Ці хадзіў па Беларусі апостал Андрэй? Летапісы сцвярджалі, што ён благаславіў Магілёў.

Не так даўно выдавецтва “Літаратура і мастацтва” выпусціла ў свет новую кнігу Ірыны Масляніцынай і Міколы Багадзяжа “Беларусь далетапісная”, аздобленую ілюстрацыямі народнага мастака Беларусі Арлена Кашкурэвіча. Гэтыя аўтары працуюць у жанры гістарычнай публіцыстыкі, і “Беларусь далетапісная” — іх васемнаццатая сумесная кніга. У ёй гаворка ідзе аб персонах і падзеях дахрысціянскага перыяду гісторыі нашай краіны.

Не так даўно выдавецтва “Літаратура і мастацтва” выпусціла ў свет новую кнігу Ірыны Масляніцынай і Міколы Багадзяжа “Беларусь далетапісная”, аздобленую ілюстрацыямі народнага мастака Беларусі Арлена Кашкурэвіча. Гэтыя аўтары працуюць у жанры гістарычнай публіцыстыкі, і “Беларусь далетапісная” — іх васемнаццатая сумесная кніга. У ёй гаворка ідзе аб персонах і падзеях дахрысціянскага перыяду гісторыі нашай краіны.

Сярод ранейшых прац Ірыны Масляніцынай і Міколы Багадзяжа кнігі, прысвечаныя найбольш знакамітым жанчынам у гісторыі Беларусі, а таксама дынастыі Радзівілаў, хрысціянскім святым і іншыя. Пяру Ірыны Масляніцынай таксама належыць п’еса “Крыж Еўфрасінні Полацкай”, якая нядаўна была пастаўлена на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэтра імя Якуба Коласа ў Віцебску.
— Што новага  і найбольш цікавага асабіста для сябе адкрылі вы падчас працы над кнігай “Беларусь далетапісная”? — спыталася я ў аўтараў.
Мікола Багадзяж:
— Цікавым было ўсё. І тое, што Полацк, аказваецца, існаваў ужо ў часы гунаў; і тое, што адна з найбольш папулярных рускіх былін “Дунай” распавядае, як выявілася, пра дачок князёў Рагвалода і Тура. А хіба не цікава адкрыць, што на букавых дошчачках-старонках самага старажытнага з помнікаў усходнеславянскага пісьменства — “Вялесавай кнігі” —  захаваліся звесткі пра нашых яцвягаў. Таго самага балцкага племені, якое жыло на беларускіх землях яшчэ да прыходу сюды славян і нашчадкі якога жывуць на Палессі і сёння.
Ірына Масляніцына:
— Для мяне сапраўдным адкрыццём было патроху рэканструяваць біяграфію адной з самых таямнічых асоб нашай далетапіснай гісторыі — князя Тура. Археалагічныя звесткі, палескія паданні пра заснавальніка Турава і, урэшце, летапісы, у якіх пра Тура, аказваецца, дастаткова напісана, толькі ў асноўным ён там прыгадваецца пад сваім хрысціянскім імем — Фёдар... Складаеш усё гэта ў адно — і паўстае перад вачыма незвычайнага размаху постаць! Лепшы сярод язычаскіх князёў, які трансфармуецца ў шчырага хрысціяніна! А галоўнае: усё ўказвае на тое, што гэта менавіта князя Тура — Феадора мы ўшаноўваем як першага ўсходнеславянскага святога пакутніка! Ён адмовіўся аддаць сына свайго Івана кіеўскім жрацам  дзеля прынясення ў ахвяру, навучаў кіяўлян не пакланяцца крыважэрным ідалам, і за тое загінуў ад рук раз’юшаных фанатыкаў.
— Зыходзячы з інфармацыі, выкладзенай у вашай кнізе, з тураўскімі землямі звязана яшчэ адна дзіўная і,  на мой погляд, вельмі цікавая гісторыя  — гісторыя Семярых мудрацоў. Дзе вы чэрпалі звесткі пра іх?
М. Б.: — Ёсць на Тураўшчыне вёска Сямурадцы. Паводле аднаго з народных  паданняў, там жылі сямёра старых вешчуноў, якія судзілі ды радзілі тураўцаў. Маўляў, менавіта гэтыя Сямёра і заклікалі на княжанне да дрыгавічоў малодшага Рагвалодава брата Тура. Аднак усё гэта так і засталося б проста фальклорным сюжэтам, каб не мела паданне пра Семярых нейкага гістарычнага падмацавання. І вось у “Вялесавай кнізе” не толькі пра Семярых напісана, але і пра тое, што людзі лічылі іх сынамі Сварога; што яны “сыходзілі, але заўжды вярталіся” (маецца на ўвазе, што паміралі, а потым з’яўляліся ў іншым целе.
Мы палічылі, што наша тураўскае паданне пра Семярых і звесткі з “Вялесавай кнігі” — кавалкі адной гісторыі. І паспрабавалі аб’яднаць іх.
— У кнізе “Беларусь далетапісная” ёсць раздзел, прысвечаны вандраванню па нашых землях апостала Андрэя Першазваннага.  Наколькі гэта верагодная гісторыя?
М. Б.: — Гэта гісторыя ўзята з летапісаў. Пра вандраванне апостала Андрэя распавядаў летапісец Нестар у “Аповесці мінулых гадоў”. Ён сцвярджаў, што апостал Андрэй узнімаўся ўверх па Дняпры, паставіў драўляны крыж на ўзвышшы, дзе пазней узнік Кіеў, і завітаў у Ноўгарад.
А вось аўтары “Магілёўскай хронікі”, напісанай у сямнаццатым стагоддзі, сцвярджаюць, што апостал спыняўся і там, дзе цяпер Магілёў, благаславіўшы гэтыя мясціны.
На жаль, узгадкі пра нашу гісторыю да Х стагоддзя вельмі ўрывачныя. І часта тое, што захавалася ў старажытных пісьмовых крыніцах, даследчыку няма магчымасці ні пацвердзіць, ні абвергнуць. Застаецца проста збіраць гэтыя каштоўныя звесткі па крупіцах, захоўваць і перадаваць нашчадкам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter