Трывога ў навагоднюю ноч

57 гадоў прайшло — цэлая вечнасць, а помніцца ўсё да дробязей

Мы, маладыя салдаты

Колькі ж часу мінула з тае навагодняй ночы! 57 гадоў — цэлая вечнасць, а помніцца ўсё да дробязей. Восенню 1955 года мяне прызвалі ў армію. Закінулі нас, ціхіх і рахманых хлапцоў з беларускіх вёсак, далёка на поўнач еўрапейскай часткі Расіі — у невялічкі гарадок Валагодскай вобласці. І пачалося няпростае салдацкае жыццё, якое цягнулася доўгія тры гады, такі быў тады тэрмін службы ў Савецкай арміі.

Наша вайсковая часць размяшчалася ў панурых мураваных будынках, вельмі няўтульных, з таўшчэзнымі сценамі. Пры царскім часе, казалі нам, тут была перасыльная турма. Вось яе і прыстасавалі пад салдацкія казармы, у якія нават у доўгі летні і ясны дзень ніколі не зазірала сонца.

Парадак і дысцыпліна ў арміі тады былі выключна строгія. Ажно некалькі месяцаў праходзілі курс маладога байца, і вельмі нацярпеліся мы ад некаторых сяржантаў, якія засталіся на звыштэрміновую службу. Іх яшчэ называлі “макароннікамі”. У большасці сяржантаў не было аніякага жадання звальняцца, бо на цывільнай службе чакала невядомасць, якой вельмі баяліся. Каб выслужыцца перад начальствам і зрабіць сваё аддзяленне перадавым, так нас муштравалі, што вечарам мы ледзьве ногі цягнулі.

А тут яшчэ ў той год выдалася на Валагодчыне надзвычай суровая зіма, іншы раз калючыя маразы ціснулі пад 40 градусаў. Усё роўна пад’ём у шэсць гадзін раніцы, абавязкова фіззарадка на вуліцы. У гімнасцёрцы пры такім марозе вельмі небяспечна, можна адразу схапіць прастуду. Тады ў шынялях “адмахвалі” па пустых вуліцах соннага гарадка паўтара кіламетра, то пешшу, то бягом. Сяржант камандаваў: “Прыкрыць раты рукавіцамі!”

Так і беглі, дыхалі праз рукавіцы, інакш марознае паветра проста апякала рот і горла.

Словам, з нашых ціхіх беларускіх паселішчаў, ад добрых бацькоў трапілі мы ў суровы край. У рукі вопытных сяржантаў, якія надта даражылі сваімі прывычнымі месцамі і паводзілі сябе з маладымі салдатамі, як хацелі, бо ведалі, што ніхто з нас на іх не паскардзіцца.

Я — рэдактар баявога лістка

Камандзіры прыдзірліва дазнаваліся, хто з нас да чаго здольны. У нашай роце ўзнікла праблема з выпускам баявога лістка і насценгазеты, якія тады былі вельмі распаўсюджаны ў Савецкай арміі. Аднойчы я напісаў заметку ў такі баявы лісток, бо падумаў, што няварта тут, у арміі, спыняць сваю творчасць, якая пачалася ў мяне з пятага класа школы, калі раённая газета стала друкаваць мае допісы.

Камандзір роты прачытаў тую маю заметку і так ацаніў творчыя здольнасці: “Будзеш рэдактарам ротнага баявога лістка, выпуск яго — кожны тыдзень”.

Ну што мне заставалася — выконваць загад, і ніякіх слоў. Лісток рабіў, наколькі дазвалялі армейскія законы, з выдумкай. Нават змяшчаў у ім свае вершы, калі іх можна так назваць.

Хутка пайшоў на павышэнне: мяне назначылі рэдактарам ротнай насценгазеты. Новая “пасада” мне была вельмі па душы, работа падабалася, насценгазету выпускаў з вялікай ахвотай і задавальненнем, кожны яе нумар у нашай роце выклікаў цікавасць.

“Прыдумай патрыятычны верш”

І вось пярэдадзень новага 1956 года. У казарме, вакол яе салдаты наводзяць адмысловы парадак — падмятаюць, чысцяць, мыюць і гэтак далей. Сяржанты асабліва прыдзірлівыя, калі штосьці зроблена абы-як, — і салдат, і камандзір аддзялення атрымаюць такі наганяй, а то і нарад без чаргі. Мяне адразу пасля снядання камандзір роты выклікаў у свой кабінет і строга загадаў без ніякай лірыкі:

— Сядай за гэты стол, выпускай насценгазету. Калі за дзень не паспееш, працуй і вечарам, пакуль яна не будзе гатова. Дзяжурнаму па роце скажу, каб заўтра раніцай цябе разам з усімі не паднімалі, на фіззарадку не пойдзеш, паспіш да снядання, а калі захочаш, і ўдзень. Паколькі нумар насценгазеты навагодні, абавязкова прыдумай верш. Толькі не абы-які, а патрыятычны.

Не буду расказваць, як выконваў гэты загад. Работа для мяне знаёмая, па душы, матэрыялаў хапала, і я цалкам быў захоплены творчасцю. Вось толькі горш з вершам, якая ні ёсць, а ўсё ж паэзія, тым больш патрыятычная. Карацей, з вершам пачаліся творчыя пакуты, на яго патраціў шмат часу. Усё ж нарадзілася некалькі радкоў, якія памятаю і цяпер, праз 57 гадоў! Яны былі пра ваенную прысягу: “У знамени я // Перед строем стою // И клятву на верность // Отчизне даю. // Клянусь я тебе, // Наша Родина-мать, // Что буду я с честью // Тебя защищать. // Чтоб мирно народ наш // Трудился и жил, // Твои охраняем // Теперь рубежи”.

“Трывога! Пад’ём!”

Насценгазета была гатовая а палове другой гадзіны ночы. Я пакінуў яе на стале ў кабінеце камандзіра роты, усё прыбраў і хутчэй на свой ложак. Заснуў адразу ж. Не ведаю, колькі паспаў, але прачнуўся ад гучнай каманды: “Трывога! Пад’ём!”. Казарму заліло святлом, салдаты імгненна — ужо навучыліся! — саскоквалі са сваіх ложкаў, апраналіся і бягом у строй. Я таксама разам з усімі, не буду ж тлумачыць дзяжурнаму афіцэру, што ротны камандзір дазволіў мне спаць да снядання. Ды і ніхто з нас не ведае, чаму раптам сярод ночы “сыгралі” трывогу.

Перад нашым строем ужо стаіць дзяжурны афіцэр, і вось што ад яго чуем. У дарозе, кіламетраў за 40 ад гэтага гарадка, загрузлі ў снезе шэсць нашых машын. Мы выязджаем на месца і будзем іх выцягваць. На вуліцы мяцеліца, з кожнай хвілінай машыны ўсё больш заносіць снегам, таму неадкладна бяром рыдлёўкі — і ў кузаў газіка, які ўжо заведзены і стаіць каля казармы.

Выцягваем машыны

Грузімся ў кузаў, абцягнуты брызентам.

Можна ўявіць сабе, у які “камфорт” трапілі пасля цёплай пасцелі. Сядзім, цесна прытуліўшыся адзін да аднаго, вецер шкуматае брызент, калючы снег залятае ў кузаў, навокал цемень. Настрой у салдат — горш не трэба, вось табе і навагодняя ноч.

Прыехалі і бачым: стаяць у снезе нашы машыны без аніякага руху, толькі фары ўключаны. Тут якраз адкрытая мясцовасць, вецер гуляе, як шалёны, замяло дарогу, нам снегу па калена. Па камандзе ўпіраемся ў першую машыну з бакоў, ззаду — штурхаем яе, трэба як мага хутчэй “прасунуць” з адкрытага месца да невялікага пералеску наперадзе. Там цішэй і менш снегу. Вадзіцель дае газ, уключае скорасць то пярэднюю, то заднюю. Калёсы слізгаюць, машыну заносіць убок, мы валтузімся ля яе, трымаем амаль на руках, толькі б не “злезла” ў канаву. Мы ўсе ў снезе, работа небяспечная, паслізнешся — можаш трапіць пад кола машыны.

Неяк дапіхалі ў пералесак першую машыну, прыняліся за другую. Без ніякага перадыху, толькі і чуем каманду афіцэра: “Разам узялі, раз, два, тры! Дружней, дружней! Не сачкаваць!” Ужо развіднела, снег перастаў ісці, але ж здорава бярэцца мароз. Нарэшце ўся калона ў пералеску, яна паволі рухаецца, мы ў нашым газіку трымаемся ззаду. Раз-пораз якая-небудзь машына бездапаможна слізгае коламі, і мы выскокваем з нашага газіка, каб яе падштурхнуць. Так кіламетр за кіламетрам адольваем гэтую злашчасную дарогу.

Усе абмарозіліся

У казарму прыбылі ледзь жывыя, мокрыя з галавы да ног. Ніхто з нас не пайшоў у сталоўку — хутчэй у ложак, каб сагрэцца ды заснуць. Праз некаторы час я адчуў, што нехта штурхае мяне ў бок. Адкрываю вочы і бачу перад сабой нашага сяржанта. “Пакажы ўвесь твар”, — кажа. Адчуваю, што баляць мае шчокі, падбародак, нос. “Ну вось і цябе здорава прыхапіла, — цяжка ўздыхае сяржант. — Усе дванаццаць чалавек абмарозіліся”.

Адразу прыбыў дзяжурны афіцэр. Прынеслі нейкі крэм, і мы пачалі густа мазаць свае твары. Пад вечар боль нясцерпны, здаецца, твар ажно разрываецца. А раніцай наступнага дня глядзім адзін на аднаго і здзіўляемся: у кожнага твар чорны, быццам яго апякло. Некалькі дзён мы нікуды не выходзілі з казармы, толькі бягом у сталоўку.

Падзяка за насценгазету

Праўда, мне было крыху лягчэй, чым іншым, у маральным плане. Мая насценгазета на аглядзе заняла першае месца ў часці. Камандзір роты ажно свяціўся ад задавальнення. Падзякаваў мне і сказаў:

— Твой верш у насценгазеце вельмі спадабаўся камандзіру часці. Я нездарма казаў, што абавязкова трэба нешта патрыятычнае. Вось як добра атрымалася.

Для мяне ж у той час гэтае “добра” было перамешана з болем: пёк мой абмарожаны твар. Але я цярпеў, салдат усё ж, хоць яшчэ і малады. Вось якая бываліца ў тую навагоднюю ноч здарылася ў маім жыцці — “патрыятычная” ва ўсіх адносінах, лепш і не прыдумаеш. Затое 57 гадоў яе памятаю, а гэта, як кажуць, дорага каштуе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter