Цвёрдая рука хірурга

Давярае навуцы, а жыве па біблейскіх запаведзях доктар медыцынскіх навук, прафесар Рыгор Рычагоў
ЧВЭРЦЬ стагоддзя таму хірургічную эліту Беларусі папоўніў доктар медыцынскіх навук, прафесар Рыгор РЫЧАГОЎ, які нарадзіўся і вырас у палескім Давыд-Гарадку. Дыплом з адзнакай атрымаў у 1-м Ленінградскім медыцынскім інстытуце імя акадэміка І. П. Паўлава. Там жа закончыў клінічную ардынатуру ў вядомага хірурга акадэміка Ф. Углова і размеркаваўся на працу ў 3-е Галоўнае ўпраўленне Міністэрства аховы здароўя СССР, якое забяспечвала медыцынскім абслугоўваннем працаўнікоў атамнай і касмічнай прамысловасці. Працаваў на адказных пасадах у медыцынскіх і навукова-даследчых установах Таджыкістана. Абараніў у Ленінградзе кандыдацкую і ў Маскве доктарскую дысертацыі.     Прымаў удзел у міжнародных медыцынскіх кангрэсах, сімпозіумах і канферэнцыях, што прахадзілі ў Расіі, ЗША, Італіі, Германіі, Грэцыі, Бельгіі, Польшчы, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Чэхіі, Украіне. Пастаянна выступае з навукова-даследчымі дакладамі ў Беларусі і іншых краінах свету.   Рыгор Пятровіч — акадэмік Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій, член еўрапейскага навуковага таварыства хірургаў, спецыялізаванага Беларускага савета па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі хірургаў, аўтар сямі падручнікаў па хірургіі для студэнтаў вышэйшых медыцынскіх навучальных устаноў, звыш пяцісот навуковых артыкулаў, тэзісаў, манаграфій. Два дзесяцігоддзі нязменна ўзначальваў кафедру агульнай хірургіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, з’яўляецца галоўным рэдактарам міжнароднага часопіса “Хирургия. Восточная Европа”.    Падрыхтаваў сорак урачоў-хірургаў праз клінічную ардынатуру і 16 кандыдатаў медыцынскіх навук.    За дасягненні ў навукова-практычнай і педагагічнай дзейнасці прафесар Рыгор Рычагоў узнагароджаны Ганаровай граматай  Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, знакам “Выдатнік аховы здароўя”, Ганаровай граматай Міністэрства аховы здароўя. 



ПАХАВАЛЬНУЮ на мужа-франтавіка Вольга Пуп атрымала ў пераможныя майскія дні 1945 года. Скупа паведамлялася, што загінуў Пётр у Берліне пры штурме Рэйхстага. Сіратамі засталіся старэйшы сын Міша, дачка Надзейка і гадавалы Рыгорка. І сыны суседкі Гапы таксама асірацелі за вайну. Сумная вестка ў іх дом прыйшла раней. На плечы салдацкіх удоў ляглі цяжкія выпрабаванні. Выжывалі хто як мог. Зямля не давала загінуць. 

У шчыльна забудаваным да вайны Давыд-Гарадку хаты і гаспадарчыя пастройкі цесна туліліся. Аднойчы Міша з меншым Рыгоркам з ганку сваёй хаты адчулі духмяны пах толькі што спечанага хлеба і міжволі паспяшылі на падворак цёткі Гапы, якая выйшла з хаты, павіталася з хлопчыкамі і накіравалася даіць карову. Як толькі зацурчалі першыя струменьчыкі малака ў дно даёнкі, Міша кінуўся ў хату, дзе на лаве пад ільняным ручніком астывалі свежыя боханы хлеба. На стале ляжаў вялікі акраец.  Хлопчык ухапіў яго і кінуўся з хаты. Меншы Рыгорка ледзьве дагнаў брата ў гушчары высокіх сланечнікаў. Ураз умялі цёплы акраец. Гаспадыня, безумоўна, заўважыла прапажу і ведала, чыя гэта справа, але суседцы не паскардзілася на яе галодных сыноў. Салдацкая ўдава Гапа таксама сірот выхоўвала.

З малых гадоў хлопчыкі ўмелі пастаяць за сябе перад равеснікамі. Старэйшы Міша пасля сямігодкі падаўся ў горад атрымліваць рабочую прафесію. Дачка Надзя замуж выйшла. У хаце засталіся Вольга Пятроўна з меншым сынам Рыгорам. Штовясны на некалькі месяцаў выязджала яна гандляваць насеннем кветак і гародніны ў далёкія мясціны, і ўсе хатнія справы перакладаліся на падлетка. Ускопваў агарод, засяваў грады кветкамі, гарбузамі, сланечнікам, тытунём. Засушлівымі вёснамі паліваў усходы, палоў, даглядаў карову і нават ацёлы прымаў у дванаццаць гадоў. 

 Непаседлівага Рыгора строгая настаўніца Варвара Булыгіна, не разбіраючыся хто шумеў, выставіла за дзверы з папярэджваннем, каб без бацькоў не вяртаўся. Да канца навучальнага года ён у школу не хадзіў. Вярнулася маці і толькі ўвосень даведалася, што сына пакінулі ў шостым класе на другі год. 

Класны кіраўнік Анатоль Жарняйчук, які пасля заканчэння педінстытута настаўнічаў у Давыд-Гарадку, заўважыў рослага другагодніка і прызначыў старастам. Рыгор падтрымліваў парадак у класе, узяўся за вучобу і стаў патаемна марыць пра будучае. Захапіўся чытаннем мастацкай літаратуры. У вольны час з сябрамі не прапускаў танцы ў будынку былога касцёла. 

Калі настаўніца рускай мовы і літаратуры загадала напісаць сачыненне, хто кім хоча стаць, ён распавёў пра машыніста, які водзіць цягнікі па бяскрайніх прасторах краіны. Ад стрыечнага брата Уладзіміра, што закончыў чыгуначны тэхнікум, а потым інстытут і працаваў начальнікам невялікай станцыі каля ўкраінскага горада Роўна, шмат чуў пра машыністаў. Настаўніца прызнала сачыненне лепшым у класе і зачытала вучням. 

Маці не ведала пра планы сына, але як здзівіўся Рыгор, калі з далёкіх краёў, дзе яна гандлявала насеннем, прывезла зборнікі задач па хіміі, фізіцы і матэматыцы для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. За год самастойна перарашаў усе заданні з дапаможнікаў. На ўступных экзаменах у 1-м Ленінградскім медыцынскім інстытуце імя акадэміка І. П. Паўлава здзівіў строгую камісію выдатнымі ведамі. З другога курса заняўся навуковай працай. Пасля заканчэння вучобы атрымаў дыплом з адзнакай.

— Перад заканчэннем інстытута ў Ленінградзе сустрэў сваю палавінку Тамару Рычагову, — адзначае Рыгор Пятровіч. — Пажаніліся, і я вырашыў прыняць яе прозвішча, таму што звычайна выкладчыкі ў школе і інстытуце пры вымаўленні майго прозвішча Пуп усміхаліся. Падумаў пра будучых дзяцей і прыняў прозвішча жонкі.

Мае продкі спрадвеку жылі на Палессі. Па мацярынскай лініі дзед Пятро Шостак і яго другая жонка Алена працавалі на зямлі.  Першая жонка дзеда памерла пры родах другой дачкі. Маладая мачыха Алена замяніла дзяўчынкам маці. Нарадзіліся яшчэ дзеці. Мачыха сірот шкадавала як родных. Пяць дзяўчынак і хлопчыка выхавалі яны з дзедам. Маці расказвала, што сваіх дзяцей мачыха за правіннасць карала, а іх ніколі. І да мяне адносілася добра, унучком называла. Жылі яны непадалёку ад школы, і восенню перад заняткамі забягаў у дзедаў садок пачаставацца духмянымі яблыкамі ці грушамі. 

Вялікі сад з даваенных часоў рос і на бацькавай сядзібе, дзе дажывалі век дзядуля Павел і бабуля Параска, якім балюча было глядзець на асірацелых унукаў.  

— Што самае-самае шчымлівае з дзяцінства?

— Праца на агародзе, з якога мы жылі. Дзяржава выплачвала невялікую пенсію, але асноўную падтрымку мелі з агарода. У пасляваенныя гады кожную вясну маці з двухпудовым мяхом насення за плячыма адпраўлялася патаемнымі сцежкамі сярод прыпяцкай дрыгвы за трыццаць кіламетраў да чыгуначнай станцыі Лахва. У самаробных чаравіках выходзіла з хаты за ваколіцу Давыд-Гарадка, там здымала іх і пехатою па грэблі дабіралася да чыгункі.  

— Вы выраслі ў Давыд-Гарадку, вучыліся ў Ленінградзе, працоўную дзейнасць пачалі ў Сярэдняй Азіі, займаліся хірургіяй у Душанбэ. Вярнуліся ў родную Беларусь і ўжо больш як чвэрць стагоддзя працуеце ў Мінску, выкладаеце ў сталічным медуніверсітэце і працуеце хірургам у 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Яўгена Клумава. Якія мясціны больш душу грэюць?

— Дарагі родны палескі куток. Як толькі вярнуўся ў Беларусь, мяне адшукалі землякі. Не адказваю ім у дапамозе, падтрымліваю. У ціхім пасляваенным Давыд-Гарадку ўзнікла мара стаць хірургам. Да гэтага падштурхнуў выпадак у школе, калі дырэктар перад аднакласнікамі заявіў, што маё будучае — пасвіць кароў. Хапіла смеласці адказаць яму фальцэтам, амаль праз слёзы, што бацька не дзеля таго загінуў на вайне, каб я быў невукам. З таго моманту і загарэўся жаданнем даказаць, што не горшы за іншых, а мо і лепшы. Стаў узмоцнена рыхтавацца да заняткаў, гэта заўважыў класны кіраўнік Анатоль Жарняйчук і падтрымаў мяне. Жыццё падарыла магчымасць аддзячыць Анатолю Іванавічу за школьны аванс. Яго няўдала прааперыравалі ў давыд-гарадоцкай бальніцы, і сітуацыя склалася крытычная. Тэрмінова выехаў з Мінска са сваім вучнем Ігарам Семенчуком, і мы правялі паўторную аперацыю, чым уратавалі яго.

А сябру з “Сельской газеты”, таленавітаму журналісту Уладзіміру Альгерчыку, на вялікі жаль, дапамагчы не паспеў. Позна Уладзімір Міхайлавіч звярнуўся да мяне. Мы амаль дваццаць гадоў сябравалі сем’ямі. Вандравалі па беларускіх вёсках, мястэчках. Такія цікавыя матэрыялы пісаў ён з гэтых вандровак. Не міналі родны Давыд-Гарадок, дзе мы з маці пабудавалі новы дом.

— Хто ў ім гаспадарыць зараз?

— Як не стала маці, у доме жыла сястра Надзея, якую выратаваў пасля цяжкага інсульту. Захварэла яна ў час продажу насення ў Башкірыі. З таджыкскага горада Чкалаўска, дзе працаваў загадчыкам хірургічнага аддзялення, не губляючы часу, вылецеў да яе. Самастойна падбіраў састаў кропельніц і, як крыху палягчала, адразу транспартаваў сястру самалётам у Чкалаўск. Праз месяц Надзея паднялася на ногі і яшчэ трыццаць гадоў пражыла. Цяпер у доме гаспадарыць яе дачка Алена.  

АМАЛЬ кожнае лета я прыязджаў з Сярэдняй Азіі адпачываць у родныя мясціны. З Чкалаўска пераехаў з сям’ёю працаваць у Душанбэ. Адзін з маіх таджыкскіх пацыентаў праз гады знайшоў мяне ў час адпачынку ў Давыд-Гарадку. Прыехаў з жонкаю наўючаны азіяцкімі прысмакамі. Здзіўленню майму не было канца.

Таджыкскія сяляне дружалюбныя, сардэчныя адзін да аднаго. Перад нашым інстытутам, які знаходзіўся побач з будынкам ЦК Кампартыі Таджыкістана, часта стаялі бівакі, якія ўстанаўлівалі сваякі пацыентаў з кішлакоў Паміра. Дэхкане цікавіліся станам здароўя земляка.

І ў Мінску адразу вызначаю сярод пацыентаў вяскоўцаў. Іх непасрэднасць падкупляе. Нядаўна патэлефанавала жанчына з Гродзеншчыны, якую раней аперыраваў, і прапанавала сустрэцца. Палічыў, што ёй патрэбна  кансультацыя, а яна прыехала, каб падзякаваць за ўдачную аперацыю.

А бывае, што сваякі пакладуць у бальніцу састарэлага чалавека і ні разу не пацікавяцца яго станам.

— Ці мае права ў нас пацыент выбіраць урача?

— Гэта задэкларавана ў Канстытуцыі.

Калі пасля хірургічнага ўмяшання па ўдаленні пухліны пацыент пражыў пяць гадоў, то ён лічыцца здаровым. Неабходна самастойна клапаціцца пра абследаванне. У нас бясплатная медыцына. За паўвекавую працоўную дзейнасць даводзілася выконваць самыя розныя, часам унікальныя аперацыі. У ліхія дзевяностыя гады мінулага стагоддзя бальнічныя ўстановы слаба ацяпляліся. Зімою аперыраваў жанчыну-ўрача з беларускай глыбінкі. У аперацыйнай тэрмометр паказваў усяго 15 градусаў цяпла. Аперацыя была неадкладная. Ад пацыенткі на аперацыйным стале пар ішоў.  У свае 45 гадоў у Мінску быў самым маладым прафесарам. Больш сталыя калегі адмаўлялі мяне ад рызыкоўнай аперацыі, спасылаючыся, што міністр аховы здароўя СССР Барыс Пятроўскі забараняў іх правядзенне. Не хапала інструментаў, лекаў. Як аргумент на дазвол аперыраваць прывёў прыклад японскіх і еўрапейскіх хірургаў, якія паспяхова спраўляліся з такімі аперацыямі. Мая пацыентка хутка паправілася і дагэтуль прывітанні перадае.

— Мабыць, у вас лёгкая рука?

—  Напэўна так, а яшчэ  і добрыя веды, атрыманыя ў час вучобы, практычны вопыт. Не кожнаму даравана стаць медыкам, а тым больш хірургам. Назіраю, як у некаторых калег рукі ходзяць. У кожнага чалавека ад прыроды яны па-свойму пастаўлены. У хірурга павінна ўсё гарэць, а рука быць цвёрдай. Такіх называю ёмкімі хірургамі. На медыцынскіх з’ездах, канферэнцыях сачу, як дакладчык трымае лазерную ўказку. Калі яна трасецца, яму ўжо час адпачываць ці мець іншы занятак. Хірург павінен быць фізічна здаровым у любым узросце. Ёсць прытча: у хірурга павінна быць вока арла, сэрца льва і пяшчотная рука жанчыны. Ад сябе дадаў бы — цвёрдая рука снайпера.

— Свае рукі шануеце?

— На лецішчы з малатком, касою ці рыдлёўкаю працую летам у пальчатках, каб рукі не пашкодзіць.

 — А як падтрымліваеце тонус?

— Усё жыццё сябраваў са спортам. Нават у сучасны момант кожны новы дзень пачынаю з фіззарадкі, што дае магчымасць трымацца ў добрым стане.

 — Што больш за ўсё цэніце ў чалавеку?

— Сумленнасць. Чалавек можа быць таленавіты, але несумленны. Мне даводзіцца лячыць розных пацыентаў. Кожнаму імкнуўся дапамагчы. Працаваў галоўным хірургам-кансультантам Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Упраўлення справамі Прэзідэнта, загадваў кафедрай агульнай хірургіі БДМУ, якая базіруецца ў 3-й імя Яўгена Клумава і  5-й гарадскіх клінічных бальніцах Мінска. Да гэтай пары кожны аперацыйны дзень трымаю скальпель у руках.

— Умееце дараваць людзям?

— Подласць не дарую. Такога чалавека выкрэсліваю з памяці, і ён для мяне не існуе.

— Пра што  шкадуеце?

— Мог у 27 гадоў стаць кандыдатам медыцынскіх навук, але не па маёй віне толькі праз дзесяць гадоў абараніў у Ленінградзе дысертацыю. А праз невялікі прамежак часу і з доктарскай дысертацыяй справіўся. Сам ствараў базу для навуковай дзейнасці ў Чкалаўску. Па хірургіі ўзняўся да вяршыні медыцынскай піраміды ў СССР. 

— Рыгор Пятровіч, вы аптыміст?

— Змагар да апошняга. У змаганні за прагрэсіўныя метады хірургічнай справы бескампрамісны. Ніколі ні перад кім не лісліўлю. Так выхаваны з дзяцінства. 

Хірург павінен быць яшчэ і паспяховым псіхатэрапеўтам. Нават у самых складаных сітуацыях не дазваляю хворым грубіяніць, імкнуся падтрымаць пацыента. У Чкалаўску аперыраваў маладога мужчыну, які паўторна лячыўся з несуцяшальным дыягназам. Падтрымліваў яго. Жонка, з якою хворы не ладзіў, заскочыла ў палату і выпаліла, што яму засталіся лічаныя дні. Раніцай пацыент усхвалявана, са слязамі на вачах кінуўся да мяне і расказаў пра візіт жонкі.

— І як вы сябе павялі?

— Супакойваў і пераканаў, што ўсё наладзіцца. Настрой у чалавека стаў іншым. Але, на жаль, сітуацыя была безнадзейная. Праз дзень яго не стала. Чалавек пражыў свой апошні час з верай у лепшае.

— Дарэчы, пра веру. Як вы да яе ставіцеся?

— У наш неспакойны час трэба жыць з верай у сэрцы. Яна дысцыплінуе. Маці нас выхоўвала з павагай да праваслаўнай веры. Традыцыі продкаў не хулю. Давяраю навуцы, а жыву па біблейскіх запаведзях. І сыноў так выхоўвалі з жонкаю Тамарай Віктараўнай. А яшчэ са школьных гадоў яны ўзмоцнена вывучалі англійскую мову. Мне давялося ў пяцідзесяцігадовым узросце асвойваць яе, каб не быць белай варонай на міжнародных сімпозіумах ці кангрэсах.

Старэйшы Віктар стаў праграмістам, а Пётр у амерыканскім інстытуце анкалогіі займаецца пошукам лекавых сродкаў і спосабаў лячення злаякасных пухлін. 

— Працягвае справу бацькі за акіянам.

— І Віктар задзейнічаны за акіянам у камп’ютарнай праграме. Яго жонка балгарка Іарданка абараніла кандыдацкую дысертацыю ў Амерыцы. Маем чатырнаццацігадовую ўнучку Ніколь, якая тройчы прыязджала ў госці і захаплялася беларускімі краявідамі.

Мая жонка па адукацыі хімік і ў Таджыкістане працавала на ўранавым заводзе ў навуковай лабараторыі. Мне даводзілася бываць у шахце на глыбіні тысячы метраў пад зямлёю. Здзівіла чысціня, адмысловая вентыляцыя і паязды, што пад Памірам ходзяць. Уранавы руднік курыравалі акадэмік Ігар Курчатаў і Лаўрэнцій Берыя. Мясцовыя людзі іх памятаюць. 

 — Ці ўяўляеце сябе без бальніцы, аперацыйнай, скальпеля?

— Магу гэта ўявіць, але агорне сум без занятку. Ёсць такія аперацыі, якія магу рабіць з заплюшчанымі вачыма. Вопыт і веды перадаю моладзі. Прыглядаюся да іх, хто чаго варты, як рукі пастаўленыя. 

— Рыгор Пятровіч, ці часта выпадае наведваць родныя мясціны?

— Люблю адпачываць у сваім доме, які з маці будавалі. Бляху на дах купляў у Сярэдняй Азіі і цягніком адпраўляў на Палессе. Мясцовыя майстры накрылі ёю новы дом, у якім ёсць мой пакой. Люблю сустракацца з землякамі на вуліцах самабытнага Давыд-Гарадка. На сваё лецішча, што непадалёку ад сталіцы, вязу з Палесся насенне палескіх кветак. Яны з вясны да восені клумбы ўпрыгожваюць. Любуемся з жонкаю чароўнай прыгажосцю і душою адпачываем. Калі выдаецца вольны час, за камп’ютарам пішу нататкі. Выдаў кнігу “Шлях хірурга”, за другую ўжо ўзяўся. 

Уладзімір Субат
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter