Цудадзейны велікодны хлеб

Абавязковым атрыбутам велікодных святкаванняў з’яўляецца хлеб (булка, паска). Беларусы тут не адышлі ад сваёй спрадвечнай традыцыі: цеста вымешвалі асабліва старанна, дабаўляючы ў яго даволі багата яек і масла. Каб дрожджы добра “выхадзіліся”, а хлеб быў не ацеслівы, а пышны, лёгкі, цеста некалькі раз асаджвалі, пры гэтым усе дзеянні з цестам трэба было рабіць у поўнай цішыні. Калі цеста “паспела”, яго раскладвалі па спецыяльна прыгатаваных формах, а зверху апаясвалі касой, рабілі крыжык, з абодвух бакоў якога мацавалі дзве літары з таго ж цеста -- “Х” і “В”, сімвалізуючыя галоўную ідэю свята -- “Хрыстос Васкрос”.

Велікодны хлеб асвячалі разам з яйкамі і вяндлінай, соллю і кольцамі каўбасы або шматком паляндвіцы. Стаўленне да яго было як да самай святой рэчы ў жыцці сям’і, роду. Першае святочнае сталаванне пачыналася з  яйка -- ім пачынаўся свет, у дадзеным выпадку -- тварэнне Боскае. А далей дзялілі абрадавы хлеб ужо як сімвалічны вынік працоўнай дзейнасці чалавека. Паску, гэтаксама як і яйка, дзялілі на столькі частак, колькі дамачадцаў сабралася за святочным сталом. А часам дзяльба велікоднага хлеба нагадвала дзяльбу каравая на вяселлі: верхнюю яго частку зразалі і клалі за бажніцу ў якасці рытуальнай ахвяры памерлым продкам і зноў-такі як эфектыўны абярэг хаты ад бяды і няшчасцяў.
Зразумела, што такі надзвычайны святочны атрыбут не мог быць выкарыстаны толькі для рытуальнай трапезы. Рэшткі хлеба або спецыяльна захаваныя кавалкі засушвалі і пакідалі для асвячэння розных земляробчых і сельскагаспадарчых спраў.
Перад тым як сесці за ранішні святочны стол, гаспадар браў асвечаную паску і ішоў да жытнёвага поля, каб паваражыць, якім будзе ўраджай бягучага года. Ён выбіраў прыгожую рунь і ставіў пасярэдзіне пасху. Калі жыта аказвалася вышэйшым, то гэта лічылася добрым знакам -- ураджай гэтага года будзе лепшым, чым мінулагодні, і, наадварот, калі вышэй аказваўся хлеб (сімвал мінулага ўраджаю), то меркавалі, што сёлетні ўраджай будзе горшым.
Часам, акрамя пасхі, якая ставілася на святочны стол, гаспадыня выпякала яшчэ некалькі, і кожная з іх мела сваё прызначэнне. Адну аддавалі святару, адну -- жывёле і пастуху пры першым выгане скаціны ў поле, адну пакідалі для засевак (у кожнае насенне перад сяўбой клалі па кавалачку). Засушаны кавалачак велікоднага хлеба бралі з сабой у дарогу як надзейны абярэг.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter