Богатое историческое наследие Телуши

Цялуша: раённыя «Дажынкі» і... «Першая любоў» Аўрамчыка


Бабруйскі аграгарадок Цялуша ў чаканні гасцей раённых «Дажынак». Кірмашы тут ладзіліся здаўна. Паселішча ўпершыню пісьмова ўзгадваецца ў інвентарных актах 1639 года. Дзейнічала тут уніяцкая Успенская царква.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Цялуша адышла да Туркаўскай воласці Бабруйскага ўезда Мінскай губерні Расійскай імперыі. У вайну 1812 года праз гэту мясцовасць праходзіла напалеонаўскае войска. Захаванае данясенне святара Васіля Тарасевіча Свяцейшаму Урадаваму Сіноду сведчыць, што французы рэквізавалі ў тутэйшых адзення і іншых гаспадарчых рэчаў на 41 рубель 80 капеек срэбрам.

У 1830 годзе мястэчка ўпрыгожыла драўляная праваслаўная Свята-Траецкая царква, пабудаваная на сродкі памешчыцы Марыі Галахваставай. Адкрылася школа, якая на пачатку мінулага стагоддзя была пераўтворана ў двухкласнае народнае вучылішча. Дзейнічалі два ветраныя млыны, пастаялы двор. Быў збудаваны з чырвонай цэглы праваслаўны Свята-Мікалаеўскі храм, які і сёння дзейнічае. На царкоўным цвінтары пахавана ўнучка Аляксандра Пушкіна Наталля Варанцова-Вельямінава.

З першых гадоў савецкай улады ў Цялушы — цэнтры сельсавета Бабруйскага раёна — адкрыліся хата-чытальня, аптэка, фельчарскі пункт. Потым пачала дзейнічаць участковая бальніца. Вясною 1932 года створана МТС. Выдаваліся газеты «Палітаддзельская праўда» і дзіцячая «Піянерская зорка». Мясцовы калгас з даваенных гадоў — удзельнік ВДНГ.

З пачатку нямецка-фашысцкай акупацыі дзейнічалі антыфашысцкае падполле і дыверсіённая група пад кіраўніцтвам А. Руднева. На брацкай магіле, у якой пакояцца дзевяць савецкіх воінаў, што загінулі пры вызваленні Цялушы ад гітлераўцаў, усталяваны гранітны абеліск. Мемарыяльнай дошкай на сцяне сельвыканкама ўшанаваны змагары Бабруйскага падполля.   Вёска адной з першых у Бабруйскім раёне атрымала статус аграгарадка.


Ля паварота з гомельскай аўтатрасы ў аграгарадок Цялуша, куды мяне прывяла чарговая вандроўка, красавалася складзеная з саламяных рулонаў скульптурная кампазіцыя з запрашэннем на раённыя «Дажынкі».

Падрыхтоўка да свята дадала клопату дырэктару бабруйскага філіяла «Харчавік-Агра» ААТ «Чырвоны харчавік» Міхаілу Стрыжэўскаму. Напружаным было мінулае лета. Да сярэдзіны ліпеня ні каплі дажджу. Сенажаці павыгаралі. Са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Леанідам Зайцам шукалі выхад са становішча. Трэба ж было нарыхтоўваць кармы, а ўбіраць не было чаго. Выручыла люцэрна. На 30-гектарным полі чацвёрты ўкос зараз завяршаюць механізатары.

Дырэктар філіяла «Харчавік-Агра» ААТ «Чырвоны харчавік» Міхаіл СТРЫЖЭЎСКІ і механізатар Уладзімір ЮШКЕВІЧ.

Міхаіл Мікалаевіч пяць гадоў кіруе гаспадаркай. Вырас у сялянскай сям’і. Як старэйшы з дзяцей прыглядаў за малодшымі 3 братамі і 2 сястрычкамі. Цяпер у бацькоўскім доме ў любанскай вёсцы Калінаўка засталася маці. Да выхаду на пенсію яна даіла калгасных кароў. Бацька быў трактарыстам. Міхаіл яшчэ чытаць не навучыўся, а ўжо ўмеў кіраваць трактарам. Пасля сярэдняй школы скончыў гідрамеліярацыйны факультэт Белдзяржсельгасакадэміі. З малых гадоў захапіўся тэхнікай і сын Раман. Працуе вадзіцелем у гаспадарцы. Сярод механізатараў шмат моладзі. Да службы ў арміі рыхтуюцца трактарысты Віталь Адамовіч, Юрый Паўленка і Мікіта Бокач. Адслужаць і вернуцца ў гаспадарку.

Асфальтаваная дарога перайшла ў вуліцу аграгарадка. У палісадніках ярка палаюць познія асеннія кветкі. На прыбраных агародах як успамін пра цёплае лета горкі гарбузоў. Рабочыя гаспадарчай групы райвыканкама наводзілі парадак перад будынкам Дома культуры: фарбавалі лаўкі, агароджы, электрычныя ліхтары. Каля іх завіхаўся і дырэктар Дома культуры Аляксей Катышаў. Ён расказаў, што калектывы мастацкай самадзейнасці, а іх у аграгарадку некалькі, рыхтуюць свае выступленні да свята ўраджаю. Мастацкі кіраўнік Ніна Сямёнава адшліфоўвае канцэртныя нумары народнага фальклорнага ансамбля «Дубрава», сямейнага вакальнага ансамбля «Любава», дзіцячага калектыву эстраднай песні «Барбарыскі». Яны пастаянна выступаюць на абласным фестывалі «Скарбніца Прыдняпроў’я». Апладзіравалі ім і на міжнародным песенным фестывалі «Вянок дружбы». Сярод самадзейных артыстаў — рабочыя сельгаспрадпрыемства, мясцовыя інтэлігенты, школьнікі.

Дырэктар Дома культуры Аляксей КАТЫШАЎ ля магілы ўнучкі Пушкіна Наталлі Варанцовай-Вельямінавай.

Сярэдні ўзрост у калектыве гаспадаркі крыху перавышае 40 гадоў. Выпускнікі сярэдняй школы пасля заканчэння вучобы ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах вяртаюцца на працу дамоў. Бухгалтарам працуе Аліна Шыкаронак. Настаўнічаюць у роднай школе Лідзія і Марына Ігнатчыкі, Ала Самак, Юлія Курсевіч.

Два гады таму адноўлена ў школе прафарыентацыя старшакласнікаў. Юнакі ў бабруйскім дзяржпрафтэхліцэі № 73 па суботах засвойваюць прафесію майстра па эксплуатацыі электралічыльнікаў. Дзяўчаты атрымліваюць прафесію швачкі-матарысткі.

Урок роднай мовы ў выпускным класе праводзіць настаўніца Марыя ІГНАТЧЫК.

Прасторны школьны калідор на другім паверсе больш падобны на залу краязнаўчага музея. На сцяне прыгожа аформлены летапіс навучальнай установы. Дырэктар Аляксандр Суровы адзначыў, што да 1935 года тут дзейнічала школа камуністычнай моладзі. У 1938-м атэстат сталасці ў гэтай школе атрымаў будучы беларускі пісьменнік Мікола Аўрамчык. У сталым узросце ён вярнуўся ў родныя мясціны. Сустракаўся з вучнямі і настаўнікамі. Наведваў школьныя музеі. Іх тут два: краязнаўчы і літаратурны Аляксандра Пушкіна. У Кнізе водгукаў літаратурнага музея Мікола Аўрамчык напісаў: «Мне радасна ўсведамляць, што да прыходу ў 5-ы клас Цялушанскай сярэдняй школы маці прычасціла мяне паэзіяй вялікага рускага генія. А пазней любоў да яго творчасці прывілі любімыя настаўнікі. Менавіта з школьных урокаў раскрыўся для мяне сапраўдны Пушкін, пра што я расказаў у сваім эсэ «Першая любоў».

Дырэктар сярэдняй школы Аляксандр СУРОВЫ са старшакласнікамі Сабінай АЎРАМЧЫК і  Аляксеем МАІСЕЕНКАМ у музеі.

Школьныя краяведы дакладна склалі генеалагічнае дрэва беларускага адгалінавання нашчадкаў рускага класіка Аляксандра Пушкіна. У гэтых мясцінах жыла ўнучка паэта Наталля Варанцова-Вельямінава. Экспанаты расказваюць пра яе лёс. Нарадзілася ў Пецярбургу. Дзяцінства і юнацтва правяла ў Падмаскоў’і, дзе кватараваў полк, якім камандаваў яе бацька — старэйшы сын Аляксандра Пушкіна. Наталля рана засталася без маці. Яе выхоўвала бацькава сястра Марыя Аляксандраўна, па мужу Гартунг. Дзяўчына атрымала выдатную адукацыю. Валодала французскай і нямецкай мовамі, захаплялася музыкай, літаратурай. Перапісвалася з класікамі рускай літаратуры Іванам Тургеневым, Фёдарам Дастаеўскім.

У 1881 годзе дваццаці­двухгадовая Наталля Пушкіна выйшла замуж за афіцэра Варанцова-Вельямінава. Пасля выхаду яго ў адстаўку пераехалі ў радавы маёнтак Вавулічы. Цяпер гэта суседняя з Цялушой вёска Дубаўка.

Галоўныя спецыялісты сельгаспрадпрыемства Міхаіл БАНДАРЧУК, Аляксей СКАТАРЭНКА і жывёлавод Ганна КАНАПЛІЦКАЯ.

Праз аголеныя дрэвы віднеюцца змураваныя з чырвонай цэглы гаспадарчыя пабудовы маёнтка. Захаваліся занатаваныя на паперы ўспаміны тутэйшых, як унучка Пушкіна дапамагала беднякам хлебам, лесам, лекамі. Граматным давала чытаць кнігі са сваёй бібліятэкі, знаёміла з творчасцю геніяльнага дзеда Аляксандра Сяргеевіча. Пры яе фінансавай падтрымцы ў Цялушы адкрылася народная школа, дзейнічаў прыют для дзяцей-сірот і адзінокіх састарэлых.

Пяцёра дзяцей выхавалі Варанцовы-Вельямінавы. Памерла Наталля Аляксандраўна ў снежні 1912 года. На яе магіле ўсталяваны гранітны абеліск.

Штогадова на пачатку лета ладзіцца ў Цялушы пушкінскае свята паэзіі. З Францыі прыязджаюць нашчадкі паэта.

Пасля выхаду на заслужаны адпачынак вярнуўся ў вёску Аляксей СЕВЯРЫН.

З усіх бакоў акружаюць аграгарадок шырокія палі. На кукурузнай плантацыі паміж Цялушай і вёскай Дубаўка завяршаў уборку камбайн КЗС-1218. З дырэктарам гаспадаркі пад’ехалі да агрэгата, якім кіраваў Уладзімір Юшкевіч. У жніво ён з памочнікам Ігарам Гацко на збожжаўборачным камбайне намалацілі звыш тысячы тон зерня і будуць прадстаўляць сельгаспрадпрыемства на раённых «Дажынках». Механізатарам працаваў і бацька Уладзіміра Аляксандравіча. Цікавіцца тэхнікай сын-першакласнік Раман. Праз год пойдзе ў школу дачка Злата. Жонка Вольга Леанідаўна настаўнічае ў школе. Ад гаспадаркі маладая сям’я атрымала ў аграгарадку кватэру.

Катэдж атрымала і сям’я Ларысы і Анатоля Сідарэнкаў. Гаспадыня больш як дзесяць гадоў разам з памочніцай Любоў’ю Ступень гатуюць у сталоўцы абеды для механізатараў. Муж яе — токар у рамонтнай майстэрні. З механізатарамі ўжо рыхтуе тэхніку да вясны.

Рабочы гаспадарчай групы райвыканкама Андрэй КАЛОДКІН.

Заехалі з кіраўніком сельгас­прадпрыемства на мехдвор, тут панаваў парадак. Па-гаспадарску прыбрана і на малочна-таварнай ферме, што на ўскрайку аграгарадка. Побач з жывёлагадоўчымі памяшканнямі запоўненыя фуражом сянажныя траншэі.

Пад’ехалі галоўныя спецыялісты Міхаіл Бандарчук і Аляксей Скатарэнка. Старэйшы Міхаіл Іванавіч расказаў, што амаль 40 гадоў таму пасля заканчэння Клімавіцкага саўгас-тэхнікума разам з жонкаю атрымалі размеркаванне на яго радзіму. Пабудавалі дом у вёсцы Ступені, абжыліся. Сына і дачку выхавалі. Праца галоўнага заатэхніка адказная. Многія фактары ўплываюць на канчатковы вынік. Лабарантам на малочна-таварнай ферме працуе жонка Валянціна Пятроўна.

Дзясяты год ветэрынарную службу ўзначальвае выпускнік Віцебскай дзяржветакадэміі Аляксей Скатарэнка. Сям’я жыве ў Баб­руйску, да якога паўтара дзясятка кіламетраў. Пакідаць гаспадарку Аляксей Валер’евіч не намераны.

Кухар сталовай гаспадаркі Ларыса СІДАРЭНКА.

Па вытворчых паказчыках жывёлагадоўлі сельгаспрадпрыемства ў ліку лепшых у раёне. Летась гадавы надой ад кожнай з 575 кароў перавысіў 5,5 тысячы кілаграмаў. Сёлета жывёлаводы намераны пераўзысці шасцітысячны рубеж.

Пасля заканчэння Бабруйскага дзяржаграэканамічнага калежа прыйшла працаваць у гаспадарку Алена Юшкевіч. Будаўнічая брыгада, якою яна кіруе, мяняла вокны ў цялятніку. Прыемнай навіной падзялілася Алена: яна рыхтуецца да вяселля.

Кіраўнік справамі сельвыканкама Алена Гацко адзначыла, што за мінулае пяцігоддзе ў сельсавеце зарэгістравана больш дзесяці шлюбаў. Маладыя сем’і ў апошнія гады мала будуюцца. Стрымлівае высокая крэдытная стаўка банкаў. Некаторыя гараджане з Бабруйска і Мінска купляюць дамы і пераязджаюць у Целушу і навакольныя вёскі. Попытам карыстаюцца сядзібныя ўчасткі. Пазалетась іх прададзена сем і сёлета тры.

На тэрыторыі сельсавета тры чыгуначныя прыпынкі. Часта курсіруюць і прыгарадныя аўтобусы. Многія жыхары сельсавета працуюць на прамысловых прадпрыемствах і ўстановах Бабруйска. Асноўная вытворчасць у сельсавеце — сельгаспрадпрыемства, дзе занята больш сотні чалавек. У перспектыве плануецца развіваць сельскагаспадарчую вытворчасць і турыстычную сферу.

Гэты прывабны куток Магілёў­шчыны багаты на традыцыі і спадчыну.

Бабруйскі раён

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter