць, што ў аздабленні Васіля Шаранговіча прыходзяць да чытача паэма Якуба Коласа “Новая зямля”, Купалавы “Адвечная песня”, “Курган”, “Бандароўна”, “Ганчар”… Важкі набытак майстра і літаграфія “А хто там ідзе”, трыпціх “Дзе крыўда адвечная спела” ды іншыя творы.
Кожны мастак на пачатку творчасці вызначаецца: у якой тэматыцы, танальнасці выяўляць сваё светабачанне, Богам дадзены талент? Для Васіля Шаранговіча, як гаворыцца, леглі на душу вобразы працавітых сялян. Ён, як і беларускія песняры, ведае іх свет з маленства, услаўляе сялянскую працу. Дарэчы, і дыпломная работа мастака, які заканчваў кафедру графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (а пазней некаторы час быў і рэктарам гэтай навучальнай установы), прысвячалася паэзіі Янкі Купалы. Так пачалася “Купаліяна” мастака, які на вобразах класіка адточваў свой почырк і стыль. Яго вабіла ўзнёсласць, чысціня вобразаў, лёгкасць слова песняра, яго ўзвялічванне “пана сахі і касы”, заклік мець гонар і “людзьмі звацца”.
Васіль Шаранговіч згадвае: “У маладосці, пасля вучобы, калі стаў самастойна працаваць як мастак, больш захапляўся паэзіяй Янкі Купалы. Але ў 1967-м запрасілі мяне зрабіць падарункавае выданне да зборніка вершаў Якуба Коласа “З майго летапісу” з шэрагам гравюр. Пазней выйшла кніжка-малютка коласавых вершаў. І ў мяне мацнела думка: трэба аддаць Коласу большую даніну. Падступіць да коласавай глыбіні аказалася намнога цяжэй, чым увайсці ў рамантычныя варункі паэзіі Купалы. Якуб Колас шматгранны: ён глыбока любіў свой край, стварыў велічны гімн хараству роднай прыроды і горкі спеў безнадзейнаму і цяжкому існаванню селяніна”.
Для мастака, сына вясковага каваля і пляменніка-цёзкі колішняга першага сакратара ЦК КПБ Васіля Шаранговіча, знакамітая паэма ажыла ўспамінамі дзяцінства, за радкамі ён бачыў родныя мядзельскія краявіды, хутары, землякоў, іх мары аб сваёй “новай” зямлі…

Іван Іванаў
На здымку:
Вялікдзень. Малюнак Васіля Шаранговіча
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter