Знакомство со снайперской винтовкой Леонида Буткевича

Ціхая песня снайперскай кулі

Трапная стральба, здольнасць ідэальна маскіравацца і гадзінамі назіраць, уважлівасць, цярплівасць і ўменне трымаць сябе ў руках пры самых розных абставінах — вобраз снайпера нязменна выклікае павагу і захапленне. Безумоўна, найлепшымі лічацца савецкія снайперы, якія з’яўляюцца рэкардсменамі па знішчэнні варожых салдат у часы Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх — і наш зямляк родам з Віцебшчыны, Леанід Буткевіч, чыя вінтоўка сістэмы Мосіна калібру 7,62 мм з аптычным прыцэлам знаходзіцца зараз у экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Прызнанне высокай выніковасці байца пацвярджае прысвоенае яму званне Героя Савецкага Саюза і шыльдачка на прыкладзе зброі: «Лепшаму снайперу таварышу Буткевічу ад Ваеннага Савета Чарнаморскай групы 12—1942 г». З гэтай вінтоўкі снайпер забіў 63 гітлераўцаў, а ўвогуле на яго «рахунку» — 315 салдат і афіцэраў праціўніка.

З гэтай вінтоўкі снайпер застрэліў 63 гітлераўцаў.

Баявое хрышчэнне

Даваенная прафесія снайпера была самай што ні ёсць мірнай — пасля заканчэння Аршанскага чыгуначнага тэхнікума ён працаваў дзяжурным па станцыі Калодня каля Смаленска.

Герой Савецкага Саюза
Леанід БУТКЕВІЧ.
— Вайну Леанід Буткевіч сустрэў у Заходняй Украіне — менавіта там ён праходзіў тэрміновую службу, — расказвае Аляксей Сіняўскі, навуковы супрацоўнік аддзела ваенна-франтавой гісторыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. — Па яго ўспамінах, сігнал баявой трывогі прагучаў у 5 гадзін раніцы 22 чэрвеня 1941 года, а ўжо праз некалькі хвілін байцы на машынах накіраваліся ў распалажэнне часткі, што знаходзілася за некалькі кіламетраў ад дзяржаўнай мяжы.

«Стаяла спякотнае сонечнае надвор’е і мы, абліваючыся потам, рылі акопы. Зрэдку даносіліся да нас аддаленыя выбухі... Перапалоханы сувязны, які прыбыў са Львова, сказаў, што немцы бамбяць вакзал. Але мы не паверылі і прынялі гэту трывогу за манеўры, да якіх перад гэтым рыхтаваліся. Калі з’явіліся над галовамі фашысцкія самалёты, мы яшчэ не разумелі небяспекі і павыскоквалі з акопаў, назіраючы, як яны выстройваюцца ў баявы парадак і адзін за другім пачынаюць пікіраваць, скідваючы бомбы. Першы выбух вымусіў нас кінуцца ў акопы. А калі апошні самалёт падняўся ўвысь, мы ўбачылі нямецкіх салдат, якія ішлі ва ўвесь рост і крычалі незразумелыя словы. Гэта першая атака была адбіта. Я ўпершыню ўбачыў кроў сваіх таварышаў», — пісаў Леанід Буткевіч у аўтабіяграфіі.

Знаёмства маладога байца з вінтоўкай адбылося ў жніўні 1941 года, калі яго батальён аказаўся ў акружэнні каля горада Чаркасы. Са свайго карабіна ён застрэліў некалькіх немцаў, і непрыяцель, зразумеўшы, дзе ён, накрыў акоп агнём.Тады баец пайшоў на хітрасць: «Зняў фуражку з чырвоным аколышам і паклаў на бруствер недалёка ад сябе, а сам працягваў страляць. Але тут гільза засела ў патронніку, а шомпала ў мяне не было. Акоп агаліўся, кулі скасілі сланечнікі, якія яго прыкры-валі. Злавіўшы момант, я перабег у сад праз дарогу, дзе абараняўся ўзвод маёй роты, і падхапіў там він-тоўку з рук параненага».

У гэтым баі Леанід Буткевіч застрэліў 12 гітлераўцаў, якія нават не ўвайшлі ў яго снайперскі рахунак, але і сам атрымаў раненне: «Толькі я прыцэліўся ў немца і хацеў спусціць курок, як пачуўся пранізлівы гук, і моцны балючы ўдар у галаву вымусіў кінуць вінтоўку: побач рваліся міны». Калі аглушаны баец апрытомнеў, ён высветліў, што асноўныя сілы адышлі на новы агнявы рубеж.

Не дачакаўшыся ні дапамогі, ні распараджэнняў, байцы вырашылі прарывацца да сваіх. Калі сцямнела і немцы спынілі наступленне, раненых змясцілі ў абоз, на адну з павозак устанавілі станкавы кулямет. Ім Леанід загадаў рухацца галопам, а астатнім не адставаць. Раптоўны грукат колаў, кулямётныя чэргі перапалохалі немцаў, яны адкрылі страляніну, але абоз паспеў прарвацца. Салдаты ж рушылі па рацэ, тулячыся да берага. Калі ўзляталі сігнальныя ракеты, спыняліся, каб не быць заўважанымі. Толькі на світанку галодныя, мокрыя, знясіленыя людзі выбраліся з вады. Пад прыкрыццём хмызняку яны дабраліся да перадавой і прарвалі кволы строй немцаў. А калі наблізіліся да сваіх, тыя, не разабраўшыся, хто рухаецца з нямецкіх пазіцый, сустрэлі іх агнём…

Стральба і маскіроўка

Пасля выпіскі са шпіталя Леанід Буткевіч удзельнічаў у баях за Данбас. Перыядычна да яго даходзілі звесткі з Радзімы: «Калі я даведаўся аб зверствах фашыстаў на захопленай тэрыторыі, пачуў, як яны здзекваліся з нашага народа, расстрэльвалі і душылі старых і малых, душа мая напоўнілася прагай знішчэння. І калі ў роту паступіла вінтоўка з аптычным прыцэлам, я вырашыў стаць снайперам».

У вольны час ён хаваўся ў зацішнае месца і трэніраваўся: вызначыў асаблівасці сваёй вінтоўкі, навучыўся трапна страляць. Верагодна, у нашага земляка меліся прыродыя здольнасці да снайперскай справы, якія ў спалучэнні з імкненнем знішчыць як мага больш гітлераўцаў зрабілі яго вельмі выніковым стралком.

На Усеармейскі злёт снайпераў 12-й арміі Паўднёвага фронту Леанід прыбыў з рахункам у 55 знішчаных гітлераўцаў. Там яму прысвоілі званне малодшага лейтэнанта. Вярнуўшыся ў частку, афіцэр пачаў рыхтаваць снайпераў.

«Сваім вучням я стараўся ў першую чаргу прывіць нянавісць да ворага, — успамінаў пазней Буткевіч. — Вучыў любіць сваю зброю: голас снайперскай кулі нягучны, але б’е яна напавал. Дамагаўся трапнай стральбы і дакладнага вызначэння адлегласці, унушаючы, што сапраўдны снайпер той, хто трапляе ў мішэнь з першага разу — інакш вораг выявіць і знішчыць цябе. Але мала ўмець трапна страляць! Не меншую ролю ў снайперскай справе іграе маскіроўка, неабходна поўнасцю злівацца з мясцовасцю. Вывучалі таксама тактычныя прыёмы і хітрыкі ворага».

Баявы вопыт Леанід перадаваў непасрэдна на перадавой, адначасова вучыўся і сам: кожны новы дзень, новы бой прымушалі шукаць новыя рашэнні.

— За выдатную падрыхтоўку снайпераў, а таксама за асабістыя заслугі ў чэрвені 1942 года Леаніду Буткевічу прысвоілі званне лейтэнанта і ўзнагародзілі імянной снайперскай вінтоўкай. Але пражыла яна нядоўга: пры абароне Растова і зброю, і руку снайпера раздрабіла кулямётная чарга, — працягвае Аляксей Сіняўскі. — Калі афіцэр паправіўся ад ранення, яго накіравалі ў Наварасійск, дзе прызначылі начальнікам снайперскай каманды, у якую сабралі 40 стралкоў дывізіі. За падрыхтоўку 10 снайпераў і 20 выдатных стралкоў яго прадставілі да ордэна Чырвонага Сцяга і ўзнагародзілі новай імянной вінтоўкай узамен загінулай.

Іменная вінтоўка сведчыць аб прызнанні надзвычайных заслуг снайпера.

Тамань, Керч, Феадо-сія, Сімферопаль і Севастопаль — у жорсткіх баях за гэтыя гарады падавала свой ціхі, але надзвычай выніковы голас тая самая вінтоўка снайпера Буткевіча, якую зараз можна ўбачыць у музеі.

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter