“Ціхае паляванне”: лясы ці плантацыі?

У Гомелі штогод праходзіць адзіная ў краіне выстава грыбоўУсе экспанаты тут — з гомельскага наваколля: падбярозавікі, баравікі, сыраежкі, лісічкі... На выставе былі і грыбы-двайнікі, гэткія атрутныя ашуканцы, якіх лёгка зблытаць з ядомымі “арыгіналамі”. У подпісах ля стэндаў — каштоўная інфармацыя пра тое, наколькі інтэнсіўна той ці іншы грыб назапашвае радыенукліды.
Такім грыбам усё ж лепш — у лесеУ Гомелі штогод праходзіць адзіная ў краіне выстава грыбоў
Усе экспанаты тут — з гомельскага наваколля: падбярозавікі, баравікі, сыраежкі, лісічкі... На выставе былі і грыбы-двайнікі, гэткія атрутныя ашуканцы, якіх лёгка зблытаць з ядомымі “арыгіналамі”. У подпісах ля стэндаў — каштоўная інфармацыя пра тое, наколькі інтэнсіўна той ці іншы грыб назапашвае радыенукліды. Актыўныя тут польскі грыб, масляк восеньскі, рыжык: іх і варта ў першую чаргу правяраць. “На выставу запрашалі як школьнікаў, так і іншых аматараў “ціхага палявання”, — падкрэсліў Іван Бордак, вучоны сакратар Інстытута леса Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе ладзіцца выстава. — Тут цікава пазнаёміцца з біяразнастайнасцю мясцовых грыбоў, даведацца як пра іх карысць, так і магчымую шкоду для здароўя”.
Асобна на выставе былі прадстаўлены грыбы шыітаке і вешанкі, іх вырошчваюць па 65-70 тон у год на сельгаспрадпрыемстве “Усход” Калінкавіцкага раёна. Калектыў інстытута супрацоўнічае з вытворцамі: у навуковай установе рыхтавалі для “Усхода” спецыялістаў, туды ж пастаўляецца так званая матачная культура з спецштамаў грыбоў, якая старанна адбіраецца спецыялістамі і ў натуральным асяроддзі, і шляхам штучнай селекцыі ў доследным цэху Каранёўскай эксперыментальнай базы.
Заахвочваюць да грыбаводства і грыбы з выставы, што растуць на драўляных абрэзках. Можна, аказваецца, узяць асінавыя цурбачкі, засеяць у іх міцэлій і месяцы праз два-тры збіраць першы ўраджай. Дарэчы, такая тэхналогія ўжо скарыстоўваецца ў Рэчыцкім доследным лясгасе. На думку Івана Бордака, прамысловае грыбаводства ў краіне трэба развіваць: “Не заўсёды мэтазгодна ўжываць у ежу лясныя грыбы, і дзеянне неспрыяльных фактараў рознага роду будзе толькі павялічвацца. Таму трэба загадзя ствараць базу для штучнай вытворчасці грыбоў”. Вучоны прыводзіць у прыклад Венгрыю, Германію, Польшчу, Кітай, Японію, Карэю, дзе наладжана маштабнае, на дзясяткі тысяч тон у год, прамысловае культываванне грыбоў.
Тым часам Інстытут лесу нарошчвае навуковую базу, вядзе распрацоўкі ў галіне культывавання новых для Беларусі грыбоў. У Гомелі створана адзіная ў краіне калекцыя штамаў грыбоў, ёсць шэраг напрацовак, ёсць спецыялісты, якія могуць правесці кансультацыю, аказаць метадычную дапамогу. Навукоўцы пачалі актыўна супрацоўнічаць з мясцовымі фермерамі, якія вельмі зацікаўлены ў нарошчванні аб’ёмаў грыбной прадукцыі: на яе ёсць устойлівы попыт.

Пятро Лодкін
На здымку:
Такім грыбам усё ж лепш — у лесе
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter